Ераміі 24 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

ГОСПАД паказаў мне, і вось, два кашы фігаў пастаўлены перад сьвятыняй ГОСПАДА пасьля таго, як Навухаданосар, валадар Бабілонскі, вывеў з Ерусаліму Ехонію, сына Егаякіма, валадара Юды, і рамесьнікаў, і кавалёў, і завёў іх у Бабілон.
 
Госпад паказаў мне: вось жа два кашы, поўныя фігаў, пастаўлены перад святыняй Госпада, пасля таго, як Набукаданосар, цар Бабілонскі, вывеў з Ерузаліма Ёахіна, сына Ёакіма, цара Юды, а таксама князёў яго, таксама каваля і залатара, ды прывёў іх у Бабілон.

У адным кашы фігі вельмі добрыя, фігі раньнія, а ў другім кашы фігі вельмі кепскія, якія нельга есьці, бо яны сапсутыя.
 
Адзін кош змяшчаў вельмі добрыя фігі, якімі звычайна бываюць раннія фігі, другі ж кош змяшчаў фігі благія, такія нядобрыя, што немагчыма было іх есці.

І сказаў мне ГОСПАД: «Што ты бачыш, Ярэмія?» І я сказаў: «Фігі. Фігі добрыя, вельмі добрыя, і кепскія, вельмі кепскія, якія нельга есьці, бо яны сапсутыя».
 
І сказаў мне Госпад: «Што ты бачыш, Ярэмія?» Я адказаў: «Фігі. Фігі адборныя, вельмі добрыя, і благія, вельмі нядобрыя, якія немагчыма есці, бо яны благія».

І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
 
І было слова Госпада да мяне, якое казала:

«Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Як на гэтыя фігі добрыя, так Я гляджу на выгнанцаў Юды, якіх Я выслаў з месца гэтага ў зямлю Халдэйцаў, дзеля дабра [для іх].
 
«Вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Як гэтыя фігі — добрыя, такімі ж Я прызнаю перасяленцаў Юдэі, якіх выслаў Я з гэтага месца ў зямлю халдэяў, на дабро.

І Я зьвярну вочы Мае на іх дзеля дабра іхняга, і вярну іх у зямлю гэтую, і адбудую іх, і не зруйную, і пасаджу іх, і ня вырву.
 
І Я скірую вочы Свае на іх спагадна, і вярну іх у гэтую зямлю, і адбудую іх — і не буду руйнаваць, і насаджу іх — і не буду выкараняць.

І дам ім сэрца, каб ведалі Мяне, што Я — ГОСПАД, і яны будуць для Мяне народам, а Я буду для іх Богам, бо яны навернуцца да Мяне ўсім сэрцам сваім.
 
І дам ім сэрца, каб ведалі, што Я — Госпад; і будуць яны Мне народам, а Я ім буду Богам, бо яны навернуцца да Мяне ўсім сэрцам сваім.

І як фігі кепскія, якія нельга есьці, бо яны сапсутыя, кажа ГОСПАД, так Я аддам Сэдэкію, валадара Юды, і князёў ягоных, і рэшту Ерусаліму, тых, якія засталіся ў зямлі гэтай, і жыхароў зямлі Эгіпецкай,
 
А як з благімі фігамі, якіх есці не можна, таму што ліхія, — гэта кажа Госпад, — так Я зраблю з Сэдэцыем, царом Юдэйскім, і князямі яго ды з рэштаю Ерузаліма, якая засталася на гэтай зямлі і якая жыве на зямлі Егіпецкай.

аддам іх на страхоцьце і на ліхоцьце для ўсіх валадарстваў зямлі, на ганьбу і на показку, на пасьмешышча і на праклён на ўсякім месцы, куды Я выганю іх.
 
Я зраблю з іх страхоцце і няшчасце для ўсіх царстваў зямлі, на ганьбу і ў прыказку, на пасмяянне і праклён на ўсіх месцах, куды Я выкідваю іх.

І Я пашлю на іх меч, голад і пошасьць, пакуль яны ня будуць зьнішчаныя з аблічча зямлі, якую Я даў ім і бацькам іхнім».
 
І пашлю на іх меч, голад і заразу, пакуль не прападуць з аблічча зямлі, якую даў Я ім і бацькам іх”».