Ераміі 30 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Слова, якое было ад ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:
Слова, якое было Ярэміі ад Госпада, што казала:
«Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Напішы ў кнізе ўсе словы, якія Я прамовіў да цябе.
«Вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля, кажучы: “Запішы для сябе ў кнізе ўсе словы, якія Я сказаў табе.
Бо вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я вярну з выгнаньня народ Мой, Ізраіля і Юду, кажа ГОСПАД, і прывяду іх у зямлю, якую Я даў бацькам іхнім, і яны возьмуць яе на ўласнасьць».
Бо вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я змяню лёс народа Майго, Ізраэля і Юды, — кажа Госпад, — і вярну іх зноў у зямлю, якую Я даў бацькам іх, і возьмуць яны яе ва ўласнасць”».
А гэта словы, якія прамовіў ГОСПАД да Ізраіля і Юды:
А гэта словы, якія сказаў Госпад Ізраэлю і Юдзе:
«Гэта кажа ГОСПАД. Пачулі мы голас страху і трывогі, і няма супакою.
Бо гэта кажа Госпад: «Пачулі вы голас страху, трывога, няма супакою.
Спытайцеся, прашу, і паглядзіце, ці можа нараджаць мужчына? Чаму ж Я бачу ўсіх мужчынаў з рукамі на сьцёгнах іхніх, як у той, якая нараджае, і ўсе абліччы зьбялелі?
Распытайце і паглядзіце: ці можа нараджаць мужчына? Чаму ж бачу руку кожнага мужчыны на клубах яго, быццам парадзіхі, ды змяніліся ўсе твары, як ад жаўтачкі?
Гора, бо вялікі той дзень, няма падобнага яму! Будзе гэта час прыгнёту Якуба, але ён будзе збаўлены ад яго.
О які вялікі той дзень, няма падобнага яму! Гэта час прыгнёту Якуба, але ён будзе вызвалены з яго.
І будзе ў той дзень, кажа ГОСПАД, Я скрышу ярмо на шыі іхняй і путы іхнія парву, і ня будуць больш зьневаляць яго чужынцы.
І будзе: у той дзень, — кажа Госпад Магуццяў, — Я скрышу ярмо з шыі тваёй і путы твае разарву, і не будуць больш валадарыць над ім чужынцы.
І будуць яны служыць ГОСПАДУ, Богу свайму, і Давіду, валадару свайму, якога Я пастаўлю для іх.
Але будуць служыць яны Госпаду, Богу свайму, і Давіду, цару свайму, якога Я пастаўлю ім.
А ты ня бойся, слуга Мой, Якуб, кажа ГОСПАД, і не палохайся, Ізраіль, бо вось, Я вызвалю цябе з [зямлі] далёкай і насеньне тваё — з зямлі палону іхняга. І вернецца Якуб, і адпачне, і будзе ў бясьпецы, і ніхто ня будзе трывожыць [яго].
Дык не бойся, слуга Мой, Якуб, — кажа Госпад, — не палохайся, Ізраэль, бо вось, Я вызвалю цябе з зямлі далёкай і патомства тваё з зямлі палону іх, і вернецца Якуб, і адпачне, і бяспечны будзе, і не будзе каго яму баяцца,
Бо Я з табою, кажа ГОСПАД, каб збавіць цябе. Бо Я зраблю канец усім народам, сярод якіх Я расьцярушыў цябе, але табе не зраблю канца, аднак пакараю цябе паводле суду і не пакіну цябе без пакараньня.
бо Я з табою, — кажа Госпад, — каб збавіць цябе. Бо Я прыгатую знішчэнне ўсім народам, па якіх Я рассеяў цябе; але цябе не аддам на знішчэнне, пакараю, аднак, цябе па законе і не пашкадую цябе, быццам бязгрэшнага».
Бо гэта кажа ГОСПАД: “Невылечны пералом твой, незагойная рана твая,
Бо гэта кажа Госпад: «Невылечнае калецтва тваё, страшэнная рана твая;
няма таго, хто рупіцца пра справу тваю, няма лекаў для раны, каб вылячыць цябе.
ніхто не рупіцца пра тваю справу; няма лекаў, каб цябе вылечыць.
Усе, што любілі цябе, забыліся пра цябе, і не шукаюць цябе, бо Я ўдарыў цябе ўдарам варожым, жудаснай карай за шматлікія беззаконьні твае, бо памножыліся грахі твае.
Усе палюбоўнікі твае забыліся пра цябе і не звяртаюцца да цябе, бо Я нанёс табе паразу, як ворагу, жорсткім пакараннем дзеля мноства правін тваіх, бо цяжкімі сталіся твае грахі.
Чаго ты крычыш пра пералом твой? Невылечны боль твой. За шматлікія беззаконьні твае і [за тое,] што памножыліся грахі твае, Я зрабіў гэта табе.
Чаго ты крычыш дзеля раны тваёй? Невылечны боль твой. Дзеля мноства правін тваіх і дзеля цяжкіх грахоў тваіх зрабіў Я гэта табе.
Дзеля гэтага ўсе, што зьядаюць цябе, самі будуць зьедзеныя, і ўсе прыгнятальнікі твае пойдуць у няволю, і тыя, што нішчылі цябе, стануцца здабычай, і ўсіх, што рабавалі цябе, Я аддам на рабаваньне.
Дзеля таго ўсе, што праглынаюць цябе, самі будуць з’едзены, а ўсіх ворагаў тваіх павядуць у няволю, і тыя, што нішчылі цябе, самі будуць знішчаны, а ўсіх рабаўнікоў тваіх Я аддам на рабунак.
Бо Я вярну здароўе тваё і аздараўлю цябе ад ранаў тваіх, кажа ГОСПАД, бо “адкінутым”, “якога ніхто не шукае”, назвалі цябе, Сыёне.
Я вылечу калецтва тваё і аздараўлю цябе ад ранаў тваіх, — кажа Госпад, — бо “адкінутым” назвалі цябе, гэтым Сіёнам, пра якога не было каму рупіцца.
Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я зноў вярну з няволі намёты Якуба і зьлітуюся над сялібамі ягонымі. І будзе адбудаваны горад на ўзгорку сваім, і палац будзе стаяць на месцы сваім.
Гэта кажа Госпад: “Вось, Я зноў вярну лёс палатак Якуба і з’яўлю міласэрнасць для паселішчаў яго, і адбудуецца горад з руін яго, і палац будзе стаяць на сваім месцы.
І выйдзе з яго падзяка і голас тых, якія радуюцца, і Я памножу іх, і ня будуць зьмяншацца, і Я праслаўлю іх, і ня будуць пагарджаныя.
І загучыць адтуль хвала і галасы, поўныя радасці, і Я памножу іх, і не паменшаюць, і праслаўлю іх, і не будуць у пагардзе.
І будуць сыны ягоныя як даўней, і сход ягоны будзе моцны перад абліччам Маім, і Я наведаю ўсіх, якія ўціскаюць яго.
І будуць сыны яго, як на пачатку, і сход яго будзе стаяць перада Мною, і Я пакараю ўсіх, што трывожаць яго.
І будзе з яго Магутны ягоны, і Пан ягоны паўстане спасярод яго. І Я набліжу яго да Сябе, і ён наблізіцца да Мяне, бо хто ёсьць той, хто адважыцца ў сэрцы сваім наблізіцца да Мяне? — кажа ГОСПАД.
І князь яго выйдзе з яго, і валадар паўстане спасярод яго. І Я прыгарну яго, і ён наблізіцца да Мяне, бо хто ёсць той, хто дасць у заклад сэрца сваё, каб наблізіцца да Мяне? — кажа Госпад. —
І вы будзеце для мяне народам, а Я буду для вас Богам.
І будзеце вы Мне народам, а Я буду вам Богам”».
Вось, віхура ад ГОСПАДА, гнеў [Ягоны] прыходзіць, віхура страшэзная спадзе на галовы бязбожнікаў.
Вось віхура ад Госпада, гнеў падымаецца, шалёная бура; спадзе яна на галовы бязбожнікаў.
Ня спыніцца полымя гневу ГОСПАДА, пакуль Ён ня споўніць і ня зьдзейсьніць намераў сэрца Свайго. У апошнія дні зразумееце гэта.
Не спыніцца абурэнне гневу Госпадава, пакуль Ён не здзейсніць і не споўніць намераў сэрца Свайго. У апошнія дні зразумееце гэта.