Другі закон 3 разьдзел

Другі закон
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І мы зьвярнулі, і пайшлі шляхам на Башан; і выйшаў Ог, валадар Башану, супраць нас, ён і ўвесь народ ягоны, на вайну ў Эдрэі.
 
Потым мы павярнулі і пайшлі дарогай на Басан; і выступіў Ог, цар Басана, насустрач нам з усім сваім народам ваяваць каля Эдраі.

І сказаў ГОСПАД мне: “Ня бойся яго, бо Я выдаў у рукі твае яго, і ўвесь народ ягоны, і зямлю ягоную, і ты зробіш яму тое, што зрабіў Сыгону, валадару Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне”.
 
Госпад сказаў мне: “Не бойся яго, бо Я аддаў яго ў рукі твае з усім народам і зямлёй яго; зробіш ты яму тое, што зрабіў Сэгону, цару амарэяў, які жыў у Хесебоне”.

І аддаў ГОСПАД, Бог наш, у рукі нашыя таксама Ога, валадара Башану, і ўвесь народ ягоны, і вынішчылі мы яго так, што ніхто не ацалеў.
 
І аддаў Госпад, Бог наш, у рукі нашы Ога, цара Басана, і ўвесь народ яго, і вынішчылі мы яго так, што ніхто не ўцалеў.

І здабылі мы ўсе гарады ягоныя ў той час, і не засталося гораду, які б мы не занялі, шэсьцьдзясят гарадоў, увесь абшар Аргоб, валадарства Ога ў Башане.
 
У той час захапілі мы ўсе яго гарады, і не было горада, які б пазбегнуў нас: шэсцьдзесят гарадоў, увесь абшар Аргоба, царства Ога ў Басане.

Усе гэтыя гарады былі ўмацаваныя мурамі высокімі, і брамамі, і заваламі, ня лічачы шматлікіх гарадоў адкрытых.
 
Усе гарады былі ўмацаваныя вельмі высокімі мурамі, і брамамі, і заваламі, не лічачы многіх гарадоў, што не мелі муроў.

І палажылі мы закляцьце на іх, як зрабілі Сыгону, валадару Хешбону, аддаючы закляцьцю ўсе гарады, мужчынаў, і жанчынаў, і дзяцей,
 
І аддалі мы іх праклёну, як зрабілі Сэгону, цару Хесебона, знішчаючы кожны горад, мужчын, і жанчын, і дзяцей,

а ўсю жывёлу і здабычу з гарадоў мы пакінулі сабе.
 
а жывёлу і здабычу з гарадоў забіралі сабе.

І ўзялі мы ў той час зямлю з рук двух валадароў Амарэйскіх, якія жылі за Ярданам, ад ручая Арнон аж да гары Гермон.
 
У той час узялі мы зямлю з рук двух цароў амарэйскіх, якія жылі за Ярданам, ад ручая Арнон аж да гары Гэрмон.

Сідонцы называюць Гермон Сырыёнам, а Амарэйцы называюць яго Сэнірам.
 
Сідонцы называюць Гэрмон Сірыёнам, а амарэі — Сэнірам.

Усе гарады на раўніне, увесь Гілеад і ўвесь Башан аж да Сальхі і Эдрэі, гарады валадарства Ога ў Башане,
 
Усе гарады на раўніне, ды ўсю зямлю Галаад і Басан аж да Сальхі і Эдраі, гарадоў царства Ога ў Басане,

бо Ог, валадар Башану, быў апошні з Рэфаімаў. Вось, дамавіна ягоная, дамавіна жалезная знаходзіцца ў Раббе сыноў Амона; дзевяць локцяў даўжыня яе, і чатыры локці шырыня яе меркаю локця чалавечага.
 
бо толькі Ог, цар Басана, быў апошні з рэфаімаў. Можна пабачыць яго жалезнае ложа. Хіба яно не ў Рабе, у сыноў Амона? Яно мае дзевяць локцяў даўжыні і чатыры — шырыні, меркаю локця мужчынскай рукі.

І ўзялі мы на ўласнасьць у той час усю зямлю гэтую ад Араэру, які над ручаём Арнон, і палову гары Гілеад, і гарады іхнія я даў [сынам] Рубэна і Гада.
 
І ўзялі мы ва ўласнасць у той час гэтую зямлю ад Араэра над ручаём Арнон аж да паловы гары Галаад; і гарады яе аддаў я [пакаленням] Рубэна і Гада.

А рэшту Гілеаду і ўвесь Башан, валадарства Ога, я даў палове калена Манасы, увесь абшар Аргоб. А ўвесь Башан называўся зямлёй Рэфаімаў.
 
Рэшту Галаада і ўвесь Басан, царства Ога, даў я палове пакалення Манасы, увесь абшар Аргоба; увесь гэты прастор Басана называецца зямлёю рэфаімаў.

Яір, сын Манасы, узяў увесь абшар Аргоб аж да мяжы [сыноў] Гешура і Мааха, і назваў яго імем сваім. І да сёньня [называюць гэтую частку] Башану Хавот-Яір.
 
Яір, сын Манасы, здабыў увесь абшар Аргоба аж да межаў Гэсура і Мааха; і назваў іх сваім імем “Басан Гавот Яір” (гэта значыць паселішчы Яіра), так і да сённяшняга дня.

А Махіру я даў Гілеад.
 
Махіру я даў Галаад,

І [сынам] Рубэна і Гада я даў [зямлю] ад Гілеаду аж да ручая Арнон, сярэдзіну ручая і мяжу, і аж да ручая Ябок, які ёсьць мяжою сыноў Амона,
 
а пакаленням Рубэна і Гада даў частку зямлі Галаада аж да ручая Арнон, сярэдзіну ручая як мяжу аж да ручая Ябок, якая ёсць мяжою сыноў Амона,

і Арабу, і Ярдан як мяжу ад Кінэрэту да мора Арабы, Мора Салёнага каля падножжа гары Пісга на ўсход.
 
і яшчэ Арабу з Ярданам як межы ад Кінэрэта да мора Арабы, якое ёсць морам Салёным ля падножжа гары Пісга на ўсход.

І я загадаў вам у гэты час, кажучы: “ГОСПАД, Бог ваш, даў вам зямлю гэтую на ўласнасьць; а вы ўсе, здатныя да бою, пойдзеце ўзброеныя перад абліччам братоў вашых, сыноў Ізраіля.
 
У гэты час даў я вам гэткі загад, кажучы: “Госпад, Бог ваш, даў вам гэтую зямлю ва ўласнасць; дык вы ўсе, здатныя да бою, пойдзеце, узброеныя, наперадзе братоў вашых, сыноў Ізраэля,

Толькі жонкі вашыя, дзеці вашыя і статкі вашыя, — бо ведаю, што маеце вялікія статкі, — застануцца ў гарадах вашых, якія я даў вам,
 
толькі без жонак, дзяцей і жывёлы. Я ведаю, што вы маеце вялікія статкі, дык яны павінны будуць застацца ў гарадах, якія я вам аддаў,

аж пакуль ГОСПАД дасьць супачынак братам вашым, як даў вам, і яны возьмуць на ўласнасьць зямлю, якую ГОСПАД, Бог ваш, дае вам на тым баку Ярдану; і кожны вернецца да ўласнасьці сваёй, якую я даў вам”.
 
аж пакуль Госпад дасць супачынак братам вашым, як вам даў, ды аж пакуль і яны атрымаюць ва ўласнасць зямлю, якую Госпад, Бог ваш, мае даць ім за Ярданам; тады кожны вернецца да ўласнасці сваёй, якую я даў вам”.

У той час я загадаў Егошуа, кажучы: “Вочы твае бачылі ўсё, што зрабіў ГОСПАД, Бог ваш, двум валадарам гэтым. Так зробіць ГОСПАД усім валадарствам, да якіх ты прыйдзеш.
 
У той час загадаў я Ешуа, кажучы: “Твае вочы бачылі, што зрабіў Госпад, Бог ваш, двум гэтым царам; так зробіць Ён усім царствам, да якіх ты маеш прыйсці.

Ня бойся іх, бо ГОСПАД, Бог ваш, будзе ваяваць за вас”.
 
Не бойся іх: бо Госпад, Бог ваш, будзе ваяваць за вас”.

І маліў я ў той час ГОСПАДА, кажучы:
 
Маліў я ў той час Госпада, кажучы:

“Госпадзе ГОСПАДЗЕ, Ты пачаў слузе Твайму аб’яўляць веліч Тваю і руку Тваю магутную. Які ж бог на небе або на зямлі зрабіў такія справы і чыны магутныя?
 
“Госпадзе Божа, Ты пачаў Свайму слузе аб’яўляць Сваю веліч і руку магутную. Які ж ёсць іншы бог на небе або на зямлі, які б здолеў выканаць справы Твае і прыпадобніцца да магутнасці Тваёй?

Дазволь мне, калі ласка, перайсьці і ўбачыць тую добрую зямлю за Ярданам, тыя добрыя горы і Лібан”.
 
Дык дазволь мне прайсці і ўбачыць тую найлепшую зямлю за Ярданам, і гару тую выдатную, і Лібан”.

Але разгневаўся ГОСПАД на мяне з-за вас, і ня выслухаў мяне, і сказаў ГОСПАД мне: “Досыць, больш не гавары Мне пра гэта.
 
Але разгневаўся Госпад на мяне з-за вас і не выслухаў мяне, але сказаў мне: “Хопіць табе, больш ніколі не гавары Мне пра гэта.

Узыйдзі на вяршыню [гары] Пісга і скіруй вочы свае на захад і на поўнач, на поўдзень і на ўсход, і агледзь вачыма сваімі, бо гэтага Ярдану ты не пяройдзеш.
 
Узыдзі на вяршыню Пісгі і паглядзі вачамі сваімі на захад і поўнач, поўдзень і ўсход, і агледзь [усё], бо гэтага, вось, Ярдана ты не пяройдзеш.

І загадай Егошуа, і падбадзёр яго, і падтрымай яго, бо ён пяройдзе наперадзе народу гэтага і дасьць Ізраілю ў валоданьне тую зямлю, якую ты ўбачыш”.
 
Загадай Ешуа, і падбадзёр яго, і падтрымай, бо ён пойдзе наперадзе гэтага народа і падзеліць для іх зямлю, якую ты маеш убачыць”.

І былі мы ў даліне насупраць Бэт-Пэору.
 
Так былі мы ў даліне насупраць Бэт-Пэгора.