Ераміі 15 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І сказаў імне СПАДАР: «Хоць бы стаў Масей а Самуйла перад відам Маім, то й тады душа Мая ня будзе з гэтым людам; адашлі іх ад віду Майго, няхай адыймуць.
 
І сказаў Госпад мне: «Калі б нават Майсей і Самуэль сталі перада Мною, душа Мая не з гэтым народам! Выгані іх ад аблічча Майго, няхай ідуць прэч!

А калі яны скажуць табе: "Куды нам ісьці?" дык скажы ім: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Хто апанаваны на сьмерць, няхай ідзець на сьмерць; хто пад меч, — пад меч; хто на голад, — на голад; і хто ў палон, — у палон’".
 
А калі табе скажуць: “Куды пойдзем?”, адкажаш ім: гэта кажа Госпад: “Хто на смерць — на смерць, хто пад меч — пад меч, хто на голад — на голад, хто ў няволю — у няволю”.

І даведаюся да іх чатырма родамі, — агалашае СПАДАР: — мячом забіваць, сабакамі ірваць, птушкамі нябёснымі й зьвярмі земнымі, каб жэрці а нішчыць.
 
І Я дапушчу на іх чатыры віды, — кажа Госпад, — меч, каб забіваў; сабак, каб разрывалі; птушак паднебных і звяроў зямных, каб жэрлі і нішчылі.

І Я аддам іх на дрыжэньне да ўсіх каралеўстваў зямлі за Манаса Гэзэчонка, караля Юдэйскага, за тое, што ёв зрабіў у Ерузаліме;
 
І аддам іх на абурэнне ўсім царствам зямлі дзеля Манасы, сына Эзэкіі, цара Юдэйскага, за ўсё тое, што ён учыніў у Ерузаліме.

Бо хто пажалее цябе, Ерузаліме, альбо хто будзе спагадаць табе? альбо хто зьвернецца да цябе з пытаньням: "Як маецеся?"
 
Хто ж бо злітуецца над табою, Ерузалім? Або хто паспачувае табе? Хто падыдзе, каб запытацца, як табе вядзецца?

Ты пакінуў Мяне, — кажа СПАДАР, — пайшоў назад; за тое Я выцягнуў руку Сваю на цябе, і зьнішчу цябе: Я прыстаў жалець.
 
Ты ж Мяне адкінуў, — кажа Госпад, — адышоў назад. І Я выцягнуў руку Маю над табою ды знішчыў цябе. Стаміўся Я літаваць!

І Я разьвею іх веялкаю па брамах зямлі, спабуду іх дзяцей, зьнішчу люд Свой; бо яны не зьвярнуліся з дарогаў сваіх.
 
Я адвеяў іх веялкай у брамах зямлі; пазбавіў патомства ды выгубіў Свой народ, але яны не вярнуліся са шляхоў сваіх!

Удоваў іхных у Мяне болей, чымся пяску морскага; Я прывяду на маткі маладзёнаў зьнішчэньне ў палудзень, ўчыню, каб напалі на іх зьнецікі гнеў а спалох.
 
Удоў іх у Мяне стала больш, чым пяску ў моры. Я прывёў на іх і на мацерак ваяра, нішчыцеля апоўдні; наслаў на іх раптоўна трывогу і жах.

Тая, што нарадзіла сямёра, скволела, выдыхнула дух свой; сонца зайшло яшчэ ўдзеяь; засарамочаная а паганбеная. І засталых ізь яе аддам пад меч перад непрыяцельмі іхнымі», — агалашае СПАДАР.
 
Самлела тая, што сямёра нарадзіла, аддала душу сваю. Зайшло яе сонца, хоць яшчэ дзень быў, ахапіў яе сорам і пачырванела. А рэшткі іх Я аддам пад меч на віду ворагаў іх», — кажа Госпад.

Бяда імне, маці мая, што ты нарадзіла мяне чалавекам пярэчыстым а супорлівым з усёй зямлёю. Нікому не пазычаў я на працэнты, і ні ў кога не пазычаў на працэнты, але кажны зь іх мяне клінець.
 
«Гора мне, маці мая, што мяне нарадзіла, бо нарадзіла ты мяне, чалавека звадкі і чалавека нязгоды на ўсёй зямлі! Не пазычаю і не даю нікому пазыкі, але ўсе мяне праклінаюць.

СПАДАР сказаў: «Ці не пакінуў Я цябе на дабро і ці ня буду Я прычыняцца за цябе ў часе ліхім і ў часе ўціску перад непрыяцелям тваім?
 
Сапраўды, Госпадзе, я служыў Табе добра, заступаўся перад Табою за ворага ў час бяды і ў час трывогі.

Ці можа зялеза патрышчыць паўночныя зялеза а медзь?
 
Ці ж крышыцца жалезам жалеза з поўначы і медзь?»

Маемасьць тваю а скарбы твае Я аддам на глабаньне дарма, за ўсі грахі твае ў вусіх граніцаў тваіх.
 
«Багацце тваё і скарбы твае Я аддам на рабунак без платы, дзеля ўсіх грахоў тваіх па ўсіх межах тваіх.

І перавяду варагоў тваіх да зямлі, каторае ты ня знаеш; бо цяпло, што ўгарэлася ў гневе Маім, будзе паляць на вас».
 
Ды аддам цябе служыць ворагам тваім у зямлю, якой не ведаеш, гнеў бо Мой загарэўся агнём і будзе над вамі гарэць».

Ты знаеш, СПАДАРУ: успомні мяне і даведайся да мяне, і памсьці перасьледаваньнікам маім за мяне. У даўгой цярплівосьці Сваёй не забірай мяне, ведай, што меў я вярненьне за Цябе.
 
«Ты ведаеш, Госпадзе, дык памятай пра мяне і наведай мяне і адпомсці за мяне тым, якія пераследуюць мяне; не забірай мяне паводле цярплівасці Сваёй, ведай, што дзеля Цябе цярплю я ганьбу.

Знойдзены словы Твае, і я ізьеў іх; і былі імне словы Твае радасьцяй а пацехаю сэрца майго; бо я названы імям Тваім, СПАДАРУ, Божа войскаў!
 
Адкрыліся словы Твае, і праглынуў я іх, і сталася слова Тваё мне на радасць ды на пацеху сэрца майго, бо прызывана імя Тваё нада мною, Госпадзе, Божа Магуццяў.

Я не сядзеў у збору насьміханьнікаў ані весяліўся; з прычыны рукі Твае я сядзеў адзінотным, бо Ты напоўніў мяне абурэньням.
 
Не сядзеў я на сходзе кпліўцаў і не хваліўся, а сядзеў я адзін пад рукой Тваёй, бо Ты напоўніў мяне гневам.

Чаму боль мой кажначасны, і рана мая невылячальная, не паддаецца гаеньню? Ці Ты будзеш імне як зводны цурэй, як воды няпэўныя?
 
Чаму боль мой стаўся бязмежным, а рана мая безнадзейная, адмаўляецца лячыцца? Стаўся Ты мне як ручай падманны, як воды ненадзейныя».

На гэта адказаў СПАДАР: «Калі ты навернешся, тады Я ізноў прывярну цябе, ты будзеш стаяць перад Імною; і калі ты вылучыш дарагое зь бескарысьця, ты будзеш як Мае вусны; яны зьвернуцца да цябе, але ня ты зьвернешся да іх.
 
Таму вось што кажа Госпад: «Калі ты навернешся, Я навярну цябе, і ты станеш перад абліччам Маім; а калі аддзеліш каштоўнае ад нікчэмнага, будзеш, як вусны Мае. Тады яны самі звернуцца да цябе, а ты не будзеш звяртацца да іх.

І Я зраблю цябе супроці гэтага люду абароннаю мядзянаю сьцяною; яны будуць ваяваць із табою, але ня здолеюць цябе; бо Я з табою, спасаць цябе і ратаваць цябе, — агалашае СПАДАР. —
 
І Я зраблю цябе для гэтага народа моцным медным мурам, і будуць яны ваяваць супраць цябе, і не перамогуць, бо Я з табою, каб збаўляць і ратаваць цябе, — кажа Госпад. —

І выбаўлю цябе з рукі нягодных, і адкуплю цябе з рукі страшных».
 
І Я вызвалю цябе з рук ліхотнікаў і збаўлю цябе з рук гвалтаўнікоў».