Езэкііля 6 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І было слова СПАДАРОВА да мяне, кажучы:
 
І прамовіў да мяне Госпад, кажучы:

«Сыну людзкі, зьвярні від свой да гораў Ізраелявых і праракай ім,
 
«Сын чалавечы, звярні аблічча сваё на горы Ізраэля, і праракуй супраць іх,

І скажы: "Горы ізраельскія, слухайце словы Спадара СПАДАРА: гэтак кажа Спадар СПАДАР горам а ўзгоркам, цур’ём а далінам: ’Гля, Я, Я навяду меч на вас і зьнішчу ўзвышшы вашы,
 
і кажы: “Горы Ізраэльскія, паслухайце слова Госпада Бога. Вось што кажа Госпад Бог гарам і ўзгоркам, ярам і лугам: “Вось, Я навяду на вас меч і знішчу вашы ўзгоркі,

І будуць спустошаны аброчнікі вашы, і сонечныя балваны вашы будуць патрышчаны, і Я кіну забітых вашых перад балванамі вашымі,
 
і знішчу ахвярнікі вашы, і паразбіваюцца капішчы вашы, і кіну Я забітых вашых перад ідаламі вашымі.

І палажу трупы сыноў Ізраелявых перад балванамі іхнымі, і разьвею косьці вашы навокал балваноў вашых.
 
І трупы сыноў Ізраэля Я пакладу перад абліччам ідалаў вашых, і косці вашы Я раскідаю вакол ахвярнікаў вашых;

У вусіх сялібных мясцовасьцях вашых месты будуць разбураны, а ўзвышшы спустошаны, каб абурыць а спустошыць аброчнікі вашы; і будуць патрышчаны й перастануць быць балваны вашыя, і сонечныя балваны вашы будуць пасечаны, і ўчынкі вашы сьцерты.
 
дзе б вы толькі ні жылі, гарады будуць бязлюднымі і ўзгоркі будуць знішчанымі, так што ахвярнікі вашы будуць апаганеныя і зруйнаваныя, і ідалы вашы будуць паразбіваныя і панішчаныя, і капішчы вашы будуць паламаныя, і згінуць усе справы вашы.

І паваляцца забітыя вашыя сярод вас, і вы даведаецеся, што Я — СПАДАР.
 
І сярод вас будуць падаць забітыя, і даведаецеся, што Я — Госпад.

Пакіну Я, адылі, астачу, каб вы мелі ўцеклых ад мяча памеж народаў, як будзеце разьвеяны па краёх.
 
І Я пакіну вам пры жыцці тых, якія ўсцерагуцца меча сярод паганаў, калі расцярушу вас сярод чужых земляў;

І ўспомняць уцеклыя вашы Мяне меж народаў, куды яны былі заведзены палоненікамі, як патрышчу бязульныя сэрцы іхныя, што адвярнуліся ад Мяне, і вочы іхныя, што бязульна йшлі за балванамі; і яны самы перад сабою збрыдзяць ліхі, што яны рабілі ў вусіх агідах сваіх;
 
і вызваленыя вашы будуць памятаць пра Мяне сярод плямёнаў, куды прывялі іх, палонных, бо Я скрышу іх сэрца распуснае і адыходзячае ад Мяне ды вочы іх, што распуснічаюць з ідаламі іх; і не будуць яны падабацца самім сабе дзеля злачыннасці, якой дапусціліся ва ўсіх агіднасцях сваіх;

І даведаюцца, што Я — СПАДАР, і што Я не дарма казаў, што зраблю гэтае ліха ім’".
 
і даведаюцца тады, што Я — Госпад, што не дарма Я іх перасцерагаў, што ўзвяду на іх гэтае няшчасце”».

Гэтак Спадар СПАДАР: ’Плясьні рукамі сваімі й тупні нагою сваею, і скажы: "Бяда за ўсі ліхія агіды дому Ізраелявага! бо яны паваляцца ад мяча, з галадові а зь ліпучкі.
 
Гэта кажа Госпад Бог, гэта яшчэ прароку: «Бі рукою тваёю і тупай нагою тваёю і кажы: “Гора дзеля ўсякіх ліхіх агіднасцей дому Ізраэля, бо будуць падаць яны ад меча, голаду і заразы!

Хто далёка, памрэць ад ліпучкі; а хто блізка, паваліцца ад мяча; і засталы а ў ваблозе памрэць ад галадові; гэтак высілю гнеў Свой на іх.
 
Той, хто далёка, — памрэ ад заразы; а той, хто блізка, — загіне ад меча, і той, хто застанецца і будзе ў аблозе, памрэ ад голаду; і так заспакою гнеў Мой на іх”.

І даведаецеся, што Я — СПАДАР, як забітыя іхныя будуць сярод балваноў навокал аброчнікаў іхных на кажным высокім узгорку, на вярхох гораў і пад кажным зялёным дзервам, і пад кажным таўстым дубам, месцам, ідзе яны прыносілі прыемныя пахі ўсім балваном сваім.
 
І даведаецеся, што Я — Госпад, калі іх забітыя будуць паміж ідалаў іх, кругом ахвярнікаў іх, на кожным узгорку высокім, на ўсіх узвышшах горных, і пад кожным дрэвам густалістым, і пад кожным зялёным дубам, на месцы, дзе складалі вы духмяныя каджэнні ўсім ідалам сваім.

І выцягну руку сваю на іх, і ўчыню зямлю пустою а пустынёю, ад пустыні аж да Рыўлы пераз усі сялібныя мясцовасьці, і пазнаюць, што Я — СПАДАР’"».
 
І Я выцягну руку Маю супраць іх, і перамяню край гэты ў зямлю пустынную і дзікую, пачаўшы ад пустыні аж да Рэблы — усюды, дзе пражываюць, — і даведаюцца, што Я — Госпад”».