Езэкііля 43 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І прывёў мяне да брамы, да брамы, што на ўсход.
 
І павёў ён мяне да брамы, накіраванай на ўсход,

І вось, слава Бога Ізраелявага йшла з усходняе дарогі, і голас Ягоны — як шум шмат водаў, і зямля зазьзяла славаю Ягонаю.
 
і вось, слава Бога Ізраэля прыходзіла з усходу, і голас Яго — быццам гук многіх водаў, і зямля свяцілася ад Яго велічы.

І гэта было подле зьявы відзені, што я відзеў, подле відзені, каторую я відзеў, як я прыходзіў зьнішчыць места; і відзені былі падобныя да відзені, што я відзеў ля ракі Хевар. І паў я на від свой.
 
І ўбачыў я бачанне, роўнае таму, якое бачыў я тады, калі прыйшоў, каб знішчыць горад, і з’ява была падобная да той, якую бачыў я над ракой Кэбар, і я ўпаў на твар свой.

І слава СПАДАРОВА ўвыйшла ў дом брамаю, што на ўсход.
 
І веліч Госпада ўвайшла ў святыню праз браму, што была накіраваная на ўсход.

І падняў мяне дух, і прывёў на нутраны панадворак; і вось, слава СПАДАРОВА напоўніла панадворак.
 
І падняў мяне дух, і занёс мяне на ўнутраны панадворак, і вось, дом быў поўны славы Госпада.

І я чуў Гукаючага да мяне з дому, і муж стаяў ля мяне;
 
І пачуў я, як нехта гаварыў да мяне з боку святыні, а тым часам той чалавек стаяў яшчэ пры мне,

І Ён сказаў імне: «Сыну людзкі! гэтае месца пасаду Майго і месца ступам ног Маіх, ідзе я буду жыць сярод сыноў Ізраелявых на векі; і наперад сьвятога імені Майго ня будзе плюгавіць дом Ізраеляў, яны ані каралёве іхныя бязулствам сваім, ані здыхатою каралёў сваіх на ўзвышшах іхных,
 
і сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, гэта месца пасада Майго і месца слядоў ног Маіх, дзе Я буду вечна жыць сярод ізраэльцаў; ужо дом Ізраэля не апаганіць Майго святога імя — ані ён сам, ані цары яго — распустай сваёю і трупамі сваіх цароў у смерці іх,

Ставячы парог свой ля парогаў Маіх і вушакі ля вушакоў Маіх, адно ізь сьцяною памеж іх; яны нават плюгавілі сьвятое імя Мае брыдамі сваімі, што яны рабілі; за тое Я загубіў іх у гневе Сваім.
 
якія свой парог памясцілі побач з Маім парогам і свае вушакі побач з Маімі вушакамі, і сцяна была паміж Мною і імі, і апаганілі яны імя Маё святое агіднасцямі, якіх дапусціліся; дзеля таго Я вынішчыў іх у гневе Маім.

Цяпер няхай яны аддаляць ад Мяне бязулства сваё і здыхату каралёў сваіх, і Я буду жыць сярод іх на векі.
 
Такім чынам, цяпер будуць яны трымаць далёка ад Мяне сваю нявернасць і трупы сваіх цароў, і Я буду жыць сярод іх заўсёды.

Ты, сыну людзкі, паведай праз гэты дом дому Ізраеляваму, каб яны засароміліся бяспраўяў сваіх, і няхай памераюць зразу яго.
 
А ты, сын чалавечы, пакажы дому Ізраэля святыню, і хай засаромеюцца яны з-за правіннасцей сваіх і змераць будынак.

І, як яны засаромяцца ўсяго, што яны рабілі, зьясьні ім рысунак дому а зразу яго а выхады зь яго а ўходы ў яго а ўсі хормы яго а ўсі ўставы яго а ўсі рысункі яго а ўсі правы яго, і напішы на ачох іх, каб яны дзяржалі цэлы рысунак яго і ўсі ўставы яго і подле іх рабілі.
 
І калі яны засаромеюцца з прычыны ўсяго, што зрабілі, намалюй ім дом і яго ўладкаванне, выхады і ўваходы ды ўвесь выгляд яго і ўсе правілы яго, ды паведамі ім усе яго законы, і запішы іх перад іх вачамі, каб захавалі ўвесь выгляд яго і яго пастановы і каб спаўнялі іх.

Гэта права дому: на версе гары ўся граніца яго навокал, навокал —Сьвятое Сьвятых; вось, гэта права дому!
 
Гэта ёсць закон дома на вяршыні гары: увесь абшар вакол яго — гэта святое з святых; такім чынам, гэта — закон дома».

І гэта памеры аброчніка ў локцях, а локаць ё локаць із даланёю: под — локаць, і ўшыркі — локаць, і аблямаваньне яго па краёх яго навокал аднае пядзі; і гэта выступ аброчніка.
 
А вось такія памеры ахвярніка ў локцях, лічачы локаць па адным локці і адной далоні; паглыбленне для яго было вышынёю ў локаць і шырынёю ў локаць; і яго абрамаванне на краі яго кругом было ў далонь. А такая была вышыня ахвярніка:

Ад поду ля зямлі да ніжшага выступу — два локці, а ўшыркі — адзін локаць; і ад меншага выступу да большага выступу — чатыры локці, а ўшыркі — локаць.
 
ад паглыблення ў зямлі аж да ніжняга выступа — два локці, і шырыня — адзін локаць; і ад меншага выступа аж да большага выступа — чатыры локці, і шырыня — адзін локаць.

І аброчнік чатырох локцяў увышкі, а ад аброчніка дагары чатыры рагі.
 
А вогнішча на ахвяры было на чатыры локці, і з вогнішча тырчалі ўніз чатыры рогі.

І аброчнік — двананцаць локцяў удаўжкі, двананцаць ушыркі, чатыракутні на чатырох старанах сваіх.
 
І вогнішча на ахвяры было даўжынёю ў дванаццаць локцяў пры шырыні ў дванаццаць локцяў, чатырохкутнае, з бакамі роўнымі.

І выступ — чатырнанцаць локцяў удаўжкі і чатырнанцаць ушыркі на чатырох старанах сваіх, і аблямаваньне навокал яго паў локця, і под яго — локаць навокал; і ўступы да яго з усходу».
 
І выступ быў даўжынёю ў чатырнаццаць локцяў і ў чатырнаццаць локцяў шырыні па чатырох вуглах яго; і абрамаванне кругом яго было на палову локця, і паглыбленне для яго — адзін локаць кругом; а прыступкі яго былі скіраваныя на ўсход.

І сказаў Ён імне: «Сыну людзкі! гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гэта ўставы аброчніка на тый дзень, калі зробяць яго, каб абракаць усепаленьні на ім і крапіць крывёю на яго.
 
І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, гэта кажа Госпад Бог: “Вось пастановы адносна ахвярніка: тады, калі ён будзе пабудаваны; каб на ім ускладаць цэласпаленні ды каб акрапляць яго крывёй,

І ты дай цялё-бычка на аброк за грэх сьвятаром Левітам, што з насеньня Садокавага, каторыя бліжацца да Мяне, служыць Імне, кажа Спадар СПАДАР.
 
дасі святарам левітам з роду Садока, якія маюць права набліжацца да Мяне, — кажа Госпад Бог, — каб служыць Мне, маладое цяля як ахвяру за грэх.

І вазьмі з крыві яго, і палажы на чатыры рагі яго, і на чатыры куты выступу яго, і на аблямаваньне навокал; гэтак ачысьціш і адзяржыш ласкіўчыненьне яму.
 
І возьмеш з яго крыві, пакропіш ёю чатыры рогі яго, поруч чатыры вуглы выступу і абрамаванне кругом, і ачысціш ахвярнік, дакончваючы на ім перамольванне.

І вазьмі цялё-бычка на аброк за грэх, і спалі яго на прызначаным месцу дому вонках сьвятыні.
 
І возьмеш цяля, якое будзе ахвяравана за грэх, і спаліш яго на прызначаным месцы дома па-за свяцілішчам.

І назаўтрае абрачы з роду козаў бяз гану на аброк за грэх, і ачысьцяць аброчнік, як ачысьцілі цялём.
 
І на другі дзень ахвяруеш казла з казінага статка, без заганы, як ахвяру за грэх, і ачысцяць ахвярнік так, як ачысцілі пры ахвяраванні маладога цяляці.

Як скончыш ачышчэньне, абрачы цялё бяз гану й барана бяз гану з авец,
 
І калі скончыш яго ачышчэнне, ахвяруеш маладое цяля са статка, без заганы, а таксама барана са статка, без заганы;

І дабліж іх да СПАДАРА, і хай сьвятары кінуць солі на іх і абракуць іх на ўсепаленьне СПАДАРУ.
 
і ахвяруеш іх перад абліччам Госпада, а святары кінуць на іх соль і ахвяруюць іх Госпаду як ахвяру цэласпалення.

Сем дзён гатуй кажны дзень казла на аброк за грэх, а яны хай прыгатуюць таксама цялё-бычка а барана бяз гану з авец.
 
Сем дзён штодзень будуць ахвяроўваць казла як ахвяру за грэх, і ахвяруеш цяля маладое са статка і барана са статка — жывёлу без заганы.

Сем дзён няхай чыняць залашчаньне за аброчнік і ачышчаюць яго, і пасьвячаюць яго.
 
Сем дзён хай перамаленнем ачышчаюць ахвярнік ад грахоў, і хай ачышчаюць яго і асвячаюць яго.

І як гэтыя дні скончацца, і будзе на восьмы дзень і далей, што зробяць сьвятары на аброчніку ўсепаленьне вашае а супакойныя аброкі вашы, і Я ўпадабаю вас", — кажа Спадар СПАДАР».
 
А па тых днях, восьмага дня і пазней, святары будуць ускладаць на ахвярніку вашы ахвяры цэласпалення і мірныя ахвяры, і Я буду для вас спагадны”, — кажа Госпад Бог».