Езэкііля 2 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І Ён сказаў мне: «Сыне чалавечы, стань на ногі твае. Я буду прамаўляць да цябе».
 
І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, стань на ногі твае, і Я буду гаварыць да цябе».

І ўвайшоў у мяне дух, калі Ён прамаўляў да мяне, і паставіў мяне на ногі мае, і я чуў, як Ён прамаўляў да мяне,
 
І ўвайшоў у мяне дух, калі Ён да мяне гаварыў, і паставіў мяне на ногі мае, і я пачуў, як Ён да мяне прамаўляў

і сказаў мне: «Сыне чалавечы, Я пасылаю цябе да сыноў Ізраіля, да народу бунтаўнікоў, якія бунтуюцца супраць Мяне; яны і бацькі іхнія выступаюць супраць Мяне да дня сёньняшняга.
 
і сказаў: «Сын чалавечы, Я пасылаю цябе да сыноў Ізраэля, да народа адступнікаў, што адвярнуліся ад Мяне; яны і бацькі іх выступаюць супраць Мяне аж да сённяшняга дня.

Гэта сыны з абліччамі бяз сораму і сэрцамі закамянелымі. Я пасылаю цябе да іх, і ты скажаш ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД”.
 
І гэта людзі з тварамі без сораму і закамянелымі сэрцамі; Я пасылаю цябе да іх, і ты скажаш ім: “Гэта кажа Госпад Бог”.

А ці паслухаюць яны цябе, ці адмовяцца, бо яны — дом бунтаўнікоў, але будуць ведаць, што прарок ёсьць сярод іх.
 
А ці паслухаюць яны цябе, ці пагардзяць, — бо гэта народ упорысты, — аднак будуць ведаць, што прарок ёсць між імі.

А ты, сыне чалавечы, ня бойся іх і ня бойся словаў іхніх, хоць яны вакол цябе — асот і церні, і ты сядзіш сярод скарпіёнаў. Ня бойся словаў іхніх і ня бойся абліччаў іхніх, бо яны — дом бунтаўнікоў.
 
Такім чынам, ты, сын чалавечы, не бойся іх, ані палохайся слоў іх, нават калі вакол цябе будуць чартапалох і цярноўнік ды калі ты апынешся сярод скарпіёнаў. Не бойся іх слоў і не бойся іх твараў, бо гэта народ упорысты.

І ты прамовіш да іх словы Мае, ці будуць яны слухаць, ці адмовяцца, бо яны — бунтаўнікі.
 
Такім чынам, ты будзеш казаць ім словы Мае, — ці будуць яны слухаць, ці пагардзяць, бо яны ўпорыстыя.

А ты, сыне чалавечы, слухай, што Я прамаўляю да цябе, і ня будзь бунтаўніком, як гэты дом бунтаўнічы. Адчыні вусны твае і зьеш тое, што Я дам табе».
 
А ты, сын чалавечы, слухай, што Я табе скажу, і не будзь упорысты, як гэты народ бунтоўны; адчыні вусны свае і з’еж, што Я табе даю».

І я ўбачыў, і вось, рука, выцягнутая да мяне, і вось, у ёй — скрутак кнігі.
 
І паглядзеў я: і вось, выцягнулася рука да мяне, у якой быў скрутак кнігі. І разгарнуў Ён яго перада мною; а быў ён спісаны з аднаго і другога боку, і былі ў ім запісаны нараканні, і галашэнні, і бедаванні.

І Ён разгарнуў яго перад абліччам Маім; а быў ён запісаны з аднаго і другога боку, і былі ў ім запісаныя лямант, уздыханьне і бедаваньне.