Езэкііля 13 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
«Сыне чалавечы, прароч пра прарокаў Ізраіля, якія прарочаць, і кажы прарокам, якія [прарочаць] з сэрца свайго: “Слухайце слова ГОСПАДА.
«Сын чалавечы, праракуй супраць прарокаў Ізраэля, праракуй і кажы тым, якія праракуюць ад сябе: “Слухайце слова Госпада.
Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Гора дурным прарокам, якія ходзяць паводле духа свайго, а нічога ня бачылі.
Гэта кажа Госпад Бог:
Як лісы сярод руінаў прарокі твае, Ізраіль!
“Гора неразумным прарокам, якія ходзяць за сваім духам, а нічога не бачаць! Як лісы сярод руінаў, такімі сталі твае прарокі, Ізраэль!
Не ўзыходзілі вы ў выломы і не будавалі муроў вакол дому Ізраіля, каб ён стаяў у бітве ў дзень ГОСПАДА”.
Не ўзышлі вы ў выламы і не пабудавалі мур вакол дому Ізраэля, каб стаяць у баі ў дзень Госпадаў.
Яны бачаць марнасьць і прарочаць фальшыва, кажучы: “Кажа ГОСПАД”, а ГОСПАД не пасылаў іх, і яны чакаюць, што споўніцца слова [іхняе].
Яны бачаць рэчы пустыя і праракуюць ілжыва, кажучы: “Кажа Госпад”, а Госпад не пасылаў іх; і яны чакаюць здзяйснення слова.
Ці ня мелі вы відзежаў марных і ці не казалі вы прароцтваў фальшывых, і казалі: “Кажа ГОСПАД”, а Я не прамаўляў гэтага.
Ці не мелі вы бачанне падманнае і ці не вясцілі вы прароцтва фальшывае, калі кажаце: “Кажа Госпад”, хаця Я не казаў гэтага?
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “За тое, што вы прамаўлялі марноту і бачылі падман, вось, Я супраць вас, кажа Госпад ГОСПАД.
Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што вы прадказвалі падманнае і мелі фальшывае бачанне, вось, таму Я супраць вас, — кажа Госпад Бог, —
І будзе рука Мая супраць прарокаў, якія бачаць марнасьць і прадказваюць падман. Ня будуць яны належаць да народу Майго і ня будуць упісаныя ў сьпіс дому Ізраіля, і ня ўвойдуць у зямлю Ізраіля, і даведаецеся, што Я — Госпад ГОСПАД”.
і рука Мая будзе на прароках, якія бачаць рэчы падманныя і прадказваюць хлусліва: не будуць яны належаць да супольнасці народа Майго, і не будуць упісаныя ў лік пакаленняў Ізраэля, і не ўвойдуць у зямлю Ізраэля, і даведаецеся, што Я — Госпад Бог.
За тое вось, што яны ўводзілі ў зман народ Мой, кажучы: “Мір”, а міру няма, і калі будаваўся мур, яны тынкавалі яго,
За тое, што яны ўводзілі ў зман народ Мой, кажучы: “Супакой”, і гэта не супакой; і ён будаваў мур, а гэтыя тынкавалі яго.
скажы тым, якія тынкуюць [мур]: “[Тынк] адваліцца. Пойдзе дождж залеўны, і будзе падаць град, і падымецца гвалтоўны вецер,
Скажы тым, якія яго тынкуюць, што разваліцца ён; бо пойдзе дождж праліўны, і пашлю Я град, што абрушыцца зверху, і раптоўны разбуральны вецер.
і вось, мур абрынецца. І ці вам ня скажуць: "Дзе той тынк, якім вы тынкавалі?"”
І вось, мур развалены; ці вам не скажуць: “Дзе той тынк, якім вы тынкавалі?”»
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Я прывяду вецер гвалтоўны ў лютасьці Маёй, і пойдзе дождж улеўны ў гневе Маім і град — у абурэньні Маім, каб зьнішчыць [усё].
Таму вось што кажа Госпад Бог: «І Я прывяду дух непагоды дзеля лютасці Маёй, і будзе праліўны дождж~дзеля Майго абурэння, ды град дзеля гневу, каб усё знішчыць;
І Я развалю той мур, які вы атынкавалі, і павалю яго на зямлю, так што будзе відзён падмурак ягоны, і ён абрынецца, а вы пад ім загінеце. І даведаецеся, што Я — ГОСПАД.
і Я выверну той мур, які вы атынкавалі, і зраўняю яго з зямлёй, і пакажацца яго падмурак, і ён заваліцца, а вы на ім загінеце. Тады даведаецеся, што Я — Госпад.
Я выльлю лютасьць Маю на мур і на тых, якія яго тынкуюць, і скажу вам: "Дзе мур і дзе тыя, якія яго тынкуюць?
Я вылью гнеў Мой на мур і на тых, якія яго атынкавалі, і скажу вам: “Няма мура і няма тых, што яго атынкавалі,
[Дзе] прарокі Ізраіля, якія прарочаць пра Ерусалім, і бачаць пра яго відзежы міру? І дзе мір?" — кажа Госпад ГОСПАД”.
прарокаў Ізраэля, якія прарочаць пра Ерузалім і бачаць дзеля яго бачанне міру, і няма міру”, — кажа Госпад Бог».
А ты, сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё на дочак народу твайго, якія прарочаць з сэрца свайго, і прароч супраць іх.
І ты, сын чалавечы, звярні сваё аблічча на дачок народа свайго, якія ад свайго сэрца праракуюць, і ты праракуй супраць іх,
І скажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Гора тым, якія шыюць стужкі на ўсе локці рук сваіх і робяць хусткі ўсякага кшталту на галовы, каб лавіць душы. Вы ловіце душы народу Майго, а душы свае [хочаце] захаваць пры жыцьці?
і кажы: «Гэта кажа Госпад Бог: “Гора тым, што шыюць стужкі на ўсе перагібы рукі і робяць хусткі ўсякага кшталту на галаву, каб лавіць душы. Няўжо вы ловіце душы народа Майго і свае душы хочаце зберагчы пры жыцці?
Вы зьнеслаўляеце Мяне перад народам Маім за жменю ячменю і кавалак хлеба, забіваючы душы, якія не павінны памерці, і ашчаджаючы душы, якія ня маюць жыць, калі падманваеце народ Мой, які слухае падман.
І вы знеслаўляеце Мяне перад Маім народам за жменю ячменю і кавалак хлеба, забіваючы душы, якія не павінны памерці, і ашчаджаючы душы, якія не павінны жыць, калі падманваеце Мой народ, які верыць хлусні”».
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я супраць стужак вашых, якімі вы ловіце душы, як птушак, і Я пазрываю іх з рамёнаў вашых, і выпушчу душы, якія вы злавілі, як птушак.
Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: «Вось, Я выступлю супраць стужак, якімі вы ловіце душы, як птушак, і пазрываю іх з рук вашых; і душы, якія вы захапілі, выпушчу на волю, як птушак,
І Я пазрываю хусткі вашыя і вызвалю народ Мой з рук вашых, і больш ня будзе ён здабычай у руках вашых, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД.
і паразрываю Я вашы хусткі, і вызвалю народ Мой з рук вашых, і больш не будзе ён здабычай у руках вашых, і даведаецеся, што Я — Госпад.
За тое, што вы хлусьнёю засмучалі сэрца праведніка, хоць Я не засмучаў яго, і ўмацоўвалі рукі бязбожніка, каб ён не навярнуўся ад шляху ліхога свайго і жыў,
За тое, што падманам засмуцілі вы сэрца справядлівага, якога Я не засмуціў, і ўмацавалі рукі бязбожніка, каб не сыходзіў ён са сваёй ліхой дарогі ды жыў,
ня будзеце мець відзежаў марных і ня будзеце больш прадказваць прадказаньні, і Я вызвалю народ Мой з рук вашых, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД”».
не будзеце больш мець бачанняў падманных, і Я вызвалю народ Мой з рук вашых, і даведаецеся, што Я — Госпад».