Езэкііля 19 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

А ты ўзьнімі лямант над князямі Ізраіля,
 
І ты галасі над князямі Ізраэля,

і скажаш: “Якой ільвіцай сярод ільвоў была маці твая? Яна ляжала паміж ільвянятамі, гадавала малых сваіх.
 
і скажы: “Якой жа львіцай між ільвамі была твая маці? Яна ляжала паміж ільвянятамі, сваіх малых гадавала.

І выгадавала яна адно з ільвянятак сваіх, і стаўся ён маладым ільвом, навучыўся хапаць здабычу і жэрці чалавека.
 
І выгадавала адно з ільвянятак сваіх; і стаў ён ільвом, і навучыўся хапаць здабычу, і пажыраў людзей.

І склікалі супраць яго народы, і патрапіў ён у яму іхнюю, і павялі яго на ланцугу ў зямлю Эгіпецкую.
 
І супраць яго склікалі народы, патрапіў ён у іх яму; і павялі яго на ланцугу ў зямлю Егіпецкую.

І ўбачыла яна, што [дарма] чакае і што загінула надзея ейная, узяла іншага з ільвянятак сваіх, і выгадавала яго ільвом.
 
Калі ўбачыла яна, што дарма чакае і што прапала надзея яе, узяла іншага з ільвянятак сваіх, выгадавала яго львом.

І бегаў ён паміж ільвамі, і стаўся ён маладым ільвом, і навучыўся хапаць здабычу і жэрці чалавека.
 
Бегаў ён між ільвамі, стаў ільвом, і навучыўся хапаць здабычу, і пажыраў людзей;

І спазнаў ён палацы іхнія, і пустошыў гарады іхнія, і слупянела зямля і ўсё, што на ёй, ад голасу рыку ягонага.
 
і нападаў ён на іх палацы, і нішчыў гарады іх. І аслупянела зямля і ўсё насельніцтва яе ад голасу рыку яго.

І сабраліся супраць яго народы адусюль з навакольля, і расьцягнулі на яго сетку сваю, і патрапіў ён у яму іхнюю.
 
Ды сабраліся супраць яго народы адусюль з наваколляў, і расцягнулі на яго сетку сваю, і патрапіў ён у іх яму.

На ланцугу запхнулі яго ў клетку і завялі яго да валадара Бабілонскага, і ён замкнуў яго ў вязьніцы, каб ня чуўся больш голас ягоны па гарах Ізраіля.
 
І на ланцугу запхнулі яго ў клетку, і завялі яго да цара Бабілона; той замкнуў яго ў вязніцы, каб не чуўся больш голас яго на гарах ізраэльскіх.

Маці твая [была] як вінаград у вінаградніку, пасаджаны над вадою, і мела шмат пладоў, і разраслася дзеля мноства вады.
 
Маці твая падобная да вінаграду, пасаджанага над вадою. Выраслі плады яго і галіны яго дзеля мнагаводдзя;

І пусьціла яна моцныя галіны, прыдатныя на скіпетры валадароў, і вывышалася прыгажосьцю сваёй сярод гушчару, і была заўважная прыгажосьцю сваёй сярод галінаў сваіх.
 
і пусціў ён моцныя галіны, прыдатныя на скіпетры царскія, і ўзвысіўся ён аж да хмар у вышыні сваёй, і з’явіўся ў мностве лістоты сваёй.

Але ў гневе была яна вырваная, кінутая на зямлю, і вецер усходні высушыў плады ейныя, былі паламаныя і высахлі галіны ейныя, і агонь зьеў яе.
 
І ў гневе вырваны быў ён і кінуты на зямлю, і вецер гарачы высушыў плады яго; была паламана і ссушана галіна моцы яго, агонь з’еў яе.

І цяпер яна перасаджаная ў пустыню, у зямлю сухую і спрагнёную.
 
І цяпер перасаджаная яна ў пустыню, на зямлю бязлюдную і сухую.

І выйшаў агонь з галінаў ейных, і зьеў плады ейныя, і няма ўжо ў яе галінаў моцных, скіпетра валадароў. Вось лямант, і будзе [над ёю] лямант”».
 
І выбіўся агонь з галіны яго, і плады яго з’еў; і не было ўжо ў яго галін дужых, скіпетра валадарання. Вось жальба, і будзе яна галашэннем”».