Езэкііля 34 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
«Сыне чалавечы, прароч супраць пастыраў Ізраіля, прароч і кажы пастырам: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Гора пастырам Ізраіля, якія пасьвяць самі сябе! Ці ж пастыры не павінны пасьвіць авечак?
«Сын чалавечы, праракуй пра пастыраў Ізраэля, праракуй і кажы пастырам: гэта кажа Госпад Бог: “Гора пастырам Ізраэля, якія пасвілі самі сябе! Ці ж пастыры не павінны пасвіць статак?
Вы малако спажываеце, у воўну апранаецеся, тлустае забіваеце, але авечак не пасьвіце.
Вы пілі малако, і апраналіся ў воўну, і забівалі, што тлустае, аднак статак авечак не пасвілі:
Вы саслабелых не ўмацоўвалі, хворай не лекавалі; скалечанай не перавязвалі, заблукалай не вярталі назад, згубленай не шукалі, а абыходзіліся з імі з гвалтам і з прымусам.
што слабое было — не ўзмацнілі, і што хворае — не аздаравілі; што было скалечанае — не перавязалі, і што выгнана было — не прывялі назад, і згубленага не шукалі, і абыходзіліся з тым, што дужае, з гвалтам.
І расьцярушыліся [авечкі], бо ня мелі пастыра, і сталіся здабычаю ўсіх зьвяроў палявых, і разьбегліся.
Ды рассыпаліся авечкі Мае, бо не мелі пастыра; і сталі здабычаю ўсіх дзікіх палявых звяроў, і разбегліся.
Блукаюць авечкі Мае на ўсіх гарах і на кожным высокім узгорку, і па ўсім абліччы зямлі разьбегліся авечкі Мае, але ніхто не клапоціцца пра іх і ніхто не шукае іх.
Блукалі статкі Мае на ўсіх гарах і на кожным высокім узгорку, і па ўсёй паверхні зямлі разбегліся статкі Мае; і ніхто пра іх не пытаўся, ніхто іх не шукаў”.
Дзеля гэтага, пастыры, слухайце слова ГОСПАДА.
Дзеля таго вы, пастыры, слухайце слова Госпада:
Як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што авечкі Мае сталіся здабычай і авечкі Мае сталіся спажывай для ўсіх зьвяроў палявых, бо ня мелі пастыра, бо пастыры Мае не шукалі авечак Маіх, але пасьвілі пастыры саміх сябе, а авечак Маіх ня пасьвілі,
“Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — за тое, што статак Мой стаў рабункам і авечкі Мае сталі здабычай дзікім палявым звярам, бо не мелі пастыра, бо пастыры Мае не шукалі статак Мой, але пасвілі пастыры саміх сябе і статка Майго не пасвілі”,
дзеля гэтага, пастыры, слухайце слова ГОСПАДА.
дзеля таго вы, пастыры, слухайце слова Госпада.
Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я супраць пастыраў. І Я буду шукаць авечак Маіх з рук іхніх, і Я прыбяру іх, каб ня пасьвілі авечак, і ня будуць больш тыя пастыры пасьвіць саміх сябе; і Я вырву авечак Маіх з вуснаў іхніх, і ня будуць яны больш ім на спажываньне.
Вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я Сам супраць пастыраў. З рукі іх Я запатрабую статак Мой і спыню іх, каб яны болей не пасвілі статка і каб больш тыя пастыры не пасвілі саміх сябе; і Я вызвалю статак Мой з іх пашчы, і не будзе ён больш служыць ім на жыраванне”.
Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я Сам буду шукаць авечак Маіх і буду даглядаць іх.
Бо вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я Сам буду шукаць Маіх авечак і буду наведваць іх.
Як аглядае пастух статак свой удзень, калі знаходзіцца сярод расьцярушаных авечак сваіх, так Я буду аглядаць авечак Маіх і вызвалю іх з усіх месцаў, у якія яны былі расьцярушаныя ў дзень хмары і імглы.
Як аглядае пастух статак свой у дзень, калі знаходзіцца сярод рссыпаных авечак сваіх, так Я наведаю авечак Маіх ды вызвалю іх з усіх месцаў, у якія былі яны рассыпаны ў дзень хмарны і туманны.
І Я выведу іх з народаў, і зьбяру іх з земляў, і вярну іх у зямлю іхнюю, і буду пасьвіць іх на гарах Ізраіля, пры ручаях і ў-ва ўсіх паселішчах зямлі.
І выведу іх з народаў, і збяру іх з земляў, і вярну іх у зямлю Сваю, і буду пасвіць іх на гарах Ізраэля, па лагчынах і па ўсіх абжытых месцах зямлі.
Буду пасьвіць іх на пашах добрых, пашы іхнія будуць на высокіх гарах Ізраіля; там будуць адпачываць на пашах добрых, і на пашах сакавітых будуць пасьвіцца на гарах Ізраіля.
Буду пасвіць іх на самых сакавітых пашах, і пашы іх будуць на высокіх гарах Ізраэля; там будуць адпачываць на зялёных травах і на сакавітых пашах будуць пасвіцца на гарах Ізраэля.
Я буду пасьвіць авечак Маіх і дам супачынак ім, кажа Госпад ГОСПАД.
Я буду пасвіць авечак Маіх, і Я дазволю ім адпачыць, — кажа Госпад Бог.
Згубленую знайду, заблукалую прывяду, скалечаную перавяжу, хворую ўмацую, а тлустую і дужую зьнішчу. Буду пасьвіць іх паводле суду [справядлівага]”.
Што было згублена — знайду, і што было выгнана — прывяду, і што было скалечана — перавяжу, і што было хворае — вылечу, і тлустае і моцнае буду сцерагчы. Буду пасвіць іх справядліва”.
А вам, авечкі Мае, гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я буду судзіць паміж авечкай і авечкай, паміж баранамі і казламі.
Да вас жа, статак Мой, вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я буду судзіць авечак, бараноў і казлоў.
Ці ж мала вам, што вы пасьвіцеся на пашы добрай? Чаму рэшту пашы вашай вы топчаце нагамі вашымі? І вы п’іцё ваду чыстую, а астатнюю каламуціце нагамі вашымі?
Ці ж мала вам было добрай пашы на выпасы? Чаму ж і астатнія вашы пашы вы павытоптвалі нагамі сваімі і чаму калі пілі вы найчысцейшую ваду, то астатнюю каламуцілі вашымі нагамі?
І авечкі Мае пасьвяцца на тых [месцах], якія вы стапталі нагамі вашымі, і п’юць тое, што вы скаламуцілі нагамі вашымі”.
І авечкі Мае мусілі пасвіцца на тых месцах, якія вытаптаны былі вашымі нагамі, і піць тое, што забрудзілі вашы ногі”.
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД да іх: “Вось, Я Сам буду судзіць паміж авечкай тлустай і авечкай худою.
Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог да іх: “Вось, Я Сам буду судзіць між авечкай сытай і худою;
За тое, што вы ўсіх слабых адпіхвалі бакамі і плячыма і папіхалі іх рагамі вашымі, аж пакуль не павыганялі іх прэч,
дзеля таго, што вы ўсіх слабых жывёл адпіхвалі бакамі і плячамі ды піхалі іх сваімі рагамі, пакуль не рассыпаліся яны звонку,
Я дапамагу авечкам Маім, і яны больш ня будуць здабычай, і буду судзіць паміж авечкай і авечкай.
Я збаўлю Мой статак, і больш не будзе ён здабычай, і буду судзіць між авечкай і авечкай.
І Я пастаўлю для іх аднаго пастыра, слугу Майго Давіда, і ён будзе пасьвіць іх. Ён будзе пасьвіць іх, і ён будзе для іх пастырам.
Вось, Я пастаўлю для іх аднаго пастыра, паслугача Майго Давіда, які будзе іх пасвіць; ён будзе іх пасвіць, і ён будзе ім пастырам.
А Я, ГОСПАД, буду для іх Богам, а слуга Мой Давід будзе князем сярод іх. Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта].
А Я, Госпад, буду для іх Богам, і паслугач мой Давід будзе князем сярод іх. Я, Госпад, сказаў гэта.
І Я заключу з імі запавет супакою, і прыбяру зьвяроў ліхіх з зямлі гэтай, і яны будуць жыць у пустыні бясьпечна, і будуць спаць у лясах.
Ды заключу з імі запавет міру, і дзікіх звяроў найгоршых вынішчу з зямлі, і будуць яны пражываць спакойна ў пустыні і адпачываць у лясах;
І Я дам ім і ваколіцам узвышша Майго дабраславенства, і буду спасылаць дождж у свой час, гэта будзе дождж дабраславенства.
і дабраслаўлю іх, і землі вакол узвышша Майго, і буду пасылаць дождж у свой час: гэта будзе дождж дабраславенства.
І дасьць дрэва палявое плод свой, і зямля дасьць ураджай свой. І яны будуць жыць у бясьпецы ў зямлі сваёй, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі скрышу брускі ярма іхняга і вырву іх з рукі тых, якія зьняволілі іх.
І палявое дрэва будзе даваць плады свае, і зямля радзіць будзе, і будуць яны жыць спакойна ў сваёй зямлі, і даведаюцца, што Я — Госпад, калі скрышу кайданы іх і вырву іх з рукі прыгнятальнікаў іх.
І ня будуць яны больш здабычай для народаў, і зьвяры зямныя ня будуць жэрці іх, але яны будуць жыць у бясьпецы, і [ніхто] ня будзе іх пужаць.
І не будуць яны больш здабычай народаў, ані дзікія звяры зямлі не будуць іх пажыраць, але будуць яны жыць спакойна і без аніякага страху.
І Я пастаўлю ім парасьць для славы, і ня будуць яны больш гінуць з голаду на зямлі, і ня будуць больш зносіць зьнявагі народаў.
І вырашчу ім парастак слаўны, і не будуць яны болей гінуць з голаду на зямлі, ды не будуць болей зносіць знявагі народаў;
І даведаюцца, што Я — ГОСПАД, Бог іхні, з імі, а яны — народ Мой, дом Ізраіля, кажа Госпад ГОСПАД.
І зразумеюць, што Я — Госпад Бог з імі, і яны — народ Мой, дом Ізраэля”, — кажа Госпад Бог.
Вы — авечкі Мае, авечкі пашы Маёй, вы — людзі, а Я — Бог ваш, кажа Госпад ГОСПАД”».
“А вы — статак Мой, статак пашы Маёй, і Я Госпад, Бог ваш”, — кажа Госпад Бог».