Езэкііля 12 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
«Сыне чалавечы, ты жывеш сярод дому бунтаўнікоў, які [мае] вочы, каб бачыць, а ня бачыць; і [мае] вушы, каб чуць, а ня чуе, бо гэта дом бунтаўнікоў.
«Сын чалавечы, ты жывеш сярод народа ўпорыстага, які мае вочы, каб бачыць, і не бачыць, і мае вушы, каб чуць, і не чуе, бо гэта народ упорысты.
І ты, сыне чалавечы, зрабі сабе рэчы для выгнаньня, і ўдзень на вачах іхніх выйдзі з месца твайго, і ідзі ў іншае [месца] на вачах іхніх. Можа, яны ўбачаць, хоць яны — дом бунтаўнікоў.
Такім чынам, ты, сын чалавечы, прыгатуй сабе рэчы на дарогу перасялення, і ўдзень на іх вачах перасяліся; выйдзі ж з месца твайго прабывання да іншага месца на вачах іх; можа, гэта зразумеюць, бо гэта народ упорысты.
І вынясеш рэчы твае, як рэчы выгнанца, удзень на вачах іхніх, і выйдзеш увечары на вачах іхніх так, як выходзяць выгнанцы.
І вынесі вонкі свае клункі, як клункі перасяленца, удзень на іх вачах; а сам выйдзі ўвечары на іх вачах, як выходзіць перасяленец.
На вачах іхніх зрабі дзіру ў муры і выйдзі праз яе.
На іх вачах зрабі сабе дзірку ў муры і выйдзі праз яе;
На вачах іхніх ускладзі [рэчы] на плечы твае і выйдзі ў прыцемках, і закрый аблічча тваё, каб ня бачыў ты зямлі, бо Я стаўлю цябе як знак для дому Ізраіля».
на іх вачах ускладзі клунак на плечы, выйдзі, калі звечарэе: закрый твар свой, каб не бачыў ты зямлі, бо Я стаўлю цябе знакам для дому Ізраэля».
І я зрабіў так, як мне было загадана. Рэчы мае я вынес удзень як рэчы выгнанца. А ўвечары зрабіў сабе рукамі дзіру ў муры, выйшаў у прыцемках і на вачах іхніх усклаў [рэчы] на плечы.
І я зрабіў так, як мне загадаў Госпад: свае клункі вынес удзень, як клункі перасяленца, вечарам зрабіў сабе рукою дзірку ў муры; і выйшаў у прыцемках, на іх вачах несучы клункі на плячах.
І было слова ГОСПАДА да мяне раніцаю, кажучы:
І прамовіў да мяне Госпад раніцаю гэтыя словы:
«Сын чалавечы, ці дом Ізраіля, дом бунтаўнікоў, не казаў табе: “Што ты робіш?”
«Сын чалавечы, ці дом Ізраэля, дом упорысты, не спытаўся ў цябе: “Што ты робіш?”
Скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Цяжар адносна ўладара, які ў Ерусаліме, і ўсяго дому Ізраіля, які пасярод яго”
Скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Гэты цяжар над кіраўніком, які ў Ерузаліме, і над усім домам Ізраэля, што там знаходзіцца”.
Скажы: “Я — знак для вас. Як я зрабіў, так і з вамі станецца. Пойдзеце на выгнаньне ў няволю!
Скажы: “Я для вас ёсць знак. Як я зрабіў, так і з імі станецца: хай яны пойдуць на перасяленне і ў няволю!
Уладар, які сярод вас, ускладзе ў прыцемках на плечы [рэчы] і выйдзе праз мур. Зробяць дзіру, каб выйсьці праз яе, і ён закрые аблічча сваё, каб вачыма ня бачыць зямлі.
І кіраўнік, які знаходзіцца сярод вас, хай ускладзе ў поцемках на плечы клункі і выйдзе; хай зробяць дзірку, каб мог прайсці праз яе; і хай закрые ён твар свой, каб вокам не бачыць зямлі”.
І Я пастаўлю сетку Маю на яго, і ён будзе схоплены ў пастку Маю, і Я завяду яго ў Бабілон, у зямлю Халдэйцаў, але ён яе ня ўбачыць і там памрэ.
І Я пастаўлю сетку Маю на яго, і трапіць ён у пастку Маю; і завяду яго ў Бабілон, зямлю халдэяў, і яе ён не ўбачыць, і там памрэ.
І ўсіх, якія вакол яго, памочнікаў ягоных і войска ягонае, Я разганю на ўсе вятры, і выцягну на іх меч”.
І ўсіх, якія навокал яго, дапамогу яго і войска яго, Я разганю на ўсе вятры; і выцягну на іх меч.
І яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі расьцярушу іх сярод народаў і раскідаю іх у [розныя] землі.
І даведаюцца, што Я — Госпад, калі іх раскідаю сярод народаў ды рассыплю іх па зямлі.
А некаторых з іх Я захаваю ад мяча, голаду і заразы, каб расказвалі пра ўсе брыдоты свае сярод народаў, куды прыйдуць, і яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД».
І некаторых з іх ухаваю ад меча, і голаду, і заразы, каб расказвалі пра ўсе злачынствы іх сярод народаў, дзе апынуцца, і даведаюцца, што Я — Госпад».
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
«Сыне чалавечы, хлеб твой будзеш есьці з трывогаю і ваду тваю будзеш піць з непакоем і страхам,
«Сын чалавечы, з трывогаю будзеш есці хлеб свой, але і ваду сваю будзеш піць з неспакоем і смуткам.
і скажаш народу зямлі гэтай: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД да жыхароў Ерусаліму ў зямлі Ізраіля. Хлеб свой яны будуць есьці ў страху, і ваду сваю будуць піць у трывозе, бо зямля іхняя станецца пустэчай і будзе пазбаўленая дастатку свайго з прычыны гвалту, [які чыняць] усе, што жывуць на ёй.
І скажаш народу зямлі: гэта кажа Госпад Бог да тых, якія жывуць у Ерузаліме, у зямлі Ізраэля: “Хлеб свой будуць яны есці ў смутку, і будуць піць ваду сваю ў трывозе, бо зямля іх стане пустэчай і будзе пазбаўлена дастатку свайго дзеля беззаконня ўсіх, што жывуць на ёй;
Населеныя гарады будуць спустошаныя, і зямля станецца пустэчаю. І вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД”».
і населеныя зараз гарады апусцеюць, і зямля стане пустыняй, і даведаецеся, што Я — Госпад”».
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
«Сыне чалавечы, што за прыказку вы маеце пра зямлю Ізраіля, кажучы: “Дні мінаюць, і ўсе відзежы не спаўняюцца”.
«Сын чалавечы, што за прыказку маеце ў зямлі Ізраэля, калі гавораце: “Дні мінаюць, і ўсякае бачанне гіне”?
Дзеля гэтага скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Я зраблю, што ня будзе прыказкі гэтай і ня будуць больш паўтараць яе ў Ізраілі”. Бо гэта прамоў да іх: “Надыходзяць дні, і слова кожнага відзежу [зьдзейсьніцца].
Дзеля таго скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Я зраблю, што гэтай прыказцы будзе канец, і не будзе больш яе паўтараць народ у Ізраэлі”, і скажы ім, што набліжаюцца дні, і кожнае слова бачання здзейсніцца.
Ня будзе ўжо больш сярод дому Ізраіля ніводнага пустога відзежу і падманнага прароцтва.
“Бо не будзе ўжо больш сярод пакаленняў Ізраэля ніводнага фальшывага бачання ані падманнага прароцтва,
Бо, Я, ГОСПАД, буду прамаўляць, і слова, якое Я прамоўлю, споўніцца, і ня будзе больш затрымлівацца. Бо ўжо ў дні вашыя, дом бунтаўнікоў, Я прамоўлю слова і споўню яго, кажа Госпад ГОСПАД”».
бо Я, Госпад, буду гаварыць; усякае слова, што Я скажу, станецца напэўна: не прадоўжыцца яно даўжэй, але ў дні вашы, дом упорысты, Я скажу слова і выканаю яго!” — кажа Госпад Бог».
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
І прамовіў Госпад да мяне, кажучы:
«Сыне чалавечы, вось, дом Ізраіля кажа: “Відзежы, якія ён мае, [датычаць] дзён вельмі далёкіх. Ён прарочыць пра далёкую будучыню”.
«Сын чалавечы, вось, ізраэльцы кажуць: “Бачанне, якое ён мае, прарочыць пра дні далёкія і часы пазнейшыя. Ён праракуе для далёкай будучыні”;
Дзеля гэтага скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ужо ня будзе затрымлівацца кожнае слова Маё. Слова, якое Я прамоўлю, споўніцца, кажа Госпад ГОСПАД”».
таму скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Ужо ніводнае Маё слова не будзе адтэрмінавана; слова, якое скажу, здзейсніцца”, — кажа Госпад Бог».