Езэкііля 20 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І сталася ў сёмым годзе, у пятым [месяцы], у дзясяты [дзень] месяца, прыйшлі некаторыя са старшыняў Ізраіля, каб парадзіцца ў ГОСПАДА, і селі перад абліччам маім.
 
І сталася сёмага года, пятага месяца, дзесятага дня таго ж месяца прыбылі некаторыя са старэйшын Ізраэля, каб парадзіцца з Госпадам, ды селі яны перада мною.

І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
 
І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:

«Сыне чалавечы, прамоў да старшыняў Ізраіля і скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вы прыйшлі, каб шукаць Мяне? Як жывы Я, не адкажу вам, кажа Госпад ГОСПАД”.
 
«Сын чалавечы, кажы старэйшынам Ізраэля і скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Ці вы прыйшлі запытацца ў Мяне? Жыву Я, не адкажу вам”, — кажа Госпад Бог.

Ці ж будзеш судзіць іх, ці будзеш судзіць, сыне чалавечы? Пакажы ім брыдоты бацькоў іхніх.
 
Ці ж будзеш судзіць іх, ці будзеш судзіць, сын чалавечы? Пакажы ім агіднасці бацькоў іх.

І скажаш ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. У той дзень, калі Я выбраў Ізраіля і падняў руку Маю, [прысягаючы] насеньню дому Якуба, і аб’явіўся ім у зямлі Эгіпецкай, і падняў руку Маю да іх, кажучы: “Я — ГОСПАД, Бог ваш”,
 
І скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “У той дзень, калі Я выбраў Ізраэль і падняў руку Маю, прысягаючы нашчадкам дому Якуба, і з’явіўся ім у зямлі Егіпецкай ды падняў руку Маю, прысягаючы на іх карысць і кажучы: “Я — Госпад, ваш Бог”,

у той дзень Я падняў руку Маю да іх, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпецкай у зямлю, якую выбраў для іх, якая ацякае малаком і мёдам, пэрліну спасярод усіх земляў.
 
у той дзень Я падняў руку Маю да іх, каб вывесці іх з зямлі Егіпецкай у зямлю, якую ім выбраў, якая ацякала малаком і мёдам, якая вылучаецца пасярод усіх земляў”.

І Я сказаў ім: “Няхай кожны выкіне брыдоту з вачэй сваіх. Не паганьцеся ідаламі Эгіпецкімі. Я — ГОСПАД, Бог ваш”.
 
І сказаў Я ім: “Хай кожны выкіне агіднасці з вачэй сваіх, і не апаганьвайцеся ідаламі егіпецкімі; Я — Госпад, Бог ваш”.

Але яны збунтаваліся і не хацелі слухаць Мяне. Не адкінулі брыдоту з вачэй сваіх і не пакінулі ідалаў Эгіпецкіх. І Я сказаў, што выльлю абурэньне Маё на іх і заспакою гнеў Мой на іх пасярод зямлі Эгіпецкай.
 
І ўзбунтаваліся яны, і не захацелі Мяне слухаць; не адкінуў ніхто агіднасці з вачэй сваіх, і не пакінулі ідалаў егіпецкіх. І вырашыў Я выліць гнеў Свой на іх ды спагнаць абурэнне Сваё на іх у зямлі Егіпта.

Але зрабіў [іначай] дзеля імя Майго, каб не было яно зьняважана ў вачах народаў, сярод якіх яны былі, на вачах якіх Я аб’явіўся ім, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпецкай.
 
І зрабіў Я дзеля імя Майго, каб не было яно зняважана на вачах паганаў, сярод якіх знаходзіліся і сярод якіх Я з’явіўся ім, каб вывесці іх з зямлі Егіпецкай.

І Я вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, і завёў іх у пустыню.
 
І Я вывеў іх з зямлі Егіпецкай, і завёў у пустыню,

І даў ім пастановы Мае, і аб’явіў ім суд Мой, каб, спаўняючы іх, чалавек жыў дзякуючы ім.
 
і даў ім прыказанні Мае, і аб’явіў ім законы Мае, каб, спаўняючы іх, чалавек жыў сярод іх.

І таксама даў ім суботы Мае, каб былі знакам паміж Мною і імі, каб ведалі, што Я— ГОСПАД, Які асьвячае іх.
 
Акрамя таго, даў ім і суботы Мае, каб былі знакам паміж Мною і імі і каб ведалі, што Я — Госпад, Які іх асвячае.

Але дом Ізраіля збунтаваўся супраць Мяне ў пустыні. Не хадзілі яны паводле пастановаў Маіх і суд Мой адкінулі, спаўняючы які, чалавек жыць будзе дзякуючы яму, і суботы Мае вельмі апаганілі. І Я сказаў, што выльлю абурэньне Маё на іх у пустыні, каб зьнішчыць іх.
 
І дом Ізраэля ўзбунтаваўся супраць Мяне ў пустыні: не жылі яны паводле прыказанняў Маіх і законы Мае адкінулі, спаўняючы якія, чалавек жыць імі будзе, і суботы Мае надта апаганілі. Дык Я сказаў, што вылью абурэнне Маё на іх у пустыні і іх знішчу.

Але зрабіў [іначай] дзеля імя Майго, каб не было яно зьняважана ў вачах народаў, бо Я вывеў іх на вачах іхніх.
 
І зрабіў Я паводле імя Майго, каб не было яно зняважана перад народамі, з якіх Я вывеў іх на вачах іх.

І Я таксама падняў руку Маю супраць іх у пустыні, што не ўвяду іх у зямлю, якую даў ім, якая ацякае малаком і мёдам, пэрліну спасярод усіх земляў,
 
Але падняў Я таксама руку Сваю супраць іх у пустыні, каб не ўводзіць іх у зямлю, якую Я даў ім, якая ацякае малаком і мёдам, выбранніцу з усіх земляў;

бо яны адкінулі суд Мой і не спаўнялі пастановаў Маіх, і суботы Мае паганілі, бо ішлі за ідаламі сэрца іхняга.
 
бо адкінулі яны законы Мае, і не спаўнялі прыказанняў Маіх, і суботы Мае апаганілі, бо ішло за ідаламі сваімі сэрца іх.

Але зьлітавалася вока Маё над імі, каб ня вынішчыць іх, і Я ня выгубіў іх у пустыні.
 
І пашкадавала вока Маё іх, каб не вынішчыць іх; і не выгубіў Я іх у пустыні.

І Я сказаў сынам іхнім у пустыні: “Не хадзіце паводле прыкладу бацькоў вашых і не захоўвайце судоў іхніх, і не паганьцеся ідаламі іхнімі.
 
Сказаў жа Я сынам іх у пустыні: “Не хадзіце паводле пастаноў бацькоў вашых, і не пільнуйце іх загады, ды не апаганьвайцеся ідаламі іх.

Я — ГОСПАД, Бог ваш. Хадзіце паводле пастановаў Маіх і суд Мой захоўвайце і спаўняйце яго.
 
Я — Госпад, Бог ваш. Жывіце паводле прыказанняў Маіх і законы Мае пільнуйце і выконвайце іх,

І сьвяціце суботы Мае, і няхай будуць яны знакам паміж Мной і вамі, каб вы ведалі, што Я — ГОСПАД, Бог ваш”.
 
і святкуйце суботы Мае, каб былі яны знакам паміж Мной і вамі і каб ведалі вы, што Я — Госпад, Бог ваш”.

Але збунтаваліся тыя сыны; і не хадзілі паводле пастановаў Маіх, і не захоўвалі суд Мой, каб спаўняць яго, каб, спаўняючы іх, жыў чалавек дзякуючы ім, і паганілі суботы Мае. І Я сказаў, што выльлю абурэньне Маё на іх і заспакою гнеў Мой на іх у пустыні.
 
І супрацівіліся Мне тыя сыны; не жылі паводле прыказанняў Маіх і не захоўвалі законы Мае, каб спаўняць іх, — калі іх спаўняе чалавек, то ён жыве імі, — і апаганілі суботы Мае. І Я вырашыў, што вылью абурэнне Маё на іх і ўчыню гнеў Мой над імі ў пустыні.

Але Я адвярнуў руку Маю і зрабіў [іначай] дзеля імя Майго, каб не зьняважыць яго ў вачах народаў, бо Я вывеў іх на вачах іхніх.
 
Але адвярнуў Я руку Сваю і вырашыў дзеля імя Майго, каб не зневажаць яго на віду народаў, ад якіх Я вывеў іх на вачах іх.

І ізноў Я падняў руку Маю на іх у пустыні, каб расьцярушыць іх паміж народаў і раскідаць іх паміж земляў
 
Ізноў падняў Я руку Маю на іх у пустыні, каб разагнаць іх паміж народаў і раскінуць па чужых землях,

за тое, што яны не чынілі суд Мой і пагардзілі пастановамі Маімі, і суботы Мае паганілі, і на ідалаў бацькоў іхніх падымалі вочы свае.
 
за тое, што законы Мае не спаўнялі, і пагардзілі Маімі прыказаннямі, і суботы Мае апаганілі, і на ідалаў бацькоў сваіх яны падымалі вочы.

І Я даў ім мець пастановы, якія не былі добрыя, і суды, паводле якіх яны не маглі жыць.
 
Дзеля таго Я і даў ім законы нядобрыя, і пастановы, паводле якіх не маглі жыць;

Я даў ім паганіцца ахвярамі іхнімі, каб яны праводзілі праз агонь усё, што першароднае ўлоньня, каб напалохаліся і каб даведаліся, што Я — ГОСПАД”.
 
і Я апаганіў іх ахвярамі іх, калі яны ахвяроўвалі ўсё, што першароднае, каб абудзіць у іх страх ды каб даведаліся, што Я — Госпад».

Дзеля гэтага прамоў, сыне чалавечы, да дому Ізраіля і скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Яшчэ гэтым зьневажалі Мяне бацькі вашыя, што нявернасьцю былі няверныя адносна Мяне.
 
Дзеля таго кажы, сын чалавечы, дому Ізраэльскаму, і кажы ім: «Гэта кажа Госпад Бог: “Яшчэ і тым зняважылі Мяне бацькі вашы, калі выракліся яны Мяне, пагарджаючы Мною,

І Я ўвёў іх у зямлю тую, якую, падняўшы руку Маю, [абяцаў] даць ім, і яны ўбачылі кожны ўзгорак высокі і кожнае дрэва рассахатае, і складалі там свае ахвяры крывавыя і складалі там свае дары агідныя, і складалі там свае ахвяры пахкія, і вылівалі там свае ахвяры вадкія.
 
і калі Я ўвёў іх у зямлю, над якою Я ўзняў руку Маю, каб даць яе ім, убачылі яны кожны ўзгорак высокі і кожнае густалістае дрэва, і ўсклалі там свае ахвяры, і выклікалі гнеў там ахвярамі сваімі; і там ускладалі свае пахкія ахвяры, і ўчынялі ўзліванні свае”.

І Я казаў ім: “Што ёсьць тое ўзвышша, што вы ўзыходзіце на яго?” І называюць яго ўзвышшам па сёньняшні дзень”.
 
І Я казаў ім: “Што ёсць той узгорак, на які вы ўзыходзіце?” І называюць яго “ўзгоркам” аж па сённяшні дзень».

Дзеля гэтага скажы дому Ізраіля: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Дзеля шляху бацькоў вашых вы паганіце сябе і чужаложыце з ідаламі іхнімі.
 
Таму скажы дому Ізраэля: «Вось што кажа Госпад Бог: “Канешне, шляхам бацькоў вашых вы апаганьваеце сябе, і распуснічаеце з іх ідаламі,

І калі складаеце дары вашыя, калі праводзіце сыноў вашых праз агонь, вы паганіцеся з усімі ідаламі іхнімі аж па сёньняшні дзень. І Я маю даць вам, дом Ізраіля, шукаць [парады ў Мяне]? Як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, ня дам вам шукаць [парады ў Мяне].
 
і пры ўскладанні дароў вашых, калі праводзіце сыноў вашых праз агонь, вы апаганьваецеся з усімі ідаламі вашымі аж па сённяшні дзень, ды Я адкажу вам, дом Ізраэля? Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — не дазволю, каб вы ў Мяне шукалі парады.

А тое, што прыходзіць вам на думку, ня станецца ніколі, бо вы кажаце: “Будзем, як народы, як плямёны [іншых] земляў служыць дрэву і камяню”.
 
І тое, што вам на думку прыходзіць, не станецца ніколі, калі вы кажаце: “Будзем, як народы і як плямёны з іншых земляў, служыць дрэву і каменю”.

Як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, Я буду валадарыць над вамі рукою моцнай і рамяном узьнятым, і з гневам страшным.
 
“Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — Я буду валадарыць над вамі моцнай рукою і плячом узнятым, ды са страшным абурэннем.

І Я выведу вас спаміж народаў, і зьбяру вас з земляў, у якія выгнаў вас, рукою моцнай і рамяном узьнятым, і з гневам страшным.
 
І выведу вас спаміж народаў, і збяру вас з земляў, у якіх вы былі параскіданы; моцнай рукой і ўзнятым плячом, і са страшным абурэннем.

І павяду вас у пустыню народаў гэтых, і буду вас судзіць там аблічча да аблічча.
 
І прывяду вас у пустыню тых народаў, і буду вас судзіць там да твару тварам.

Як Я судзіў бацькоў вашых у пустыні зямлі Эгіпецкай, так і вас судзіць буду, кажа Госпад ГОСПАД.
 
Падобна як судзіў Я вашых бацькоў у пустыні зямлі Егіпецкай, так і вас судзіць буду, — кажа Госпад Бог, —

І правяду вас пад дубцом, і завяду вас у путы запавету.
 
і правяду вас пад палкай Маёю, і правяду вас у путах запавету.

І аддзялю ад вас бунтаўнікоў і тых, якія грашаць супраць Мяне, і выведу іх з зямлі пражываньня іхняга, але ў зямлю Ізраіля яны ня ўвойдуць, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД.
 
І аддзялю ад вас парушальнікаў і бязбожнікаў, і выведу іх з зямлі, дзе пражываюць, і ў зямлю Ізраэля не ўвойдуць яны, і даведаецеся вы, што Я — Госпад”.

Дык вось, дом Ізраіля, гэта кажа Госпад ГОСПАД. Няхай кожны ідзе служыць ідалам сваім. Але потым будзеце слухаць Мяне і ўжо больш ня будзеце паганіць імя Майго сьвятога ахвярамі вашымі і ідаламі вашымі.
 
Ды вось, дом Ізраэля, гэта кажа Госпад Бог: “Хай кожны ідзе за сваімі ідаламі і служыць ім. Але потым ці не будзеце слухаць Мяне і ці ўжо болей не будзеце апаганьваць Маё святое імя вашымі ахвярамі і вашымі ідаламі?

Бо на сьвятой гары Маёй, на высокай гары Ізраіля, кажа Госпад ГОСПАД, там будзе служыць Мне ўвесь дом Ізраіля, усе, якія ў зямлі гэтай. Там Я ўпадабаю іх, і там буду шукаць ахвяраў вашых і пяршынаў дароў вашых, і ўсяго, што вы пасьвяціце [Мне].
 
Бо на святой гары Маёй, на высокай гары Ізраэльскай, — кажа Госпад Бог, — там увесь дом Ізраэля будзе Мне служыць: усе, — кажу, — што на зямлі, на якой будуць Мне спагадныя; і там буду шукаць вашых ахвяр і першых дароў вашых ва ўсіх асвячэннях вашых.

І Я ўпадабаю вас, як мілы пах, калі выведу вас спасярод народаў і зьбяру вас з тых земляў, у якіх вы былі расьцярушаныя. І Я асьвячуся ў вас перад вачыма народаў гэтых,
 
Прыму вас, як мілы пах, калі выведу вас пасярод чужых народаў і збяру вас з тых земляў, у якіх вы былі параскіданыя, і асвячуся ў вас перад вачамі гэтых народаў.

і даведаецеся, што Я — ГОСПАД, калі прывяду вас у зямлю Ізраіля, у тую зямлю, адносна якой Я падняў руку Маю бацькам вашым, што дам яе [вам].
 
І будзеце ведаць, што Я — Госпад, калі прывяду вас у зямлю Ізраэльскую, у зямлю, за якую падняў Я руку Сваю, каб даць яе бацькам вашым.

І вы ўзгадаеце шляхі вашыя і ўсе ўчынкі вашыя, якімі вы спаганіліся, і самі будзеце брыдзіцца сабою дзеля ўсіх тых злачынстваў, якія вы рабілі.
 
І ўзгадаеце там шляхі вашы ды ўсе злачынствы вашы, якімі вы апаганіліся, і самі адчуеце гідкасць да сябе, калі падумаеце аб усіх вашых ліхотах, якіх дапусціліся.

І даведаецеся, што Я — ГОСПАД, калі гэта зраблю Вам дзеля імя Майго, а не паводле вашых шляхоў ліхіх і вашых учынкаў няверных, дом Ізраіля, кажа Госпад ГОСПАД”».
 
І даведаецеся, што Я — Госпад, калі спагадаю Вам дзеля Майго імя, не дзеля вашых ліхіх шляхоў ды вашых найгоршых злачынстваў, дом Ізраэля”, — кажа Госпад Бог».

І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
 

«Сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё на шлях на поўдзень і скіруй [слова] на поўдзень, і прароч супраць лесу поля паўднёвага.
 

І скажы лесу паўднёваму: “Слухай слова ГОСПАДА. Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я распалю ў табе агонь, і ён праглыне ў цябе кожнае дрэва зялёнае і кожнае дрэва сухое. Палючае полымя ня згасне, і згарыць у ім усё ад поўдня аж на поўнач.
 

І ўбачыць кожнае цела, што Я — ГОСПАД, запаліў яго, і ён ня згасьне”».
 

І я сказаў: «О Госпадзе ГОСПАДЗЕ! Яны кажуць пра мяне: “Ён толькі прыповесьці расказвае”».