Езэкііля 19 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

А ты ўзьнімі лямант над князямі Ізраіля,
 
А ты падымі плач па князях Ізраіля

і скажаш: “Якой ільвіцай сярод ільвоў была маці твая? Яна ляжала паміж ільвянятамі, гадавала малых сваіх.
 
і скажы: што за львіца маці твая? разьмясьцілася сярод ільвоў, сярод маладых ільвоў гадавала ільвянятаў сваіх.

І выгадавала яна адно з ільвянятак сваіх, і стаўся ён маладым ільвом, навучыўся хапаць здабычу і жэрці чалавека.
 
І выгадавала адно ільвяня сваё; яно зрабілася маладым ільвом, і навучыўся лавіць здабычу, еў людзей.

І склікалі супраць яго народы, і патрапіў ён у яму іхнюю, і павялі яго на ланцугу ў зямлю Эгіпецкую.
 
І пачулі пра яго народы; ён быў злоўлены ў яму іхнюю, і ў ланцугах завялі яго ў зямлю Егіпецкую.

І ўбачыла яна, што [дарма] чакае і што загінула надзея ейная, узяла іншага з ільвянятак сваіх, і выгадавала яго ільвом.
 
І калі пачакаўшы яна ўбачыла, што надзея яе прапала, тады ўзяла другое сваё ільвяня і зрабіла яго маладым ільвом.

І бегаў ён паміж ільвамі, і стаўся ён маладым ільвом, і навучыўся хапаць здабычу і жэрці чалавека.
 
І, зрабіўшыся маладым ільвом, ён пачаў хадзіць сярод ільвоў і навучыўся лавіць здабычу, еў людзей

І спазнаў ён палацы іхнія, і пустошыў гарады іхнія, і слупянела зямля і ўсё, што на ёй, ад голасу рыку ягонага.
 
і апаганьваў удоваў іхніх і гарады іхнія спусташаў; і апусьцела зямля і ўсе селішчы яе ад рыку ягонага.

І сабраліся супраць яго народы адусюль з навакольля, і расьцягнулі на яго сетку сваю, і патрапіў ён у яму іхнюю.
 
Тады паўсталі на яго народы з навакольных мясьцінаў і раскінулі на яго сетку сваю; ён злоўлены быў у яму іхнюю.

На ланцугу запхнулі яго ў клетку і завялі яго да валадара Бабілонскага, і ён замкнуў яго ў вязьніцы, каб ня чуўся больш голас ягоны па гарах Ізраіля.
 
І пасадзілі яго ў клетку на ланцуг і завялі яго да цара Вавілонскага; завялі яго ў крэпасьць, каб ня чуцён ужо быў голас ягоны на горах Ізраілевых.

Маці твая [была] як вінаград у вінаградніку, пасаджаны над вадою, і мела шмат пладоў, і разраслася дзеля мноства вады.
 
Твая маці была — як вінаградная лаза, пасаджаная каля вады; пладавітая і галінастая была яна ад багацьця вады.

І пусьціла яна моцныя галіны, прыдатныя на скіпетры валадароў, і вывышалася прыгажосьцю сваёй сярод гушчару, і была заўважная прыгажосьцю сваёй сярод галінаў сваіх.
 
І былі ў яе галіны моцныя для скіпетраў валадароў, і высока падняўся камель яе сярод густых галін; і выдзялялася яна вышынёю сваёю з мноствам галінаў сваіх.

Але ў гневе была яна вырваная, кінутая на зямлю, і вецер усходні высушыў плады ейныя, былі паламаныя і высахлі галіны ейныя, і агонь зьеў яе.
 
Але ў гневе вырвана, кінута на зямлю, і ўсходні вецер высушыў плод яе; адарваны і высахлі галіны яе, агонь зжэр іх.

І цяпер яна перасаджаная ў пустыню, у зямлю сухую і спрагнёную.
 
А цяпер яна перасаджана ў пустыню, у зямлю сухую і сьмяглую.

І выйшаў агонь з галінаў ейных, і зьеў плады ейныя, і няма ўжо ў яе галінаў моцных, скіпетра валадароў. Вось лямант, і будзе [над ёю] лямант”».
 
І выйшаў агонь з камля галін яе, зжэр плады яе, і не засталося на ёй галін моцных для скіпетра валадара. Гэта — сьлёзная песьня, і застанецца для плачу.