Езэкііля 37 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Была на мне рука ГОСПАДА, і Ён вывеў мяне ў Духу ГОСПАДА, і паставіў мяне сярод даліны, і яна [была] поўная костак.
 
Была на мне рука Госпада, і Гасподзь вывеў мяне духам і паставіў мяне пасярод поля, і яно было поўнае касьцей,

І Ён абвёў мяне вакол іх, і вось, іх вельмі шмат на абліччы той даліны, і вось, яны вельмі сухія.
 
і абвёў мяне вакол каля іх, і вось даволі шмат іх на паверхні поля, і вось яны даволі сухія.

І Ён сказаў мне: «Сыне чалавечы, ці ажывуць косткі гэтыя?» А я сказаў: «Госпадзе ГОСПАДЗЕ, Ты ведаеш».
 
І сказаў мне: сыне чалавечы! ці ажывуць косьці гэтыя? Я сказаў: Госпадзе Божа! Ты ведаеш гэта.

І Ён сказаў мне: «Прароч пра косткі гэтыя і скажы ім: “Косткі сухія, слухайце слова ГОСПАДА!
 
І сказаў мне: вымаві прароцтва на косьці гэтыя і скажы ім: «косьці сухія! слухайце слова Гасподняе!»

Гэта кажа Госпад ГОСПАД косткам гэтым. Вось, Я ўвяду ў вас дух, і будзеце жыць,
 
Так кажа Гасподзь Бог касьцям гэтым: вось, Я ўвяду ў вас дух, і ажывяце.

і Я зьвяжу вас жыламі, і вырашчу на вас цела, і абцягну вас скураю, і дам вам духа, і будзеце жыць, і даведаецеся, што Я — ГОСПАД”».
 
І абкладу вас жыламі, і выгадую на вас плоць, і пакрыю вас скураю, і ўвяду ў вас дух, і ажывяце, і ўведаеце, што Я — Гасподзь.

І я прарочыў, як мне было загадана. І стаўся шум, калі я прарочыў. І вось, грукат, і наблізіліся косткі, костка да косткі сваёй.
 
Я вымавіў прароцтва, як загадана было мне; і калі я прарочыў, адбыўся шум, і вось рух, і пачалі збліжацца косьці, костка з косткаю сваёю.

І я ўбачыў, і вось, на костках жылы, і вырасла цела, і была пазьней нацягнута на іх скура, але духа не было ў іх.
 
І бачыў я, і вось, жылы былі на іх, і плоць нарасла, і скура пакрыла іх зьверху, а духа ня было ў іх.

І Ён сказаў мне: «Прароч да духа, прароч, сыне чалавечы, і скажы духу: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ад чатырох вятроў прыйдзі дух, і дыхні на гэтых забітых, і яны будуць жыць”».
 
Тады сказаў Ён мне: вымаві прароцтва духу, вымаві прароцтва, сыне чалавечы, і скажы духу: так кажа Гасподзь Бог: ад чатырох вятроў прыйдзі, дух, і дыхні на гэтых забітых, і яны ажывуць.

І я прарочыў, як Ён загадаў мне. І ўвайшоў у іх дух, і яны ажылі, і сталі на ногі свае, войска вельмі-вельмі вялікае.
 
І я вымавіў прароцтва, як Ён загадаў мне, і ўвайшоў у іх дух, — і яны ажылі і сталі на ногі свае — досыць, досыць вялікае полчышча.

І Ён сказаў мне: «Сыне чалавечы, косткі гэтыя — [гэта] ўвесь дом Ізраіля. Вось, яны кажуць: “Высахлі косткі нашыя, і загінула надзея нашая, мы сьсечаныя”.
 
І сказаў Ён мне: сыне чалавечы! косьці гэтыя — увесь дом Ізраілеў. Вось, яны кажуць: «высахлі косьці нашыя, і загінула надзея нашая: мы адарваныя ад кораня».

Дзеля гэтага прароч і скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я адчыню магілы вашыя і выведу вас з магілаў вашых, народзе Мой, і ўвяду вас у зямлю Ізраіля.
 
Таму вымаві прароцтва і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вось, я адчыню труны вашыя і выведу вас, народзе Мой, з трунаў вашых і ўвяду вас у зямлю Ізраілевую.

І вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД, калі Я адчыню магілы вашыя, і выведу вас з магілаў вашых, народзе Мой.
 
І ўведаеце, што Я — Гасподзь, калі адчыню труны вашыя і выведу вас, народзе Мой, з трунаў вашых,

І Я дам вам Духа Майго, і вы ажывіцё, і Я завяду вас у зямлю вашую, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД, Я прамовіў [гэта] і зрабіў, кажа ГОСПАД”».
 
і ўкладу ў вас дух Мой, і ажывяце, і зьмяшчу вас на зямлі вашай — і ўведаеце, што Я Гасподзь сказаў гэта — і зрабіў, кажа Гасподзь.

І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
 
І было мне слова Гасподняе:

«А ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе [кавалак] дрэва і напішы на ім: “Для Юды і сыноў Ізраіля, таварышаў ягоных”. І вазьмі другі [кавалак] дрэва і напішы на ім: “Для Язэпа і ўсяго дому Ізраіля, таварышаў ягоных”.
 
а ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе адно жазло і напішы на ім: «Юду і сынам Ізраілевым, што ў спрымірэнстве зь ім»; і яшчэ вазьмі жазло і напішы на ім: «Язэпу», гэта — жазло Яфрэмава і ўсяго дому Ізраілевага, што ў спрымірэнстве зь ім.

І злучы іх з сабой, адно з другім, у адзін [кавалак] дрэва, каб былі яны адно ў руцэ тваёй.
 
І складзі іх у сябе адзін з адным у адно жазло, каб яны ў руцэ тваёй былі адно.

І калі скажуць табе сыны народу твайго, кажучы: “Ці не паведаміш ты нам, што гэта ў цябе [значыць]?”,
 
І калі спытаюцца ў цябе сыны народу твайго: «ці не растлумачыш нам, што гэта ў цябе?»

прамовіш да іх: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я вазьму дрэва Язэпа, якое ў руцэ Эфраіма, і плямёны Ізраіля, таварышаў ягоных, і прыкладу іх да дрэва Юды, і зраблю іх адным дрэвам, і яны будуць адно ў руцэ Маёй”.
 
Тады скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я вазьму жазло Язэпава, якое ў руцэ ў Яфрэма і спрыміраных зь ім плямёнаў Ізраілевых, і прыкладу іх да яго, да жазла Юдавага, і зраблю іх адным жазлом, і будуць адно ў руцэ Маёй.

І будуць тыя [кавалкі] дрэва, на якіх ты напісаў, у руцэ тваёй перад вачыма іхнімі.
 
Калі ж абодва жэзлы, на якіх ты напішаш, будуць у руцэ тваёй перад вачыма іхнімі,

І прамовіш да іх: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я вазьму сыноў Ізраіля спасярод народаў, да якіх яны пайшлі, і зьбяру іх адусюль, і ўвяду іх у зямлю іхнюю.
 
дык скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я вазьму сыноў Ізраілевых спасярод народаў, сярод якіх яны жывуць, і зьбяру іх адусюль і прывяду іх у зямлю іхнюю.

І зраблю іх адным народам у зямлі гэтай, на гарах Ізраіля, і адзін валадар будзе валадаром для ўсіх іх, і больш ня будуць яны двума народамі, і больш ня будуць падзеленыя на два валадарствы.
 
На гэтай зямлі, на горах Ізраіля Я зраблю іх адным народам, і адзін Цар будзе царом ва ўсіх іх, і ня будуць болей двума народамі і ўжо ня будуць наперад дзяліцца на два царствы.

І ня будуць больш яны паганіцца ідаламі сваімі і брыдотамі сваімі, і ўсякімі злачынствамі сваімі. І Я збаўлю іх з усіх сялібаў іхніх, у якіх яны грашылі, і ачышчу іх, і яны будуць для Мяне народам, а Я буду для іх Богам.
 
І ня будуць ужо апаганьваць сябе ідаламі сваімі і рознымі заганамі сваімі, і вызвалю іх з усіх мясьцінаў, дзе яны жывуць, дзе яны грашылі, і ачышчу іх, — і будуць Маім народам, і Я буду іх Богам.

І слуга Мой, Давід, будзе валадаром над імі, і пастыр адзін будзе для ўсіх іх, і яны будуць хадзіць паводле судоў Маіх, і пастановы Мае будуць захоўваць, і будуць выконваць іх.
 
А раб Мой Давід будзе царом над імі і пастырам усіх іх, і яны будуць хадзіць паводле запаведзяў Маіх і пастановы Мае будуць захоўваць і выконваць іх.

І яны будуць жыць на зямлі, якую даў Я слузе Майму Якубу, на якой жылі бацькі іхнія. І будуць жыць на ёй яны і сыны іхнія, і сыны сыноў іхніх на вякі, і Давід, слуга Мой, [будзе] князем у іх на вякі.
 
І будуць жыць на зямлі, якую Я даў рабу Майму Якаву, на якой жылі бацькі іхнія: там будуць жыць яны і дзеці іхнія і дзеці дзяцей іхніх вавекі; і раб Мой Давід будзе князем у іх вечна.

І Я заключу з імі запавет супакою, і будзе гэта запавет вечны з імі. І Я ўмацую іх, і памножу, і сьвятыня Мая будзе сярод іх на вякі.
 
І заключу зь імі запавет міру, запавет вечны будзе зь імі. І ўладкую іх і памножу іх і пастаўлю сярод іх сьвятыню Маю навекі.

І будзе сяліба Мая над імі, і Я буду для іх Богам, а яны будуць для Мяне народам.
 
І будзе ў іх жытло Маё, і буду іхнім Богам, а яны будуць Маім народам.

І даведаюцца народы, што Я — ГОСПАД, Які асьвячае Ізраіля, калі сьвятыня Мая будзе сярод іх на вякі”».
 
І ўведаюць народы, што Я — Гасподзь, Які асьвячае Ізраіля, калі сьвятыня Мая будзе сярод іх вавекі.