Езэкііля 40 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

У дваццаць пятым годзе выгнаньня нашага, на пачатку году, у дзясяты [дзень] месяца, у чатырнаццатым годзе пасьля таго, як быў зруйнаваны горад, у той самы дзень была на мне рука ГОСПАДА, і Ён завёў мяне туды.
 
У дваццаць пятым годзе пасьля перасяленьня нашага, на пачатку года, у дзясяты дзень месяца, у чатырнаццатым годзе пасьля разбурэньня горада, у той самы дзень была на мне рука Госпада, і Ён павёў мяне туды.

У відзежах Божых Ён завёў мяне ў зямлю Ізраіля і паставіў мяне на гары вельмі высокай, а на ёй былі нібыта пабудовы гораду, на поўдні.
 
Ва ўявах Божых прывёў Ён мяне ў зямлю Ізраілевую і паставіў мяне на даволі высокай гары, і на ёй з паўднёвага боку былі як бы гарадскія будынкі,

І Ён завёў мяне туды, і вось, чалавек, які меў выгляд, нібы з медзі; і вяроўка ільняная ў руцэ ягонай, і прут для мераньня. І ён стаяў пры браме.
 
і прывёў мяне туды. І вось муж, выгляд у якога як бы выгляд бліскучай медзі, і льняная вяроўка ў руцэ ў яго і трысьціна для вымярэньня, і стаяў ён каля брамы.

І сказаў мне чалавек той: «Сыне чалавечы, паглядзі вачыма тваімі і паслухай вушамі тваімі, і зьвярні сэрца тваё на ўсё тое, што я табе пакажу, бо ты прыведзены сюды на тое, каб убачыць гэта. Паведамі дому Ізраіля пра ўсё, што ты ўбачыш».
 
І сказаў мне гэты муж: сыне чалавечы! глядзі вачыма тваімі і слухай вушамі тваімі, і прыкладвай сэрца тваё да ўсяго, што я буду паказваць табе, бо ты на тое і прыведзены сюды, каб я паказаў табе гэта; усё, што ўгледзіш, абвясьці дому Ізраілеваму.

І вось, мур звонку Дому [Божага] з усіх бакоў навокал, а ў руцэ чалавека таго — меральны прут на шэсьць локцяў, [лічачы] па локці і далоні. І ён зьмераў шырыню пабудовы — адзін прут, і вышыня адзін прут.
 
І вось, па-за храмам — мур з усіх бакоў яго, і ў руцэ ў таго мужа — трысьціна для вымярэньня ў шэсьць локцяў, калі лічыць кожны локаць локцем з далоню; і намерыў ён у гэтым будынку адну трысьціну таўшчыні і адну трысьціну вышыні.

І прыйшоў ён да брамы, якая зьвернута на шлях на ўсход, і ўзыйшоў па сходах, і зьмераў парог брамы — адзін прут шырыні. І зьмераў другі парог — адзін прут шырыні.
 
Потым пайшоў да брамы, тварам на ўсход, і падняўся па прыступках яе і знайшоў меры ў адным парозе брамы адну трысьціну шырыні і ў другім парозе адну трысьціну шырыні.

І вартоўня — адзін прут даўжыні і адзін прут шырыні, а паміж вартоўнямі — пяць локцяў, і парог брамы з боку прысенкаў брамы з сярэдзіны — адзін прут.
 
І ў кожным бакавым пакоі адна трысьціна даўжыні і адна трысьціна шырыні, а паміж пакоямі пяць локцяў, і ў парозе брамы каля бабінца брамы ўсярэдзіне адна трысьціна.

І ён зьмераў прысенак брамы ў [бок] Дому — адзін прут.
 
І зьмерыў ён у бабінцы брамы ўсярэдзіне адну трысьціну,

І ён зьмераў прысенак брамы — восем локцяў, і філяры ягоныя — два локці, і прысенак брамы — у [бок] Дому.
 
а ў бабінцы каля брамы намерыў восем локцяў і два локці ў слупах. Гэты бабінец каля брамы — з боку храма.

І вартоўні брамы на шляху на ўсход — тры [локці] з гэтага боку і тры з таго боку, усе тры той самай меры, і філяры той самай меры, як з аднаго, так і з другога боку.
 
Бакавых пакояў каля ўсходняй брамы: тры — з аднаго боку і тры — з другога; адна мера ва ўсіх трох і адна мера ў слупах з таго і з другога боку.

І зьмераў шырыню ўваходу праз браму — дзесяць локцяў, даўжыня брамы — трынац- цаць локцяў.
 
Шырыні ў пройме брамы ён намерыў дзесяць локцяў, а даўжыні брамы — трынаццаць локцяў.

А перагародка перад вартоўнямі — адзін локаць, і адзін локаць з другога боку, а вартоўня — шэсьць локцяў з аднаго боку і шэсьць локцяў з другога боку.
 
А перад пакоямі выступ у адзін локаць, і ў адзін локаць — з другога боку выступ; гэтыя пакоі з аднаго боку мелі шэсьць локцяў і шэсьць локцяў з другога боку.

І ён зьмераў браму ад даху вартоўні да другога даху, шырыня была дваццаць пяць локцяў, дзьверы насупраць дзьвярэй.
 
Потым намерыў ён у браме ад даху аднаго пакоя да даху другога дваццаць пяць локцяў шырыні; дзьверы былі насупраць дзьвярэй.

І зрабіў [абмер] філяраў — шэсьцьдзясят локцяў. І да філяраў [падыходзіць] панадворак брамы наўкола з усіх бакоў.
 
А ў слупах ён налічыў шасьцьдзясят локцяў — у кожным слупе каля двара і каля брамы,

Ад пярэдняга боку ўваходу праз браму да пярэдняга боку прысенку брамы ўнутранай — пяцьдзясят локцяў.
 
і ад пярэдняга боку ўваходу ў браму да пярэдняга боку ўнутранае брамы — пяцьдзясят локцяў.

І закратаваныя вокны [былі] наўкола з усіх бакоў у вартоўнях і ў філярах іхніх у сярэдзіну, і таксама былі вокны наўкола прысенку ў сярэдзіну, а на філярах — пальмы.
 
Кратаваныя вокны былі і ў бакавых пакоях і ў слупах іх, усярэдзіну брамы вакол, таксама і ў бабінцах вокны былі вакол на зьнешні бок, і на слупах — пальмы.

І завёў ён мяне на панадворак вонкавы, і вось, пакоі, і ўзвышэньне кругом на панадворку; трыццаць пакояў [было] на ўзвышэньні.
 
І прывёў ён мяне на зьнешні двор, і вось там — пакоі і каменны памост вакол двара; трыццаць пакояў на тым памосьце.

Узвышэньне [было] каля брамы адпаведна даўжыні брамы, [гэта] ніжняе ўзвышэньне.
 
І памост гэты быў абапал брамы, адпаведна даўжыні брамы; гэты памост быў ніжэй.

І ён зьмераў шырыню ад пярэдняга боку брамы ніжняй аж да пярэдняга боку ўнутранага панадворку звонку — сто локцяў на ўсход і на поўнач.
 
І намерыў ён у шырыню ад ніжняе брамы да зьнешняга краю ўнутранага двара сто локцяў — на ўсход і на поўнач.

І [была] брама, у якой пярэдні бок на шляху на поўнач, на панадворку вонкавым, і ён зьмераў даўжыню ейную і шырыню ейную.
 
Ён зьмерыў таксама даўжыню і шырыню брамы зьнешняга двара, які выходзіў на поўнач,

І тры вартоўні ейныя з аднаго боку і тры вартоўні з другога боку; і філяры ейныя, і прысенкі ейныя былі паводле памераў першай брамы, пяцьдзясят локцяў даўжыня ейная і дваццаць пяць локцяў шырыня.
 
і бакавыя пакоі пры іх, тры з аднаго боку і тры з другога; і слупы іх і выступы іх былі такой самай меры, як у ранейшае брамы: даўжыня іх — пяцьдзясят локцяў, а шырыня — дваццаць пяць локцяў.

А вокны ейныя, і прысенкі ейныя, і пальмы [аздабленьня] ейнага былі такія, як у брамы, у якой пярэдні бок на шляху на ўсход. І па сямі прыступках уваходзяць у яе, і прысенкі ейныя насупраць іх.
 
І вокны іх і выступы іх і пальмы іх — той самай меры, як у брамы, якая выходзіць на ўсход; і ўваходзяць у яе па сямі прыступках, і перад імі выступы.

І [была] брама ўнутранага панадворку насупраць брамы паўночнай і ўсходняй. І ён зьмераў ад брамы да брамы — сто локцяў.
 
І ва ўнутраны двор ёсьць брама насупраць брамаў паўночнай і ўсходняй; і намерыў ён ад брамы да брамы сто локцяў.

І завёў ён мяне на шлях на поўдзень, і вось, брама на шляху на поўдзень, і ён зьмераў філяры ейныя і прысенкі ейныя, і [яны мелі] тыя самыя памеры.
 
І павёў мяне на поўдзень, і вось там — брама паўднёвая; і намерыў ён у слупах і выступах такую самую меру.

Яна і прысенкі ейныя [мелі] вокны з усіх бакоў наўкола, такія самыя як вокны папярэднія; пяцьдзесят локцяў даўжыня ейная і дваццаць пяць локцяў шырыня.
 
І вокны ў іх і перад дзьвярыма ў іх — такія самыя, як тыя вокны: даўжыні пяцьдзясят локцяў, а шырыні дваццаць пяць локцяў.

І па сямі прыступках уваходзяць у яе, і прысенкі ейныя насупраць яе; і пальмы [аздабленьня] ейнага [былі] на філярах з абодвух бакоў.
 
Пад’ём да іх — у сем прыступак, і пераддзьвер’е перад імі; і пальмавыя акрасы — адно з аднаго боку і адно з другога — на слупах іх.

І [была] брама ўнутранага панадворку на шляху на поўдзень; і ён зьмераў ад адной брамы да другой на шляху на поўдзень — сто локцяў.
 
І ва ўнутраны двор была паўднёвая брама; і намерыў ён ад брамы да брамы паўднёвай сто локцяў.

І ён завёў мяне на ўнутраны панадворак праз браму паўднёвую і зьмераў браму паўднёвую, і [мела яна] тыя самыя памеры.
 
І прывёў ён мяне праз паўднёвую браму ва ўнутраны двор; і намерыў у паўднёвай браме тую самую меру.

І вартоўні ейныя, і філяры ейныя, і прысенкі ейныя мелі тыя самыя памеры; яна і прысенкі ейныя [мелі] вокны з усіх бакоў наўкола; пяцьдзясят локцяў даўжыня ейная і дваццаць пяць локцяў шырыня.
 
І бакавыя пакоі іх і слупы іх і бабінцы іх — той самай меры, і вокны ў іх і ў бабінцах іх былі вакол; усяго ў даўжыню — пяцьдзясят локцяў, а ў шырыню — дваццаць пяць локцяў.

І прысенкі з усіх бакоў наўкола; дваццаць пяць локцяў даўжынёю і пяць локцяў шырынёю.
 
Бабінцы былі вакол у дваццаць пяць локцяў, а шырынёю ў пяць локцяў.

І прысенкі ейныя [былі] пры вонкавым панадворку; і пальмы [аздабленьня] ейнага [былі] на філярах, і восем прыступак [меў] уваход ейны.
 
І бабінцы былі ў іх на зьнешні двор, і пальмы былі на слупах іх; пад’ём да іх — на восем прыступак.

І ён завёў мяне на зьнешні панадворак на шляху на ўсход, і зьмераў браму; і [мела яна] тыя самыя памеры.
 
І павёў мяне ўсходняю брамаю на ўнутраны двор; і намерыў у гэтай браме тую самую меру.

І вартоўні ейныя, і філяры ейныя, і прысенкі ейныя мелі тыя самыя памеры. Яна і прысенкі ейныя [мелі] вокны з усіх бакоў наўкола; пяцьдзясят локцяў даўжыня ейная і дваццаць пяць локцяў шырыня.
 
І бакавыя пакоі іх і слупы іх былі вакол; даўжыня на пяцьдзясят локцяў, і шырыня — дваццаць пяць локцяў.

І прысенкі ейныя [былі] пры вонкавым панадворку; і пальмы [аздабленьня] ейнага [былі] на філярах, і восем прыступак [меў] уваход ейны.
 
Бабінцы ў іх былі на зьнешні двор, і пальмы на слупах іх з таго і другога боку; пад’ём да іх — на восем прыступак.

І ён прывёў мяне да брамы паўночнай, і зьмераў яе, і [яна мела] тыя самыя памеры.
 
Потым прывёў мяне да паўночнае брамы і намерыў у ёй тую самую меру.

І вартоўні ейныя, і філяры ейныя, і прысенкі ейныя, і вокны [былі] з усіх бакоў наўкола, пяцьдзясят локцяў даўжыня ейная і дваццаць пяць локцяў шырыня.
 
Бакавыя пакоі пры ёй, слупы яе былі вакол; усяго ў даўжыню — пяцьдзясят локцяў і ў шырыню — дваццаць пяць локцяў.

І прысенкі ейныя [былі] пры вонкавым панадворку; і пальмы [аздабленьня] ейнага [былі] на філярах, і восем прыступак [меў] уваход ейны.
 
Бабінцы ў ёй былі на зьнешні двор і пальмы на слупах яе з таго і з другога боку; пад’ём да яе — на восем прыступак.

І [быў] пакой, уваход у які быў пры філярах брамы. Там мылі ахвяры цэласпаленьня.
 
Быў таксама пакой, з уваходам у яго, каля слупоў брамы: там абмываюць ахвяры цэласпаленьня.

А ў прысенках брамы [былі] два сталы з аднаго боку і два сталы з другога боку для забіваньня ахвяраў цэласпаленьня, ахвяраў за грэх і ахвяраў аднагараджэньня.
 
А ў бабінцы каля брамы два сталы — з аднаго боку і два — з другога боку, каб калоць на іх ахвяры цэласпаленьня і ахвяры за грэх і ахвяры за злачынства.

А на зьнешнім баку, пры ўваходзе ў браму паўночную, [былі] два сталы, і з другога боку, пры прысенках брамы, [былі] два сталы;
 
І са зьнешняга боку каля ўваходу ў праёміну паўночнае брамы былі два сталы, і з другога боку каля бабінца пад брамай — два сталы.

чатыры сталы з аднаго боку і чатыры сталы з другога боку брамы, восем сталоў, на якіх забівалі [ахвяры].
 
Чатыры сталы — з аднаго боку і чатыры сталы — з другога боку і абапал брамы: усяго восем сталоў, на якіх колюць ахвяры.

А чатыры сталы на ахвяры цэласпаленьня [былі] з чэсанага камяня, даўжыня [іх] — паўтары локці, шырыня — паўтары локці, вышыня — адзін локаць; на іх клалі прылады для забіваньня ахвяраў цэласпаленьня і [іншых] ахвяраў.
 
І чатыры сталы для прыгатаваньня цэласпаленьня былі з часаных камянёў, даўжынёю ў паўтара локця і шырынёю ў паўтара локця, а вышынёю ў адзін локаць; на іх кладуць прылады для заколу ахвяры цэласпаленьня і іншыя ахвяры.

І паліцы шырынёю ў далонь былі зроблены ў доме наўкола, а на сталах [было] мяса ахвярнае.
 
І гакі ў адну далоню ўроблены былі ў сьцены будынка вакол, а на сталах клалі ахвярнае мяса.

А звонку брамы ўнутранай [былі] два пакоі на ўнутраным панадворку, адзін з боку брамы паўночнай, і пярэдні бок ягоны на шляху на поўдзень, і адзін з боку брамы ўсходняй, і пярэдні бок ягоны на шляху на поўнач.
 
Звонку ўнутранае брамы былі пакоі для сьпевакоў; на ўнутраным двары, з боку паўночнае брамы, адна на поўдзень, а другая, з боку паўднёвае брамы, на поўнач.

І ён сказаў мне: «Гэты пакой, у якім пярэдні бок на шляху на поўдзень, — для сьвятароў, якія спаўняюць службу ў Доме [Божым].
 
І сказаў ён мне: гэты пакой, які выходзіць на поўдзень — для сьвятароў, якія чуваюць на варце храма;

А пакой, у якім пярэдні бок на шляху на поўнач, — для сьвятароў, якія спаўняюць службу пры ахвярніку. Гэта сыны Цадока, якія спаміж сыноў Левія [могуць] набліжацца да ГОСПАДА, каб служыць Яму».
 
а пакой, які выходзіць на поўнач — для сьвятароў, якія чуваюць на варце ахвярніка: гэта сыны Садока, якія адны з сыноў Лявія набліжаюцца да Госпада, каб служыць Яму.

І ён зьмераў панадворак. Быў гэта квадрат у сто локцяў даўжыні і сто локцяў шырыні, і ахвярнік [стаяў] перад Домам [Божым].
 
І намерыў ён у двары сто локцяў даўжыні і сто локцяў шырыні: ён быў чатырохкутны: а перад храмам стаяў ахвярнік.

І ён увёў мяне ў прысенкі Дому, і зьмераў філяр прысенкаў, і [было] пяць локцяў з аднаго боку і пяць локцяў з другога боку: а шырыня брамы — тры локці з аднаго боку і тры локці з другога боку.
 
І прывёў ён мяне да бабінца храма і намерыў у слупах бабінца пяць локцяў з аднаго боку і пяць локцяў з другога; а ў браме — тры локці шырыні з аднаго боку і тры локці з другога.

Даўжыня прысенкаў — дваццаць локцяў, а шырыня — адзінаццаць локцяў, і па прыступках уваходзяць у яе. І слупы [былі] пры філярах, адзін з аднаго боку, а другі з другога боку.
 
Даўжыня бабінца — дваццаць локцяў, а шырыня — адзінаццаць локцяў, і ўзыходзяць у яго па дзесяці прыступках; і былі падпоры ў слупоў: адна — з аднаго боку, а другая — з другога.