Мацьвея 12 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад В. Гадлеўскага
Тым часам праходзіў Ісус у суботу засеянымі палямі, а вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есьці.
У той час Езус праходзіў паміж збожа ў суботу, а вучні ягоны, будучы галоднымі, пачалі зрываць каласы і есьці.
Фарысэі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, вучні Твае робяць, чаго нельга рабіць у суботу.
А фарызэі, угледеўшы, сказалі яму: Вось вучні твае робяць, чаго ня можна рабіць у суботу.
А Ён сказаў ім: хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі зь Ім?
Але ён сказаў ім: Ці вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі захацеў есьці і тыя, што з ім былі?
Як ён увайшоў у дом Божы і еў пакладныя хлябы, якіх нельга было есьці ні яму, ні тым, што зь ім былі, а толькі адным сьвятарам?
Як ён увайшоў у дом Божы і еў ахвярныя хлябы, якіх ня можна было есьці ані яму, ані тым, што з ім былі, а толькі сьвятарам?
Альбо ці ня чыталі вы ў законе, што ў суботы сьвятары ў храме парушаюць суботу, аднак не вінаватыя?
Або ці вы ня чыталі ў законе, што ў суботу сьвятары ў сьвятыні ломяць суботу і астаюцца бяз віны?
Але кажу вам, што тут нешта большае за храм;
А я вам кажу, што тут ёсьць большы за сьвятыню.
калі б ведалі вы, што азначае: «міласьці хачу, але не ахвяры», не асудзілі б невінаватых;
А калі-б вы ведалі, што значыць: «Міласэрдзя хачу, а не ахвяры» (Оз. 6:6), то ніколі не асудзілі-б бязвінных.
бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы.
Бо Сын чалавечы ёсьць Панам і суботы.
І перайшоўшы адтуль, увайшоў Ён у сынагогу іхнюю.
І калі адыйшоў адтуль, прыйшоў у іхную бажніцу.
І вось там быў чалавек з сухою рукою. І спыталіся ў Яго: ці можна ацаляць у суботы? — каб зьвінаваціць Яго.
І вось чалавек, які меў сухую руку. І каб яго абвінаваціць, спыталіся ў яго, кажучы: Ці можна ў суботу аздараўляць?
А Ён сказаў ім: ці ёсьць сярод вас такі чалавек, што, маючы адну авечку, — калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, — ня возьме і ня выцягне яе?
Ён-жа сказаў ім: Ці ёсьць спаміж вас такі чалавек, каторы, маючы адну авечку, ня ўзяў-бы і ня выцягнуў-бы яе, калі-б яна ў суботу ўвалілася ў яму?
Наколькі ж чалавек лепшы за авечку! Таму можна ў суботу дабро рабіць.
Наколькі-ж лепшы чалавек за аўцу? Дзеля гэтага можна ў суботу рабіць дабро.
Тады кажа чалавеку таму: працягні руку тваю. І той працягнуў; і стала яна здаровая, як другая.
Тады сказаў чалавеку: Выцягні руку тваю! І выцягнуў — і стала яна здарова, як і другая.
А фарысэі выйшлі і раду мелі супраць Яго, як бы загубіць Яго. Але Ісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль.
А фарызэі, выйшаўшы, зрабілі нараду проціў яго, як-бы яго загубіць.
І пайшло за Ім сьледам багата людзей, і Ён ацаліў іх усіх
Але Езус, ведаючы, адыйшоў адтуль, і пайшлі за ім многія і аздаравіў іх усіх.
і забараніў ім расказваць пра Яго:
І загадаў ім, каб не выяўлялі яго;
каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
каб споўнілася тое, што было сказана праз Ізраіля прарока (Із. 42:1-4), які кажа:
«Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў; Любасны Мой, Якога ўпадабала душа Мая. Ускладу Духа Майго на Яго і Ён суд народам абвесьціць;
«Вось слуга мой, каторага я выбраў; узлюблены мой, каторага вельмі спадабала душа мая. Узлажу на яго духа майго і будзе абвяшчаць суд народам.
не запярэчыць, ні залямантуе, і не пачуе ніхто на вуліцах голасу Ягонага;
Ня будзе спорыць і ня будзе крычаць, і ніхто не пачуе на вуліцах голасу яго.
трысьціны надламанай не пераломіць, і кнота, які тлее, не патушыць, пакуль не давядзе суд да перамогі;
Трысьціны надломленае не пераломіць і лону тлеючага не пагасіць, пакуль не давядзе суду да перамогі.
і на імя Ягонае будуць спадзявацца народы».
І ў імя яго будуць надзеяцца народы.
Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сьляпога і нямога; і ацаліў яго, так што сьляпы і нямы пачаў гаварыць і бачыць.
Тады прыявялі да яго чалавека, які меў д’ябэльства, сьляпога і нямога, і аздаравіў яго, так што гаварыў і відзеў.
І зьдзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці ня гэта Хрыстос, Сын Давідаў?
І стаўпянелі ўсе грамады і казалі: Ці гэта ня Сын Давіда?
А фарысэі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганяў дэманаў няйначай, як Вэльзэвулам, князем дэманскім.
А фарызэі, пачуўшы, сказалі: Ён выганяе д’яблаў ня інакш, як праз Бэльзэбуба, д’ябэльскага князя.
Але Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў ім: усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее; і ўсякі горад альбо дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць.
Але Езус, знаючы іх думкі, сказаў ім: Усякае каралеўства, разьдзяліўшыся проціў сябе, апусьцее, і ўсякі горад або дом, разьдзяліўшыся проціў сябе, не ўстаіць.
І калі сатана сатану выганяе, дык ён разьдзяліўся сам у сабе, як жа ўстоіць царства ягонае?
А калі д’ябал д’ябла выганяе, то ён разьдзяліўшыся проціў сябе, дык як устаіць ягонае каралеўства?
І калі Я Вэльзэвулам выганяю дэманаў, дык сыны вашыя кім выганяюць? Таму яны вам судзьдзямі будуць.
І калі я праз Бэльзэбуба выганяю д’яблаў, то вашыя сыны праз каго выганяюць? Дзеля гэтага яны будуць вашымі судзьдзямі.
Калі ж Я Духам Божым выганяю дэманаў, то дайшло да вас Царства Божае.
Але калі я Духам Божым выганяю д’яблаў, дык прыйшло да вас каралеўства Божае.
Альбо, як можа хто ўвайсьці ў дом дужага і рэчы яго зрабаваць, калі сьпярша ня зьвяжа дужага і тады дом яго зрабуе?
Або як можа ўвайсьці хто ў дом дужага і разграбіць яго рэчы, калі перш ня зьвяжага дужага? І тады разграбіць дом ягоны.
Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.
Хто не са мной, той проціў мяне, і хто не зьбірае са мной, раскідае.
Таму кажу вам: усякі грэх і блюзьнерства даруюцца людзям; а супраць Духа блюзьнерства не даруецца людзям;
Дзеля таго кажу вам: Усякі грэх і блюзьнерства будзе адпушчана людзям, але блюзьнерства проціў Духа ня будзе адпушчана.
калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму; а калі хто скажа на Духа Сьвятога, не даруецца яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.
І хто-б сказаў слова проціў Сына чалавечага, будзе яму адпушчана, але хто-б сказаў проціў Духа Сьвятога, ня будзе яму адпушчана ані ў гэтым ані ў будучым веку.
Альбо прызнайце дрэва добрым і плод ягоны добрым; альбо прызнайце дрэва благім і плод ягоны благім; бо па плодзе дрэва пазнаецца.
Або прызнайце дзерава добрым і плод яго добрым, або прызнайце дзерава благім і плод яго благім, бо-ж дзерава пазнаецца з плоду.
Выродзьдзе яхідніна! як вы можаце добрае казаць, калі вы ліхія? Бо ад лішніцы сэрца вусны маўляюць.
Родзе гадавы! як вы можаце гаврыць добрае, калі вы благія? Бо з паўнаты сэрца вусны гавораць.
Добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае; а ліхі чалавек зь ліхой скарбніцы выносіць ліхое.
Добры чалавек з добрага скарбу выносіць добрае, а благі чалавек з благога скарбу выносіць благое.
Кажу ж вам, што за кожнае марнае слова, якое вымавяць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны;
Але я ваму кажу, з кожнага пустога слова, якое скажуць людзі, дадуць адказ у судны дзень.
бо паводле слоў сваіх апраўдаешся, і паводле слоў сваіх асудзішся.
Бо са слоў сваіх ты будзеш асуджаны.
Тады адказалі некаторыя кніжнікі і фарысэі, кажучы: Настаўнік! хочам ад Цябе азнаку ўбачыць.
Тады адказалі яму некаторыя з кніжнікаў і фарызэяў, кажучы: Вучыцель, мы хочам ад цябе знак убачыць.
Ён ім сказаў у адказ: род падступны і пералюбны азнакі шукае; і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока;
Ён, адказаўшы, сказаў ім: Род злы і чужаложны знаку шукае, але знак яму ня будзе дадзены, апрача знаку Ёны прарока.
бо як Ёна быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
Бо як Ёна быў унутры рыбы тры дні і тры ночы, так будзе Сын чалавечы ўнутры зямлі тры дні і тры ночы.
Нінэвіцяне ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся праз пропаведзь Ёнаву; і вось, тут больш за Ёну.
Мужы Нінівійскія стануць на судзе з гэтым родам і асудзяць яго, бо яны пакутавалі на абвяшчаньне Ёнава, а вось тут большы за Ёну.
Царыца поўдня паўстане на суд з родам гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з канцоў зямлі паслухаць мудрасьці Саламонавай, і вось, тут больш за Саламона.
Каралева з Поўдня стане на судзе з гэтым родам і асудзіць яго, бо яна прыйшла з канцоў зямлі, каб паслухаць Саламонавай мудрасьці, а вось тут большы за Саламона.
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, дык блукае па бязводных мясьцінах, шукаючы спакою, і не знаходзіць;
А калі дух нячысты выйдзе з чалавека, блукаецца па бязводных мясцох, шукаючы супачынку, і не знаходзіць.
тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. І прыйшоўшы застае пусты, падмецены і прыбраны;
Тады кажа: «Вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў». І, прыйшоўшы, знаходзіць яго незанятым, вымеценым і прыбраным.
тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і ўвайшоўшы жывуць там; і бывае чалавеку таму апошняе горш за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхому.
Тады ідзе і бярэ з сабою сем другіх духаў, горшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там і бываюць апошнія справы гэтага чалавека горшыя за першыя. Так будзе і з гэтым родам ліхім.
Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці Яго і браты Яго стаялі звонку, хочучы гаварыць зь Ім.
Калі-ж ён яшчэ гаварыў да грамадаў, вось маці яго і браты стаялі на дварэ, хочучы з ім гаварыць.
І нехта сказаў Яму: вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць, хочучы гаварыць з Табою.
Нехта-ж сказаў яму: Вось маці твая і браты твае стаяць на дварэ, шукаючы цябе.
Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў: хто маці Мая? і хто браты Мае?
Але ён, адказаўшы таму, што гаварыў да яго, сказаў: Хто-ж мая матка і хто мае браты?
І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая і браты Мае;
І, паказваючы рукою на вучняў сваіх, сказаў: Вось матка мая і браты мае.
бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці.
Бо хто-б спаўняў волю Айца майго, каторы ёсьць у небе, той мне брат і сястра і матка.