Мацьвея 28 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад В. Гадлеўскага
Як прайшла субота, на сьвітаньні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдаліна і другая Марыя паглядзець магілу.
А пасьля суботы, на сьвітаньні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець гробу.
І вось, зрабіўся вялікі землятрус, бо анёл Гасподні, які сышоў зь неба, прыступіўшы, адваліў камень ад уваходу ў магілу і сядзеў на ім;
І вось зрабілася вялікае землетрасеньне, анёл Панскі зыйшоў з неба і прыступіўшы, адваліў камень і сеў на ім.
выгляд жа ягоны быў, як маланка, і ўбраньне ягонае белае, як сьнег.
А быў выгляд ягоны, як маланка і адзеньне ягонае, як сьнег.
І ад страху перад ім затрымцелі вартаўнікі, і сталі як мёртвыя.
І ад страху перад ім перапужаліся вартаўнікі і зрабіліся як няжывыя.
Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: ня бойцеся вы; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса ўкрыжаванага;
Адазваўшыся-ж анёл сказаў жанчынам: Ня бойцеся вы, бо ведаю, што шукаеце Езуса, каторы быў укрыжаваны.
няма Яго тут; Ён уваскрэс, як сказаў; падыдзеце, пабачце месца, дзе ляжаў Гасподзь;
Няма яго тут, бо ўскрос, як сказаў. Хадзеце і паглядзеце месца, дзе быў паложаны Пан.
ды ідзеце хутчэй, скажэце вучням Ягоным, што Ён уваскрэс зь мёртвых і сустрэне вас у Галілеі: там Яго ўбачыце; вось я сказаў вам.
І скора пайшоўшы, скажэце вучням ягоным, што ўскрос; і вось ідзе перад вамі ў Галілею, там яго пабачыце. Вось я вам сказаў наперад.
І пайшоўшы сьпешна ад магілы, яны са страхам і радасьцю вялікаю пабеглі паведаміць вучням Ягоным;
І выйшлі скора з гробу, са страхам і вялікай радасьцяй бягучы, каб паведаміць вучняў ягоных.
калі ж ішлі яны паведаміць вучням Ягоным, і вось, Ісус сустрэў іх і сказаў: радуйцеся! І яны, прыступіўшы, абхапілі ногі Ягоныя і пакланяліся Яму.
І вось Езус спаткаў іх, кажучы: Будзьце прывітаныя! Яны-ж прыступілі, і абнялі ногі яго, і пакланіліся яму.
Тады кажа ім Ісус: ня бойцеся; ідзеце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, і там яны ўбачаць мяне.
Тады сказаў ім Езус: Ня бойцеся! Ідзеце, паведамце братоў маіх, каб ішлі ў Галілею; там мяне ўбачаць.
А калі яны ішлі, дык некаторыя з варты, увайшоўшы ў горад, паведамілі першасьвятарам усё, што адбылося.
Калі яны адыйшлі, вось некаторыя з вартаўнікоў прыйшлі у горад і паведамілі вашэйшых сьвятараў аб усім, што было сталася.
І яны, сабраўшыся са старэйшынамі і зрабіўшы нараду, немалыя грошы далі воінам,
І яны, сабраўшыся з старшымі і зрабіўшы нараду, далі жаўнерам многа грошай,
кажучы: скажэце, што вучні Ягоныя, уначы прыйшоўшы, укралі Яго, калі мы спалі;
кажучы: Кажэце, што вучні ягоны ўначы прыйшлі і ўкралі яго, калі мы спалі.
і калі чуткі пра гэта дойдуць да намесьніка, мы пераканаем яго і вас ад няпрыемнасьці ўратуем.
А калі гэтае дойдзе да начальніка, мы ўгаворым яго і зробім вас бясьпечнымі.
Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі, як навучаныя былі. І пранеслася слова гэтае сярод Юдэяў аж да сёньняшняга дня.
Яны-ж, узяўшы грошы, зрабілі так, як былі навучаны. І разыйшлося гэтае слова паміж жыдамі аж па сягоньняшні дзень.
Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Ісус;
А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, дзе ім быў назначыў Езус.
і, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а другія засумняваліся.
І ўбачыўшы яго, пакланіліся; некаторыя-ж сумневаліся.
І, прыступіўшы, Ісус сказаў ім: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі:
І прыступіўшы Езус прамовіў да іх, кажучы: Дадзена мне ўся ўлада на небе і на зямлі.
дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа,
Дык ідучы, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Духа Сьвятога,
вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку. Амін.
навучаючы іх захоўваць усё, што-толькі я загадаў вам. І вось я з вамі праз усе дні, аж да сканчэньня сьвету.