Да Габрэяў 6 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Пасьля, пакінуўшы пачаткі вучэньня Хрыстовага, пасьпяшаймася да дасканаласьці; і ня будзем зноў закладваць аснову да каяньня за мёртвыя дзеі і аснову веры ў Бога,
 

вучэньню пра хрышчэньні, пра ўскладаньне рук, пра ўваскрэсеньне мёртвых і пра суд вечны.
 

І гэта зробім, калі Бог дазволіць.
 

Бо немагчыма — тых, што адзін раз пасьвечаныя і паспыталі дару нябеснага, і зрабіліся супольнікамі Духа Сьвятога,
 

і паспыталі добраснага слова Божага і сіл будучага веку,
 

і адпалі, — нанава ўзнаўляць пакаяньнем, калі яны зноў крыжуюць у сабе Сына Божага і паглумляюць Яго.
 

Зямля, якая піла дождж, што шматкроць на яе ападае, і родзіць збажыну, карысную тым, каму і вырошчваецца, прымае дабраславеньне ад Бога;
 

а якая плодзіць церні і бадзякі — няпрыдатная і блізкая да пракляцьця, канец якога — спаленьне.
 

А што да вас, любасныя, дык мы спадзяёмся, што вы ў лепшым стане і трымаецеся збавеньня, хоць і гаворым так.
 

Бо не несправядлівы Бог, каб забыў дзею вашую і працу любові, якую вы выявілі ў імя Ягонае, паслужыўшы і служачы сьвятым.
 

А жадаем, каб кожны з вас, дзеля поўнай пэўнасьці ў надзеі, выяўляў такую самую руплівасьць да канца;
 

каб вы не разгультаіліся, а пераймалі тых, якія вераю і доўгай цярплівасьцю спадкуюць абяцаньні.
 

Бог, даючы абяцаньне Абрагаму, калі ня мог нікім вышэйшым прысягнуць, прысягаў Самім Сабою,
 

кажучы: «у ісьціне дабраслаўляючы, дабраслаўляю цябе і памнажаючы памножу цябе».
 

І так Абрагам цярплівасьцю атрымаў абяцанае.
 

Людзі прысягаюць вышэйшым, і прысяга на сьведчаньне кладзе канец усякай спрэчцы іхняй.
 

Таму і Бог, хочучы пераважней паказаць спадкаемцам абяцаньня непарушнасьць Сваёй волі, скарыстаўся прысягай,
 

каб у двух непарушных рэчах, у якіх немагчыма Богу зманіць, моцную ўцеху мелі мы, пастанавіўшы прыняць прызначаную надзею,
 

якая для душы ёсьць — быццам якар бясьпечны і моцны, і ўваходзіць усярэдзіну за заслону,
 

куды як наш папярэднік увайшоў Ісус, стаўшыся Першасьвятаром навек па чыне Мелхісэдэка.