Асіі 10 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Ізраіль — галінасты вінаград, памнажае сабе плод; чым болей у яго пладоў, тым болей памнажае ахвярнікі; чым лепшая зямля ў яго, тым болей упрыгожваюць яны куміраў.
 

Падзялілася сэрца іхняе, за гэта яны і будуць пакараныя: Ён разбурыць ахвярнікі іхнія, скрышыць куміраў іхніх.
 

Цяпер яны кажуць: «няма ў нас цара, бо мы не збаяліся — Госпада! а цар — што нам зробіць?»
 

Кажуць словы пустыя, божацца ілжыва, заключаюць пагадненьні; за гэта явіцца суд над імі, як атрутная трава на барознах поля.
 

За цяля Бэт-Авэна затрымцяць жыхары Самарыі; заплача па ім народ, і жрацы яго, што радаваліся за яго, будуць плакаць па славе ягонай, бо яна адыдзе ад яго.
 

А само яно аднесено будзе ў Асірыю — у дарунак цару Ярэву; пасаромлены будзе Яфрэм, і пасароміцца Ізраіль ад намыслу свайго.
 

Зьнікне ў Самарыі цар яе — як шум на паверхні вады.
 

І вынішчаны будуць вышыні Авэна — за грэх Ізраіля; церне і ваўчкі вырастуць на ахвярніках іхніх, і скажуць яны горам: «пакрыйце нас», і пагоркам: «упадзеце на нас!»
 

Больш, чым у дні Гівы, грашыў ты, Ізраіле; там яны ўстоялі; вайна ў Гаваоне супроць сыноў бязбожнасьці не спасьцігла іх.
 

Паводле жаданьня Майго пакараю іх, — і зьбяруцца супроць іх народы, і яны будуць зьвязаныя за двайное злачынства іхняе.
 

Яфрэм — навучанае цяля, прывычнае да малацьбы, і Я сам, пакладу ярмо на тлустую шыю яго; на Яфрэме будуць вярхом езьдзіць, Юда будзе араць, Якаў будзе баранаваць.
 

Сейце ў сабе праўду — і пажняце міласьць; разворвайце ў сябе навіну, бо час — знайсьці Госпада, каб Ён, калі прыйдзе, дажджом выліў на вас праўду.
 

Вы ўраблялі беззаконьні, ясьце плод ілжы, бо ты спадзяваўся на шлях твой, на мноства ваяроў тваіх.
 

І адбудзецца розрух у народзе тваім, і ўсе цьвярдыні твае будуць разбураныя, як Салман разбурыў Бэт-Арбэл у дзень бітвы: маці была забітая зь дзецьмі.
 

Вось, што ўчыніў вам Вэтыль за край бязбожнасьці вашай.