Асіі 10 разьдзел
Кніга прарока Асіі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Ізраіль — галінасты вінаград, памнажае сабе плод; чым болей у яго пладоў, тым болей памнажае ахвярнікі; чым лепшая зямля ў яго, тым болей упрыгожваюць яны куміраў.
Ізраель — пустое віно, даець плод самому сабе; подле множасьці пладоў сваіх, множа аброчнікі; подле дабрыні зямлі свае, яны прыгожа робяць выразаныя свае.
Падзялілася сэрца іхняе, за гэта яны і будуць пакараныя: Ён разбурыць ахвярнікі іхнія, скрышыць куміраў іхніх.
Дзеліцца сэрца іхнае, вось, цяпер яны вінныя; Ён патрышча аброчнікі іхныя, паглабае выразаныя іхныя.
Цяпер яны кажуць: «няма ў нас цара, бо мы не збаяліся — Госпада! а цар — што нам зробіць?»
Бо цяпер яны кажуць: «Нямаш у нас караля, бо мы не баімся СПАДАРА! а які-колечы кароль, — што ён нам зробе?»
Кажуць словы пустыя, божацца ілжыва, заключаюць пагадненьні; за гэта явіцца суд над імі, як атрутная трава на барознах поля.
Гукаюць словы, прысягаюць хвальшыва, робячы змову; дык будзе квіцець суд, як атрутная трава на барознах поля.
За цяля Бэт-Авэна затрымцяць жыхары Самарыі; заплача па ім народ, і жрацы яго, што радаваліся за яго, будуць плакаць па славе ягонай, бо яна адыдзе ад яго.
За цяляты Бет-Авену баяцца жыхары самарскія, бо люд яго заплача па ім, і сьвятарове (паганскія) яго, што цешыліся зь яго, па славе яго, бо яна адышла ад яго.
А само яно аднесено будзе ў Асірыю — у дарунак цару Ярэву; пасаромлены будзе Яфрэм, і пасароміцца Ізраіль ад намыслу свайго.
Яно таксама прывезена будзе да Асыры — на дар каралю Ярэву; Яхрэм будзе мець сорам, і Ізраель асарамаціцца радаю сваёю.
Зьнікне ў Самарыі цар яе — як шум на паверхні вады.
Самара, кароль яе будзе адцяты, як шумаўё на зьверху вады.
І вынішчаны будуць вышыні Авэна — за грэх Ізраіля; церне і ваўчкі вырастуць на ахвярніках іхніх, і скажуць яны горам: «пакрыйце нас», і пагоркам: «упадзеце на нас!»
Таксама будуць выгублены ўзвышшы Авену, грэх Ізраеля; цернь а дзядоўнік абыйдуць на аброчніках іхных, і скажуць яны горам: «Накрыйце нас», і ўзгоркам: «Зваліцеся на нас».
Больш, чым у дні Гівы, грашыў ты, Ізраіле; там яны ўстоялі; вайна ў Гаваоне супроць сыноў бязбожнасьці не спасьцігла іх.
Ад дзён Ґівеі грашыў ты, Ізраелю; там яны вытрывалі: бітва ў Ґівеі не насьпела сыноў бяспраўя.
Паводле жаданьня Майго пакараю іх, — і зьбяруцца супроць іх народы, і яны будуць зьвязаныя за двайное злачынства іхняе.
Подле зычэньня Свайго пакараю іх, і зьбяруцца люды супроці іх, як Я зьвяжу іх за два выступы іхныя.
Яфрэм — навучанае цяля, прывычнае да малацьбы, і Я сам, пакладу ярмо на тлустую шыю яго; на Яфрэме будуць вярхом езьдзіць, Юда будзе араць, Якаў будзе баранаваць.
Ды Яхрэм — вучаная цяліца, што любе малаціць, але Я ўзлажу йго на прыгожую шыю ейную; услышу Яхрэма, каб езьдзіць конна на ім; Юда будзе араць, Якаў скарадзіць.
Сейце ў сабе праўду — і пажняце міласьць; разворвайце ў сябе навіну, бо час — знайсьці Госпада, каб Ён, калі прыйдзе, дажджом выліў на вас праўду.
Сейце сабе на справядлівасьць, пажніце на міласэрдзе; арыце дзірван, бо пара шукаць СПАДАРА, пакуль Ён прыйдзе й дажджом пальлець справядлівасьць на вас.
Вы ўраблялі беззаконьні, ясьце плод ілжы, бо ты спадзяваўся на шлях твой, на мноства ваяроў тваіх.
Вы аралі нягоднасьць, жалі бяспраўе, елі плод маны, бо ты спадзяваўся на дарогу сваю, на множасьць дужасілаў сваіх,
І адбудзецца розрух у народзе тваім, і ўсе цьвярдыні твае будуць разбураныя, як Салман разбурыў Бэт-Арбэл у дзень бітвы: маці была забітая зь дзецьмі.
За гэта сумятня паўстане ў людзе тваім, і гарады твае будуць аглабаны, як Шалман аглабаў Бет-Арбел у дзень бітвы: маці зь дзецьмі пацята была на кавалкі.
Вось, што ўчыніў вам Вэтыль за край бязбожнасьці вашай.
Гэтак зробе вам Бэт-Эль за вялікую нягоднасьць вашу. Нараніцы кароль Ізраельскі супоўна будзе сьцяты.