Асіі 10 разьдзел
Кніга прарока Асіі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Ізраіль — галінасты вінаград, памнажае сабе плод; чым болей у яго пладоў, тым болей памнажае ахвярнікі; чым лепшая зямля ў яго, тым болей упрыгожваюць яны куміраў.
Ізраіль [быў] вінаградам буйным, для сябе прыносіў плод. Чым больш было пладоў, тым больш ён памнажаў ахвярнікі, чым лепшай была зямля ягоная, тым прыгажэйшыя ставіў слупы.
Падзялілася сэрца іхняе, за гэта яны і будуць пакараныя: Ён разбурыць ахвярнікі іхнія, скрышыць куміраў іхніх.
Падзеленае сэрца іхняе, цяпер яны вінаватыя. Ён пакрышыць ахвярнікі іхнія і зьнішчыць слупы іхнія.
Цяпер яны кажуць: «няма ў нас цара, бо мы не збаяліся — Госпада! а цар — што нам зробіць?»
Бо цяпер яны скажуць: «Няма ў нас валадара, бо мы не баяліся ГОСПАДА. І валадар што для нас зробіць?»
Кажуць словы пустыя, божацца ілжыва, заключаюць пагадненьні; за гэта явіцца суд над імі, як атрутная трава на барознах поля.
Прамаўляюць словы, прысягаюць хлусьліва, [калі] заключаюць запавет. І квітнее як палын суд іхні на разорах палёў.
За цяля Бэт-Авэна затрымцяць жыхары Самарыі; заплача па ім народ, і жрацы яго, што радаваліся за яго, будуць плакаць па славе ягонай, бо яна адыдзе ад яго.
Жыхары Самарыі непакояцца пра цялятаў Бэт-Авэну, бо плача над ім народ ягоны і паганскія службіты ягоныя галосяць над славай ягонай, бо яна адыходзіць ад яго.
А само яно аднесено будзе ў Асірыю — у дарунак цару Ярэву; пасаромлены будзе Яфрэм, і пасароміцца Ізраіль ад намыслу свайго.
Таксама яго завядуць у Асірыю як дар для валадара Ярэву. Эфраім пакрыецца ганьбаю, і Ізраіль будзе асаромлены за рашэньне сваё.
Зьнікне ў Самарыі цар яе — як шум на паверхні вады.
Самарыя будзе зьнішчана, валадар ейны будзе як трэска на абліччы водаў.
І вынішчаны будуць вышыні Авэна — за грэх Ізраіля; церне і ваўчкі вырастуць на ахвярніках іхніх, і скажуць яны горам: «пакрыйце нас», і пагоркам: «упадзеце на нас!»
І будуць зьнішчаныя вышыні Авэну, грэх Ізраіля. Церні і асот вырастуць на ахвярніках іхніх, і будуць казаць да гораў: «Накрыйце нас!», і да пагоркаў: «Упадзіце на нас!»
Больш, чым у дні Гівы, грашыў ты, Ізраіле; там яны ўстоялі; вайна ў Гаваоне супроць сыноў бязбожнасьці не спасьцігла іх.
Ад дзён Гівы грашыў ты, Ізраілю! Там вы засталіся. Не дасягнула іх у Гіве вайна супраць сыноў беззаконьня.
Паводле жаданьня Майго пакараю іх, — і зьбяруцца супроць іх народы, і яны будуць зьвязаныя за двайное злачынства іхняе.
Паводле ўпадабаньня Майго пакараю іх, зьбяруцца народы супраць іх, калі яны будуць зьвязаныя за падвойную нягоднасьць сваю.
Яфрэм — навучанае цяля, прывычнае да малацьбы, і Я сам, пакладу ярмо на тлустую шыю яго; на Яфрэме будуць вярхом езьдзіць, Юда будзе араць, Якаў будзе баранаваць.
Эфраім — навучаная ялаўка, якая любіць малаціць, і Я ўскладу ярмо на тлусты карак ягоны. Запрагу Эфраіма, будзе араць Юда, будзе баранаваць для яго Якуб.
Сейце ў сабе праўду — і пажняце міласьць; разворвайце ў сябе навіну, бо час — знайсьці Госпада, каб Ён, калі прыйдзе, дажджом выліў на вас праўду.
Сейце для сябе ў праведнасьці, жніце ў міласэрнасьці, заорвайце для сябе дзірван, бо час шукаць ГОСПАДА, аж пакуль Ён прыйдзе і вылье дажджом праведнасьць на вас.
Вы ўраблялі беззаконьні, ясьце плод ілжы, бо ты спадзяваўся на шлях твой, на мноства ваяроў тваіх.
Але вы аралі ліхоту, зьбіралі беззаконьне, елі плод хлусьні, бо ты спадзяваўся на шлях свой і на мноства волатаў тваіх.
І адбудзецца розрух у народзе тваім, і ўсе цьвярдыні твае будуць разбураныя, як Салман разбурыў Бэт-Арбэл у дзень бітвы: маці была забітая зь дзецьмі.
І паўстане гармідар сярод народу твайго, і ўсе замкі твае будуць зруйнаваныя, як Сальман зруйнаваў Бэт-Арбэль у дзень бітвы; маці з сынамі будуць пасечаныя на кавалкі.
Вось, што ўчыніў вам Вэтыль за край бязбожнасьці вашай.
Гэтак зраблю вам, Бэтэль, з прычыны ліхоты ліхасьці вашай. Раніцаю зьнішчэньнем зьнішчаны будзе валадар Ізраіля.