Асіі 13 разьдзел
Кніга прарока Асіі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Калі Яфрэм гаварыў, усе трапяталі. Ён быў высокі ў Ізраілі; але зрабіўся вінаватым праз Ваала — і загінуў.
Калі прамаўляў Эфраім, [усе] трымцелі, ён быў узвышаны ў Ізраілі. Але ён стаўся вінаватым праз Баала і памёр.
І сёньня дадалі яны да грэху: нарабілі сабе літых ідалаў з срэбра свайго паводле разуменьня свайго, — поўная праца мастакоў, — і кажуць яны людзям, якія прыносяць ахвяру: «цалуйце цяльцоў!»
А цяпер павялічваюць грэх і робяць сабе літыя выявы са срэбра свайго, ідалаў паводле разуменьня свайго. Гэта ўсё ў іх выраб разьбярскі. Яны кажуць: «Людзі, якія складаюць ахвяры, няхай цалуюць цяля».
За тое яны будуць — як ранішні туман, як раса, што скора зьнікае, як мякіна, што зьвяваецца з гумна, і як дым з коміна.
Дзеля гэтага будуць яны як туман ранішні, як раса, што хутка зьнікае, як мякіна, якую вецер разносіць на току, і як дым з коміну.
Але Я — Гасподзь Бог твой ад зямлі Егіпецкай, — і ты не павінен ведаць іншага бога апрача Мяне, і няма Збаўцы апрача Мяне.
Але Я — ГОСПАД, Бог твой, [ад выхаду] з зямлі Эгіпецкай, і ты ня ведаў Бога, акрамя Мяне, і няма Збаўцы, акрамя Мяне.
Я прызнаў цябе ў пустыні, у зямлі сасьмяглай.
І Я пазнаў цябе ў пустыні, у зямлі вельмі сухой.
Маючы палеткі, яны былі сытныя; а калі насычаліся, дык узьвесялялася сэрца іхняе, і таму Яны забывалі Мяне
На пашах сваіх яны насыціліся; яны насыціліся, і ўзганарылася сэрца іхняе, і яны забыліся пра Мяне.
І Я буду ім як леў, як ільвяня буду высочваць пры дарозе.
І Я буду для іх як леў, як леапард на дарозе буду цікаваць [на іх].
Буду нападаць на іх, як пазбаўленая дзяцей мядзьведзіха, разьдзіраць зьмесьцішча сэрца іхняга, есьці іх там, як ільвіца; польныя зьвяры будуць ірваць іх.
Я сустрэну іх як мядзьведзіца, пазбаўленая дзяцей, і разарву заслону сэрца іхняга, і зьем іх там як леў; зьвер палявы разьдзярэ іх.
Загубіў ты сябе, Ізраіле, бо толькі ўва Мне — апора твая!
Ты сам сябе зьнішчыў, Ізраіль, бо ў-ва Мне дапамога твая.
Дзе цар твой цяпер? Хай ён ратуе цябе ва ўсіх гарадах тваіх! Дзе судзьдзі твае, пра якіх казаў ты: «дай нам цара і начальнікаў?»
Дзе цяпер валадар твой, які выбавіць цябе ў-ва ўсіх гарадах тваіх? І дзе судзьдзі твае, якім ты казаў: «Дай мне валадара і князёў»?
І Я даў табе цара ў гневе Маім і забраў — у абурэньні.
Я даў табе валадара ў гневе Маім і забраў яго ў абурэньні Маім.
Зьвязаны ў вузел беззаконьні Яфрэмава, захаваны ягоны грэх.
Зьвязанае ў вузел беззаконьне Эфраіма, захаваны грэх ягоны.
Мукі парадзіхі спасьцігнуць яго; ён — сын неразумны, інакш не стаяў бы доўга ў становішчы, у якім нараджаюцца дзеці.
Болі, як у парадзіхі, прыйдуць на яго. Ён — сын бяз мудрасьці, бо ня стаў у час у месцы нараджэньня сыноў.
Ад улады пекла Я адкуплю іх, ад сьмерці выбаўлю іх. Сьмерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога? раскаяньня ў гэтым ня будзе ў Мяне.
Я выбаўлю іх ад рукі пекла, адкуплю іх ад сьмерці. Сьмерць, дзе джала тваё? Пекла, дзе перамога твая? Спачуваньне схаванае перад вачыма Маімі.
Хоць Яфрэм пладавіты паміж братамі, але прыйдзе ўсходні вецер, падымецца вецер Гасподні з пустыні, — і высахне крыніца яго: ён спустошыць скарбніцу ўсіх каштоўных сасудаў.
Хоць ён прыносіць плады між братамі, прыйдзе вецер усходні. Вецер ГОСПАДА з пустыні ўзьнімаецца, і прыбярэ жаролы ягоныя, і высушыць крыніцы ягоныя. Ён спустошыць скарбніцу ўсіх начыньняў каштоўных.