Асіі 13 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Калі Яфрэм гаварыў, усе трапяталі. Ён быў высокі ў Ізраілі; але зрабіўся вінаватым праз Ваала — і загінуў.
 
Калі Эфраім прамаўляў, страх браў; быў ён правадыром у Ізраэлі. Вось жа, зграшыў праз Баала і памёр.

І сёньня дадалі яны да грэху: нарабілі сабе літых ідалаў з срэбра свайго паводле разуменьня свайго, — поўная праца мастакоў, — і кажуць яны людзям, якія прыносяць ахвяру: «цалуйце цяльцоў!»
 
І цяпер грашаць яны далей: адліваюць сабе са срэбра свайго статуі, ідалаў паводле свайго разумення; гэта ўсё работа рамеснікаў. «Ім, — кажуць яны, — складайце ахвяры!» — і людзі цалуюць цялят.

За тое яны будуць — як ранішні туман, як раса, што скора зьнікае, як мякіна, што зьвяваецца з гумна, і як дым з коміна.
 
Дзеля таго будуць яны падобнымі да воблакаў ранішніх і да расы ранішняй, што скора знікае, або стануцца, як мякіна з току, ветрам хапаная, ды як дым з коміна.

Але Я — Гасподзь Бог твой ад зямлі Егіпецкай, — і ты не павінен ведаць іншага бога апрача Мяне, і няма Збаўцы апрача Мяне.
 
«Я ж — Госпад, Бог твой ад зямлі Егіпецкай; і Бога па-за Мною не знойдзеш, і Збаўцы па-за Мною няма.

Я прызнаў цябе ў пустыні, у зямлі сасьмяглай.
 
Я пасвіў цябе на пустэчы, у зямлі засухі пустыннай.

Маючы палеткі, яны былі сытныя; а калі насычаліся, дык узьвесялялася сэрца іхняе, і таму Яны забывалі Мяне
 
На выганах сваіх былі накормлены, а наеўшыся, паднялі сэрца сваё, і таму забыліся пра Мяне.

І Я буду ім як леў, як ільвяня буду высочваць пры дарозе.
 
А Я ім буду, як ільвіца, і, як пантэра, цікаваць буду пры дарозе.

Буду нападаць на іх, як пазбаўленая дзяцей мядзьведзіха, разьдзіраць зьмесьцішча сэрца іхняга, есьці іх там, як ільвіца; польныя зьвяры будуць ірваць іх.
 
Кінуся на іх, як мядзведзіца на захопе львянятак, раздзяру запоры сэрца іх; і з’ем іх там, як леў; палявы звер разарве іх.

Загубіў ты сябе, Ізраіле, бо толькі ўва Мне — апора твая!
 
Знішчаю цябе, Ізраэль; хто ж твой успаможца?

Дзе цар твой цяпер? Хай ён ратуе цябе ва ўсіх гарадах тваіх! Дзе судзьдзі твае, пра якіх казаў ты: «дай нам цара і начальнікаў?»
 
Дзе ж цар твой, каб цябе ратаваў ва ўсіх тваіх гарадах, і дзе суддзі твае, аб якіх ты казаў: “Дай мне цара і князёў”?

І Я даў табе цара ў гневе Маім і забраў — у абурэньні.
 
Даю табе цара ў гневе Маім і адбяру зноў у абурэнні Сваім.

Зьвязаны ў вузел беззаконьні Яфрэмава, захаваны ягоны грэх.
 
Схаваная злачыннасць Эфраіма, скрыты грэх яго.

Мукі парадзіхі спасьцігнуць яго; ён — сын неразумны, інакш не стаяў бы доўга ў становішчы, у якім нараджаюцца дзеці.
 
Болі парадзіхі прыйдуць на яго; будзе ён сынам неразумным, бо ў свой час стане ён пры выйсці з улоння.

Ад улады пекла Я адкуплю іх, ад сьмерці выбаўлю іх. Сьмерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога? раскаяньня ў гэтым ня будзе ў Мяне.
 
Ці ж з рукі пекла маю вызваліць іх і ад смерці выбавіць іх? Дзе твае пошасці, о смерць? Дзе твая загуба, о пекла? Шкадаванне скрыта перад вачамі Маімі».

Хоць Яфрэм пладавіты паміж братамі, але прыйдзе ўсходні вецер, падымецца вецер Гасподні з пустыні, — і высахне крыніца яго: ён спустошыць скарбніцу ўсіх каштоўных сасудаў.
 
Хоць бы ён меў плён між братамі, прыйдзе вецер усходні, вецер Госпадаў, што прыходзіць з пустыні, высушыць крыніцы яго і высушыць студні іх. Ён зрабуе ўсе багацці, ўсё начынне каштоўнае.