Асіі 9 разьдзел
Кніга прарока Асіі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Ня радуйся, Ізраіле, да захапленьня, як іншыя народы, бо ты блудадзейнічаеш, аддаліўшыся ад Бога твайго: любіш блудадзейныя дарункі на ўсіх гумнах.
Не цешся, Ізраэлю, не гамані радасна, як народы, бо ты распуснасцю адвярнуўся ад Бога твайго, узлюбіў плату за ўсе такі пшанічныя.
Гумно і чавільня ня будзе карміць іх, і надзея на вінаградны сок ашукае іх.
Ток і тачыла не пракормяць іх, а віно падвядзе іх.
Ня будуць яны жыць на зямлі Гасподняй: Яфрэм вернецца ў Егіпет, і ў Асірыі будуць есьці нячыстае.
Не выжывуць на зямлі Госпадавай, але вернецца Эфраім у Егіпет і ў Асірыі паганае будуць есці.
Ня будуць ліць Госпаду віна, і не да спадобы Яму будуць ахвяры іхнія; яны будуць ім, як хлеб хаўтурны: усе, што будуць есьці яго, апаганяцца, бо хлеб іхні — для душы іхняй, а ў дом Гасподні ён ня ўвойдзе.
Не будуць з віна складаць ахвяры Госпаду, і не будуць падабацца Яму іх ахвяры; быццам хлеб жалобы, стануць яны для іх; усе, хто з’ядуць яго, стануцца нячыстымі, бо хлеб іх будзе толькі для жыцця іх; не ўвойдзе ён у дом Госпадаў.
Што рабіцьмеце ў дзень урачыстасьці і ў дзень сьвята Гасподняга?
Што зробіце ў дзень урачысты, у дзень святы Госпадаў?
Бо вось, яны сыдуць з прычыны спусташэньня; Егіпет зьбярэ іх, Мэмфіс пахавае іх; каштоўнасьцямі іх з срэбра завалодае крапіва, калючае церне будзе ў намётах іхніх.
Вось жа, выйшлі яны дзеля спусташэння; Егіпет іх збярэ, Мемфіс іх пахавае: іх каштоўнае срэбра крапіва возьме ў спадчыну, а церні — іх палаткі.
Прыйшлі дні наведваньня, прыйшлі дні аддачы. Хай жа ўведае Ізраіль, што дурны прадказальнік, бяз розуму той, хто выдае сябе за натхнёнага, з прычыны мноства беззаконьняў тваіх і вялікай варожасьці!
Прыйшлі дні пакарання, прыйшлі дні адплаты: хай ведае Ізраэль! «Дурны, — кажа ён, — прарок; шалёны — чалавек духоўны». Дзеля вялікай злачыннасці тваёй і вялікія варожасці твае.
Яфрэм — вартаўнік каля Бога майго; прарок — сетка птушкалова на ўсіх дарогах ягоных; змуста — у доме Бога ягонага.
Цікуе Эфраім, народ Бога майго, — на прарока; на ўсіх яго дарогах — лавецкае сіло, варожасць — у самім доме Бога яго.
Глыбока ўпалі яны, разбэсьціліся, як за дзён Гівы; Ён успомніў бязбожнасьць іхнюю, пакарае іх за грахі іхнія.
Цяжка зграшылі яны, як у дні Габы; Ён жа ўспомніць іх ліхоту ды караць будзе за іх грахі.
Як вінаград у пустыні, Я знайшоў Ізраіля; як першую ягадзіну на смакоўніцы, у першы час яе, убачыў я бацькоў вашых, — але яны пайшлі да Ваалфэгора і аддаліся ганебшчыне, і самі зрабіліся мярзотнымі, як тыя, якіх палюбілі.
«Як вінаград у пустыні, знайшоў Я Ізраэля: як на першы фрукт фігавага дрэва на пачатку яго, глядзеў Я на бацькоў вашых. Але яны прыйшлі да Баал-Пэгора і пасвяціліся бессаромнасці, і сталіся агідныя, як тое, што палюбілі.
У Яфрэмлянаў, як птушка, паляціць слава: ні нараджэньня, ні цяжарнасьці, ні зачацьця.
Ад Эфраіма, як птушка, адляціць слова яго: не будзе родаў, цяжарнасці, ані пачацця.
А хоць бы яны і выхавалі дзяцей сваіх, адбяруць іх; бо гора ім, калі адыду ад іх!
А калі б нават выхавалі дзяцей сваіх, пакіну іх без дзяцей, без людзей: але гора ім самім, калі адыду ад іх!
Яфрэм, як Я бачыў яго да Тыра, пасаджаны на цудоўнай мясцовасьці; аднак Яфрэм выведзе дзяцей сваіх да забойцы.
Эфраім, як бачу, выставіў дзяцей сваіх на паляванне, і Эфраім вядзе дзяцей сваіх да забойцы.
Дай ім, Госпадзе... што Ты дасі ім? Дай ім вантробу няплодную і сухія саскі.
“Дай ім, Госпадзе! Што дасі ім? Дай ім улонне без дзяцей і высахлыя грудзі!”
Усё ліха іхняе — у Галгале: там Я зьненавідзеў іх за ліхія дзеі іхнія; выганю іх з дома Майго, ня буду болей любіць іх; усе князі іхнія — адступнікі.
Усе злачыннасці іх у Галгале, бо менавіта там Я іх зненавідзеў. Дзеля ліхоты ўчынкаў іх выкіну іх з дому Свайго. Не буду іх болей любіць. Усе іх князі — бунтаўнікі,
Пабіты Яфрэм; высах корань іх, — ня будуць прыносіць яны плоду, а калі і будуць радзіць, Я ўсьмерчу пахацінскі плод нутрыны іхняй.
пацярпеў паразу Эфраім, высах яго корань, пладоў больш не будзе; а калі нават і народзіць, знішчу дарагі плод у яго ўлонні”.
Адкіне іх Бог мой, бо яны не паслухаліся Яго, — і будуць валацугамі паміж народамі.
Выганіць яго Бог мой, бо не слухалі Яго; бадзяцца будуць між народамі.