Асіі 3 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І сказаў мне Гасподзь: «ідзі яшчэ і пакахай жанчыну, каханую мужам, але пералюбніцу, падобна таму, як любіць Гасподзь сыноў Ізраілевых, а яны паварочваюцца да іншых багоў і любяць вінаградныя ляпёшкі іхнія».
 
Вось жа, Госпад сказаў мне: «Ідзі яшчэ і палюбі жанчыну, каханую мужам, але чужаложную, як любіць Госпад сыноў Ізраэля, а яны глядзяць на чужых багоў і любяць аладкі з разынкамі».

І набыў я яе сабе за пятнаццаць срэбранікаў і за хомер ячменю
 
І купіў я сабе за пятнаццаць срэбранікаў, за гамэр ячменю і за паўгамэра аўса яе,

і сказаў ёй: «шмат дзён заставайся ў мяне; не блудадзейнічай і ня будзь зь іншым; і я таксама буду для цябе.
 
і сказаў ёй: «Многія дні будзеш чакаць мяне, не чужалож і не будзь з іншым, і не прыйду я да цябе».

Бо доўгі час сыны Ізраілевыя будуць заставацца без цара і бяз князя і без ахвяры, без ахвярніка, бяз эфода і тэрафіма.
 
Бо многія дні сыны Ізраэля будуць заставацца без цара, і без князя, і без ахвяры, і без каменя, і без эфода, і без тэрафіма.

Пасьля гэтага навернуцца сыны Ізраілевыя і знойдуць Госпада Бога свайго і Давіда, цара свайго, і будуць богабаязныя перад Госпадам і даброцьцю Ягонай у апошнія дні».
 
Але пасля таго навернуцца сыны Ізраэля і будуць шукаць Госпада, Бога свайго, і Давіда, цара свайго, і з пашанай будуць ставіцца да Госпада і да Яго дабра ў канцы дзён.