Асіі 12 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Яфрэм пасьвіць вецер і ганяецца за ўсходнім ветрам, кожны дзень памнажае ілжу і спусташэньні; заключаюць яны саюз з Асурам, і ў Егіпет вывозіцца алей.
 
Эфраім пасьвіць вецер і гоніцца за ветрам усходнім. Увесь дзень ён памнажае хлусьню і спусташэньне, і заключае запавет з Асірыяй, і выносіць алей у Эгіпет.

Але і зь Юдам у Госпада суд, — і Ён наведае Якава па дарогах ягоных, аддасьць яму паводле дзеяў ягоных.
 
ГОСПАД мае справу судовую з Юдам і пакарае Якуба паводле шляхоў ягоных, паводле ўчынкаў ягоных верне [адплату] яму.

Яшчэ ў чэраве ў маці запыняў ён брата свайго, а ўзмужнеўшы змагаўся з Богам.
 
Яшчэ ва ўлоньні ён ухапіў за пяту брата свайго і сілаю сваёю змагаўся з Богам.

Ён змагаўся з анёлам — і перамог; плакаў і благаў Яго; у Віфляеме Ён знайшоў нас і там гутарыў з намі.
 
І змагаўся ён з анёлам, і перамог. Плакаў і прасіў ласкі ў Яго, у Бэтэлі знайшоў Яго, і там Ён размаўляў з намі.

А Гасподзь ёсьць Бог Саваоф; Сутны — імя Яго.
 
Гэта ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, ГОСПАД — памятнае [імя] Ягонае.

Зьвярніся і ты да Бога твайго: назірай міласьць і суд і спадзявайся на Бога твайго заўсёды.
 
А ты вярніся да Бога твайго, захоўвай міласэрнасьць і суд, і заўсёды чакай на Бога твайго.

Хананэянін зь няправільнымі вагамі ў руцэ любіць крыўдзіць;
 
Ханаан у руцэ сваёй мае вагі фальшывыя, любіць прыгнёт.

і Яфрэм кажа: «аднак я разбагацеў; назапасіў сабе маёмасьці, хоць ва ўсіх маіх працах ня знойдуць нічога незаконнага, што было б грэхам».
 
І сказаў Эфраім: «Але я ўзбагаціўся, знайшоў сілу для сябе. У-ва ўсіх высілках маіх ня знойдзена ў-ва мне няправасьці, якая б была грахом».

А Я, Гасподзь Бог твой ад самай зямлі Егіпецкай, зноў пасялю цябе ў кушчах, як у дні сьвята.
 
Але Я — ГОСПАД, Бог твой, [ад выхаду] з зямлі Эгіпецкай. І Я зноў вярну цябе ў намёты, як у дні спатканьня [са Мною].

Я гаварыў прарокам і памнажаў уявы і праз прарокаў ужываў прытчы.
 
І Я прамаўляў да прарокаў, і Я памнажаў відзежы, і праз прарокаў даваў прыповесьці.

Калі Галаад зрабіўся Авэнам, дык яны сталі марныя, у Галгалах калолі ў ахвяру цялят, і ахвярнікі іхнія стаялі як крушні на межах поля.
 
Калі ў Гілеадзе няправасьць, станецца [ўсё] марнотаю; [дарэмна] ў Гільгале валоў складаюць у ахвяру. Ахвярнікі іхнія — як крушня на разараным полі.

Уцёк Якаў на палі Сірыйскія, і служыў Ізраіль за жонку і за жонку вартаваў авечак.
 
І ўцёк Якуб на палі Араму, і служыў Ізраіль за жонку, і за жонку пільнаваў [статак].

Праз прарока вывеў Гасподзь Ізраіля зь Егіпта і праз прарока Ён ахоўваў яго.
 
І праз прарока ГОСПАД вывеў Ізраіля з Эгіпту, і праз прарока Ён захоўваў яго.

Моцна раздражніў Яфрэм Госпада, і за тое кроў яго пакіне на ім і кляцьбу яго аберне Гасподзь на яго.
 
Але Эфраім упарта раздражняў [Бога], і Ён пакінуў на ім кроў ягоную, і ганьбу ягоную верне яму Госпад ягоны.