Ераміі 30 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Слова, што было да Ярэмы ад СПАДАРА, кажучы:
 

«Гэтак СПАДАР, Бог Ізраеляў, кажучы: "Запішы сабе ў кнігу ўсі словы, што казаў Я табе;
 

Бо, гля, настаюць дні, — агалашае СПАДАР, — што Я зьвярну палон люду Свайго Ізраеля а Юды, — кажа СПАДАР, — і Я зраблю, што яны зьвернуцца да зямлі, каторую Я даў айцом іхным, і будуць дзяржаць яе"».
 

І гэта слова, што СПАДАР казаў праз Ізраеля а Юду:
 

«Дыкжэ гэтак кажа СПАДАР: "Мы чулі голас дрыготы а спалоху, і няма супакою.
 

Папытайцеся й глядзіце, ці трудніцца мужчына дзяцём? чаму Я бачу кажнага мужчыну з рукамі на сьцёгнах сваіх, як парадзіха ў трудненьню, і ўсі віды іхныя сталі блядыя?
 

О бяда! што за вялікі дзень, нямаш падобнага да яго; гэта — дзень гароты Якава, але ён спасецца зь яго.
 

І станецца таго дня, — агалашае СПАДАР, — што Я патрышчу йго із шыі іхнае й разарву паварозы іхныя; і наперад чужаземцы няволіць іх ня будуць;
 

Але яны будуць служыць СПАДАРУ, Богу свайму, і Давіду, каралю свайму, каторага Я ўстанаўлю ім.
 

А ты ня бойся, слуга мой Якаве, — агалашае СПАДАР, — і не палохайся, Ізраелю; бо абач, Я выбаўлю цябе здалеку й насеньне твае ізь зямлі палону ягонага; і зьвернецца Якаў, і будзе ў супакою і ў цішыні, і ніхто ня будзе лякаць яго,
 

Бо Я з табою, — кажа СПАДАР, — выбаўляць цябе; дарма што Я зраблю супоўны канец усім народам, памеж каторых Я разьвеяў цябе, табе, адылі, не зраблю супоўнага канца; але буду казьнерыць цябе подле справядлівасьці і не пакіну цябе ані не пакараным";
 

Бо гэтак кажа СПАДАР: "Невылячальнае патрышчэньне твае, балючая рана твая.
 

Ніхто ня прычыніцца, каб завязаць больку тваю, няма леку на загаеньне раны твае.
 

Усі любячыя цябе забыліся цябе, ня шукаюць цябе; бо Я раніў цябе ранаю непрыяцельскаю, караю неміласьціўнаю, за множасьць бяспраўя твайго, за тое, што грахі твае павялічыліся.
 

Чаго ты крычыш із гора свайго? болька твая невылячальная; Я ўчыніў гэта за множасьць бяспраўя твайго, за тое, што павялічылісн грахі твае.
 

Усі, адылі, што жаруць цябе, будуць пажэрты, усі праціўнікі твае, кажны зь іх пойдзе ў палон, і глабаньнікі твае будуць паглабаны, і тых, што робяць здабыткам цябе, Я аддам на здабытак.
 

Я ўзьніму здароўе табе і вылячу цябе з болькаў тваіх, — агалашае СПАДАР; — бо яны назвалі цябе Адпіхнёным, кажучы: ’Гэта Сыён, праз каторы ніхто ня дбае’".
 

Гэтак кажа СПАДАР: "Вось, Я зьвярну з палону буданы Якававы і буду спагадаць селішчам ягоным, і места будзе пастаноўлена на гараватцы сваёй, і палац застанецца подле звычаю свайго.
 

І выйдзе зь іх дзякаваньне й голас тых, што вяселяцца; і памножу іх, і іх ня будзе менець; таксама ўслаўлю іх, і яны не парадзеюць.
 

Таксама сынове іхныя будуць, як уперад, і збор іхны будзе ўстаноўлены перад Імною, і Я даведаюся да ўсіх, што ўціскаюць іх.
 

І будзе князь ягоны з памеж яго самога, і дзяржаўца іхны выйдзе з пасярод іх; Я дабліжу яго, і ён прыступе да Мяне, бо хто паважыцца ў сэрцу сваім прыступіць да Мяне? — кажа СПАДАР. —
 

І вы будзеце Імне людам, і Я буду вам Богам"».
 

Гля, віхор СПАДАРОЎ выйдзе з бураю, войстры віхор; ён зваліцца на галаву нягодных.
 

Не адвернецца палкі гнеў СПАДАРОЎ, пакуль Ён ня ўчыне й ня здойсьне замераў сэрца Свайго. У вапошнія дні вы зразумееце гэта.