Ераміі 37 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І замест Хоні Егоякіменка загаспадарстваваў Сэдэка Ёсянок, каторага Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, прызначыў за караля ў зямлі Юдэйскай.
І ня слухаў ён, ані слугі ягоныя, ані люд зямлі слоў СПАДАРОВЫХ, што Ён казаў прарокам Ярэмам.
Паслаў, адылі, кароль Сэдэка Егухала Шэлемёнка а Софоню Маасэенка, сьвятара, да прарокі Ярэмы, кажучы: «Памаліся за нас СПАДАРУ, Богу нашаму».
А Ярэма ўходзіў да люду й выходзіў зь люду, бо ён ня быў пасаджаны ў вязьніцу.
Тады войска фараонава вышла зь Ягіпту, і як Хальдэі, што аблягалі Ерузалім, пачулі ведамку праз гэта, яны адступілі ад Ерузаліму.
Тады было слова СПАДАРОВА да прарокі Ярэмы, кажучы:
«Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Гэтак кажыце каралю Юдэйскаму, што паслаў вас да Мяне папытацца ў Мяне: ’Абач, войска Фараонава, што йдзець памагаць вам, зьвернецца да свае зямлі, да Ягіпту.
І зьвернуцца Хальдэі, і будуць ваяваць ізь местам гэтым, і возьмуць яго, і спаляць яго цяплом’".
Гэтак кажа СПАДАР: "Ня зводзьце душы вашы, кажучы: ’Хальдэі канечне адыйдуць ад нас’, бо яны не адыйдуць;
Бо хоць бы вы разьбілі ўсе войска хальдэйскае, што ваюе з вамі, і засталіся раненыя з памеж іх, яны ўсталі б кажны з будану свайго і спалілі б гэтае места цяплом"».
І сталася, што, як войска хальдэйскае адступіла ад Ерузаліму, бо баялася войска фараонавага,
Ярэма вышаў зь Ерузаліму, ісьці да зямлі Веняміновае, каб выкаўзнуцца стуль памеж люду.
Але як ён быў у браме Веняміновай, быў там вартаўнічы імям Ірыя, сын Шэлемы Гананёнка; і няў Ярэму прароку, кажучы: «Да Хальдэяў ты пераходзіш».
Ярэма сказаў: «Мана: я не пераходжу да Хальдэяў». Але тый не паслухаў, і Ірыя няў Ярэму, і прывёў яго да князёў.
І гневаліся князі на Ярэму, яны білі яго й пасадзілі яго да вязьніцы ў доме Ёнафана, пісара, бо зь яго зрабілі вязьніцу.
І вось, Ярэма лучыў да лёху да каморак, і заставаўся там Ярэма шмат дзён.
Тады Сэдэка, кароль, паслаў і ўзяў яго, і папытаўся кароль патай у доме сваім, і сказаў: «Ці ё слова ад СПАДАРА?» І Ярэма сказаў: «Ё». Тады ён сказаў: «Ты будзеш адданы ў руку караля Бабілёнскага».
Адлі Ярэма сказаў каралю Сэдэку: «Чым я ізграшыў супроці цябе альбо супроці слугаў тваіх, альбо супроці люду гэтага, што ты пасадзіў мяне ў вязьніцу?
Ідзе цяпер прарокі вашы, што праракалі вам, кажучы: "Кароль Бабілёнскі ня прыйдзе на вас ані на зямлю гэтую"?
Дык цяпер слухай жа, малю цябе, спадару мой, каролю, хай падзець жа маленьне мае перад табою: не зварачай мяне да дому Ёнафана пісара, каб я не памер там».
Тады расказаў кароль Сэдэка, каб пасадзілі Ярэму на панадворак вязьніцы, і каб давалі яму ўдзень кавалак хлеба з вуліцы пекароў, пакуль ня высіліцца ўвесь хлеб у месьце. Гэтак Ярэма застаўся на панадворку вязьніцы.