Ераміі 42 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І дабліжыліся ўсі вайводцы а Ёганан Карэажонак а Езаня Гошаёнак а ўвесь люд ад найменшага аж да найбольшага,
 

І сказалі Ярэме прароку: «Хай падзець жа маленьне наша перад табою, і памаліся за нас СПАДАРУ, Богу свайму, за ўсю гэту астачу, бо з множасьці мала нас засталося, як во вочы твае бачаць нас,
 

Каб СПАДАР, Бог твой, паведаміў нам дарогу, па каторай мы маем ісьці, і што маем рабіць».
 

І сказаў ім Ярэма прарока: «Чую, вось, я памалюся СПАДАРУ, Богу вашаму, подле слоў вашых; і станецца, што СПАДАР адкажа вам, Я паведамлю вам, не схаваю нічога ад вас».
 

Яны ж сказалі Ярэме: «Няхай СПАДАР будзе праўдзіваю а вернаю сьветкаю памеж нас, калі мы ня зробім подле кажнага слова, дзеля каторага СПАДАР, Бог твой, пашлець цябе да нас:
 

Ці добра, ці блага, мы паслухаем голасу СПАДАРА, Бога нашага, да Каторага пасылаем цябе, каб нам было добра, бо мы паслухалі голасу СПАДАРА, Бога нашага».
 

І сталася за дзесяць дзён, што было слова СПАДАРОВА да Ярэмы;
 

І пагукаў Ёганана Карэажонка а ўсіх вайводцаў, што былі зь ім, а ўвесь люд ад найменшага аж да найбольшага,
 

І сказаў ім: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў, да Каторага вы пасылалі мяне пакласьці ваша маленьне перад Ім:
 

"Калі вы будзеце жыць, жыць у зямлі гэтай, дык Я ўладжу вас, а не разбуру, і засаджу вас, а ня выкараню, бо Я жалею ліха, каторае Я ўчыніў вам.
 

Ня бойцеся караля Бабілёнскага, каторага вы баіцеся, ня бойцеся яго, — агалашае СПАДАР, — бо Я з вамі, каб выбавіць вас і вывальніць вас із рукі ягонае.
 

І Я прычыню, каб вы знайшлі жаласьць у ваччу ягоным, і ён пажалее вас, і верне вас да зямлі вашае.
 

Але, калі б вы сказалі: ’Ня будзем жыць у зямлі гэтай’, каб ня слухаць голасу СПАДАРА, Бога свайго,
 

Кажучы: ’Не, мы пойдзем да зямлі Ягіпецкае, ідзе ня будзем бачыць вайны ані чуць гуку трубы, ані галадаваць бяз хлеба; там будзем жыць’;
 

Дык выслухайце цяпер слова СПАДАРОВА, засталыя Юдэі: гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: ’Калі вы станаўко зьвернеце віды свае, каб ісьці да Ягіпту, і прыйдзеце, каб жыць там,
 

Тады станецца, што меч, каторага вы баіцеся, насьпее вас там, у зямлі Ягіпецкай, і галадоў, каторае вы лякаецеся, дажанець вас там, у Ягіпце, і там вы памрыце.
 

Гэтак будзе ўсім людзём, што зьвярнулі віды свае йсьці да Ягіпту, каб жыць там, — памруць ад мяча, ад галадові а ад ліпучкі, і ніхто зь іх не застанецца ані ўцячэць ад ліха, што Я навяду на іх’"»;
 

Бо гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: «Як гнеў Мой а абурэньне Мае вылілася на жыхараў Ерузаліму, так Мае абурэньне выльлецца на вас, калі вы прыйдзеце да Ягіпту, і вы будзеце брыдою, жахам, праклёнам а ганьбаю, і ўжо не абачыце месца гэтага».
 

Праз вас, засталыя Юдэі, вымавіў СПАДАР: «Ня прыходзьце да Ягіпту»; ведайце напэўна, што я сьветчыў вам сядні,
 

Што вы заблудзілі супроці душаў вашых, бо вы паслалі мяне да СПАДАРА, Бога свайго, кажучы: «Малі за нас СПАДАРА, Бога нашага, і подле ўсёга, што СПАДАР, Бог наш, скажа, паведамі нам, і мы зробім».
 

І я цяпер паведаміў вам, але вы не паслухалі голасу СПАДАРА, Бога свайго, і ўсяго, дзеля чаго Ён паслаў мяне да вас.
 

Дык ведайце напэўна, што памрыце ад мяча, ад галадові а ад ліпучкі на тым месцу, куды вы жадаеце йсьці жыць.