Яна 20 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Першага ж дня тыдня Марыя Магдалена прыходзе да гробу рана нараніцы, як яшчэ было цемна, і бача — камень адкочаны ад гробу.
 
У першы ж дзень пасьля суботы Марыя Магдалена прыходзіць раніцаю, калі яшчэ было цёмна, да магілы і бачыць, што камень адвалены ад магілы.

Дык бяжыць і прыходзе да Сымона Пётры а да другога вучаніка, каторага любіў Ісус, і кажа ім: «Узялі Спадара з гробу, і ня ведаем, ідзе паклалі».
 
Тады бяжыць і прыходзіць да Сымона Пятра і другога вучня, з якім сябраваў Ісус, і кажа ім: «Узялі Госпада з магілы, і ня ведаем, дзе палажылі Яго».

Тады вышаў Пётра а другі вучанік і прышлі да гробу.
 
Тады выйшаў Пётар і другі вучань і прыйшлі да магілы.

І абодва беглі разам, але другі вучанік бег баржджэй за Пётру, і прышоў да гробу першы.
 
Беглі ж абодва разам, і другі вучань бег хутчэй за Пятра, і прыйшоў першы да магілы,

І, нахінуўшыся, абачыў палотны лежачыя; але ня ўвыйшоў.
 
і, нахіліўшыся, бачыць, што ляжыць прасьціна, але не ўвайшоў.

Тады прыходзе Сымон Пётра, ідучы за ім, і ўвыйшоў у гроб, і бача палотны лежачыя.
 
Тады прыходзіць Сымон Пётар, ідучы за ім, і ўваходзіць у магілу, і бачыць, што ляжыць прасьціна

А хустку, што была на галаве Ягонай, не з палотнамі лежачую, але складзеную асобна.
 
і хустка, што была на галаве Ягонай, ня разам з прасьціною, але асобна скручаная ў адным месцы.

Тады ўвыйшоў і другі, што ўперад прышоў да гробу, і абачыў, і ўверыў.
 
Тады ўвайшоў і другі вучань, які першы прыйшоў да магілы, і ўбачыў, і паверыў.

Бо яны яшчэ ня зналі Пісьма, што Яму належыла ўскрэсьці зь мертвых.
 
Бо яны яшчэ ня ведалі Пісаньня, што Ён мусіць уваскрэснуць з мёртвых.

Дык вучанікі пайшлі ізноў двору.
 
Тады вучні ізноў адыйшлі да сябе.

Але Марыя стаяла знадворку ля гробу, плачучы. І як плакала, нахінулася да гробу.
 
А Марыя стаяла звонку каля магілы, плачучы. Калі ж яна плакала, нахілілася да магілы

І бача двух ангілаў, у белі седзячых, адзін ля ўзгалоўя, а другі ля ног, ідзе ляжала цела Ісусава.
 
і бачыць двух анёлаў у белым, што сядзелі адзін ля галавы і другі ля ног, дзе ляжала цела Ісуса.

І яны кажуць ёй: «Жонка, чаго ты плачаш?» Кажа ім: «Бо ўзялі Спадара майго, і ня ведаю, ідзе паклалі Яго».
 
І яны кажуць ёй: «Жанчына! Што ты плачаш?» Яна кажа: «Забралі Госпада майго, і ня ведаю, дзе палажылі Яго».

Сказаўшы гэта, яна абярнулася назад і бача, што стаіць Ісус, але ня ведала, што гэта быў Ісус.
 
І, сказаўшы гэта, яна павярнулася назад, і бачыць, што стаіць Ісус, і яна ня ведала, што гэта Ісус.

Ісус кажа ёй: «Жонка, чаго ты плачаш? каго шукаеш?» Думаючы, што гэта гараднічы, кажа Яму: «Спадару, калі ты вынес Яго адгэтуль, скажы імне, ідзе паклаў Яго, і я вазьму Яго».
 
Кажа ёй Ісус: «Жанчына! Што ты плачаш? Каго шукаеш?» Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: «Пане! Калі Ты вынес Яго, скажы мне, дзе Ты Яго палажыў, і я вазьму Яго».

Кажа ёй Ісус: «Марыя!» Абярнуўшыся, яна кажа пагэбрэйску: «Рабуні!», што знача: «Вучыцелю!
 
Кажа ёй Ісус: «Марыя!» Яна, павярнуўшыся, кажа Яму: «Раббуні!», — што значыць Настаўнік.

Ісус кажа ёй: «Не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ ня ўзьнёсься да Айца Свайго; але йдзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Свайго і да Айца вашага, і да Бога Свайго і да Бога вашага».
 
Кажа ёй Ісус: «Не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ не ўзыйшоў да Айца Майго, а ідзі да братоў Маіх і скажы ім: “Узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і да Бога Майго і Бога вашага”».

Прыходзе Марыя Магдалена, наказуючы вучанікам, што бачыла Спадара, і Ён гэта сказаў ёй.
 
Марыя Магдалена прыходзіць, абвяшчаючы вучням, што бачыла Госпада і што Ён гэта сказаў ёй.

Увечары таго дня, што быў першым днём тыдня, із страху перад Юдэямі, дзьверы былі замкнёныя, ідзе былі вучанікі, прышоў Ісус, і стаў пасярэдзіне, і кажа ім: «Супакой вам!»
 
А ўвечары таго першага дня пасьля суботы, калі дзьверы там, дзе зьбіраліся вучні Ягоныя, былі замкнёныя дзеля страху перад Юдэямі, прыйшоў Ісус, і стаў пасярэдзіне, і кажа ім: «Супакой вам!»

І, сказаўшы гэта, Ён паказаў ім рукі а бок. І ўсьцешыліся вучанікі, абачыўшы Спадара.
 
І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок Свой. Тады ўзрадаваліся вучні, убачыўшы Госпада.

Тады сказаў ім узноў: «Супакой вам! як Мяне паслаў Айцец, і Я пасылаю вас».
 
Тады Ісус сказаў ім ізноў: «Супакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, і Я пасылаю вас».

І сказаўшы гэта, дыхнуў на іх, і кажа ім: «Прыйміце Духа Сьвятога.
 
І, сказаўшы гэта, дыхнуў і кажа ім: «Прыйміце Духа Сьвятога.

Каму даруеце грахі, дараваныя ім; каму задзяржыце, задзяржаныя».
 
Каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаны, на кім затрымаеце, на тым будуць затрыманыя».

Хама ж, адзін із двананцацёх, званы Блізьнюк, ня быў зь імі, як прыходзіў Ісус.
 
А Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізьнюк, ня быў з імі, калі прыходзіў Ісус.

Казалі яму іншыя вучанікі: «Мы бачылі Спадара». Ён жа сказаў ім: «Калі не абачу на руках Ягоных знаку ад гваздоў, і не ўкладу палца свайго ў раны ад гваздоў, і не ўкладу рукі свае ў бок Ягоны, не паверу».
 
Іншыя вучні тады сказалі яму: «Мы бачылі Госпада». А ён сказаў ім: «Калі ня ўбачу на руках Ягоных ранаў ад цьвікоў і ня ўткну пальца майго ў раны ад цьвікоў, і не ўлажу рукі маёй у бок Ягоны, не паверу».

І за восьмі дзён ізноў былі вучанікі ў доме, і Хама зь імі. Прыходзе Ісус, як дзьверы былі замкнёныя; і стаў пасярэдзіне, і сказаў: «Супакой вам!»
 
І праз восем дзён ізноў былі ў доме вучні Ягоныя, і Тамаш з імі. Прыходзіць Ісус пры замкнёных дзьвярах, і стаў пасярэдзіне, і сказаў: «Супакой вам!»

Адлі кажа Хаме: «Выцягні палец свой сюды, і глянь на рукі Мае, і выцягні руку сваю, і ўкладзі ў бок Мой; і ня будзь нявернікам, але вернікам».
 
Потым кажа да Тамаша: «Дай сюды палец твой і паглядзі рукі Мае; дай руку тваю і ўткні ў бок Мой; і ня будзь няверным, але верным».

Адказаў Хама і сказаў Яму: «Спадар мой і Бог мой!»
 
І адказаў Тамаш, і сказаў Яму: «Госпад мой і Бог мой!»

Кажа яму Ісус: «Ты ўверыў, бо абачыў Мяне; дабраславёныя, што ня бачылі і ўверылі».
 
Кажа яму Ісус: «Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчасьлівыя тыя, якія ня бачылі і паверылі».

Шмат іншых знакоў учыніў таксама Ісус перад вучанікамі Сваімі, каторыя не запісаныя ў кнізе гэтай.
 
Тады шмат іншых знакаў учыні́ў Ісус перад вучнямі Сваімі, пра якія не напісана ў гэтай кнізе.

Але гэтыя запісаныя, каб вы верылі, што Ісус ё Хрыстос, сын Божы, і каб, верачы, мелі жыцьцё ў імя Ягонае.
 
А гэта напісана, каб вы паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і каб, веручы, мелі жыцьцё ў імя Яго.