Яна 5 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Просьле гэтага было сьвята юдэйскае, і Ісус прышоў да Ерузаліму.
Пасьля гэтага было сьвята юдэйскае, і ўзыйшоў Ісус у Ерусалім.
Ёсьць жа ў Ерузаліме ля Авечае брамы копань ізь пяцьма ґанкамі, званая пагэбрэйску Віфэзда.
Ёсьць жа ў Ерусаліме ля Авечае брамы сажалка, якая завецца па-гебрайску Бэтэзда і якая мае пяць прысенкаў.
І ў іх ляжала множасьць хворых, нявісных, кульгавых, сьпятрэлых, што чакалі руху вады;
У іх ляжала вялікае мноства нядужых, сьляпых, кульгавых, ссохшых, якія чакалі руху вады;
Бо ад часу да часу зыходзіў да копані ангіл і кратаў ваду, і хто першы ўходзіў у пакратаную ваду, ачуняваў, на якую б хваробу ён ні хворэў.
бо анёл Госпадаў у пэўны час зыходзіў у сажалку і каламуціў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасьля ўскаламучаньня вады, той ставаўся здаровым, на што б ні хварэў.
І там быў адзін чалавек, хворы трыццаць восьмі год.
І быў тут нейкі чалавек, які меў нядужасьць трыццаць восем гадоў.
Ісус, бачачы яго лежачага й ведаючы, што ён ляжыць ужо даўгі час, кажа яму: «Ці хочаш ачуняць?»
Ісус убачыў яго, што ён ляжаў, і, даведаўшыся, што ён ляжыць ужо доўгі час, кажа яму: «Ці хочаш стацца здаровым?»
Хворы адказаў Яму: «Спадару, я ня маю людзіны, каб, як вада пакратаная, апусьціла мяне да копані; як жа я йду, іншы выпераджае мяне».
Нядужы адказаў Яму: «Пане, я ня ма́ю чалавека, які спусьціў бы мяне ў сажалку, калі ўскаламуціцца вада; калі ж сам прыходжу, другі ўжо зыходзіць раней за мяне».
Ісус кажа яму: «Устань, вазьмі пасьцелю сваю й хадзі».
Кажа яму Ісус: «Устань, вазьмі ложак твой і хадзі».
І якга тый чалавек ачуняў, і ўзяў пасьцелю сваю, і пайшоў. І была сыбота таго дня.
І адразу стаўся здаровым той чалавек, і ўзяў ложак свой, і пайшоў. Была ж субота ў той дзень.
Затым Юдэі сказалі ўздароўленаму: «Сыбота, не дазволена табе правам браць пасьцелі свае».
Дзеля гэтага Юдэі казалі аздароўленаму: «Сёньня субота, ня можна табе браць ложак».
Ён адказаў ім: «Хто ўздаравіў мяне, сказаў імне: "Вазьмі пасьцелю сваю й хадзі"».
Ён адказаў ім: «Той, Які мяне зрабіў здаровым, Ён мне сказаў: “Вазьмі ложак твой і хадзі”».
Яны папыталіся ў яго: «Хто тый чалавек, што сказаў табе: "Вазьмі пасьцелю сваю й хадзі"?».
Тады спыталіся ў яго: «Хто Той Чалавек, Які сказаў табе: “Вазьмі ложак твой і хадзі?”»
Але ўздароўлены ня ведаў, хто гэта быў, бо Ісус, там будучы, адхінуўся ад гурбы ў тым месцу.
Аздароўлены ж ня ведаў, хто Ён, бо Ісус зьнік у натоўпе, які быў у тым месцы.
Просьле гэтага Ісус засьпяець яго ў сьвятыні і кажа яму: «Вось, ты ачуняў; не грашы ж ужо, каб чаго горшага ня сталася табе».
Пасьля гэтага Ісус знаходзіць яго ў сьвятыні і кажа яму: «Вось, ты стаўся здаровым, не грашы больш, каб ня сталася з табою нешта горшае».
Чалавек тый пайшоў і сказаў Юдэям, што гэта быў Ісус, каторы ўздаравіў яго.
Чалавек гэты пайшоў і абвясьціў Юдэям, што гэта Ісус аздаравіў яго.
І за тое Юдэі перасьледавалі Ісуса, што Ён учыніў гэта ў сыботу.
І дзеля гэтага пачалі Юдэі перасьледаваць Ісуса, і шукалі, каб забіць Яго, бо Ён учыні́ў гэткае ў суботу.
Але Ісус адказаў ім: «Ацец Мой аж дагэтуль працуе, і Я працую».
Ісус жа адказваў ім: «Айцец Мой дагэтуль робіць, і Я раблю».
За гэта яшчэ балей Юдэі шукалі забіць Яго, бо Ён ня толькі ўзрушаў сыботу, але й сказаў, што Бог быў айцец Ягоны, раўнуючы Сябе да Бога.
Дзеля гэтага Юдэі яшчэ больш шукалі, каб забіць Яго, бо Ён ня толькі парушаў суботу, але і Айцом Сваім называў Бога, робячы Сябе роўным Богу.
Дык адказаў Ісус і сказаў ім: «Запраўды, запраўды кажу вам: Сын нічога ня можа чыніць Сам ад Сябе, адно што бача Айца чынячага; бо што-колечы Ён чыне, тое й Сын чыне таксама.
Тады адказваў Ісус і сказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Сын нічога ня можа рабіць Сам ад Сябе, калі ня бачыць Айца, Які робіць, бо што Ён робіць, тое і Сын робіць таксама.
Бо Ацец любе Сына й паказуе Яму ўсе, што Ён Сам чыне; і пакажа Яму ўчынкі большыя за гэтыя, каб вы дзіваваліся.
Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, і большыя за гэтыя пакажа Яму справы, ажно вы зьдзівіцеся.
Бо як Ацец ускрышае памерлых і ажыўляе іх, так і Сын ажыўляе, каго хоча.
Бо як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча.
Бо Ацец і ня судзе нікога, але аддаў увесь суд Сыну;
Бо Айцец і ня су́дзіць нікога, але ўвесь суд аддаў Сыну,
Каб усі сьцілі Сына, як сьцяць Айца. Хто ня сьціць Сына, ня сьціць Айца, Каторы паслаў Яго.
каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, не шануе і Айца, Які паслаў Яго.
Запраўды, запраўды кажу вам: хто слухае слова Мае й вера таму, хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае; і ня прыйдзе на суд, але перайшоў ад сьмерці да жыцьця.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае і на суд не ідзе, але перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё.
Запраўды, запраўды кажу вам, што настаець гадзіна, і цяпер ё, калі мертвыя пачуюць голас Сына Божага, і каторыя пачуюць, будуць жыць.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: Прыходзіць гадзіна, і яна ўжо прыйшла, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць.
Бо як Ацец мае жыцьцё ў Самым Сабе, так і Сыну даў меці жыцьцё ў Самым Сабе.
Бо як Айцец мае жыцьцё ў Сабе, так і Сыну даў жыцьцё мець у Сабе.
І даў Яму ўладу чыніць суд, бо Ён ё Сын Людзкі.
І даў Яму ўладу чыні́ць суд, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы.
Ня дзівуйцеся з гэтага, бо настаець гадзіна, у каторай усі, што ў грабох, пачуюць голас Ягоны;
Не зьдзіўляйцеся гэтаму: бо прыходзіць гадзіна, калі ўсе, што ў магілах, пачуюць голас Ягоны,
І пойдуць тыя, што чынілі дабро, на ўскрысеньне жыцьця, а каторыя ліха чынілі, на ўскрысеньне суду.
і выйдуць тыя, што чыні́лі добрае, на ўваскрашэньне жыцьця, а тыя, што чыні́лі благое, — на ўваскрашэньне суду.
Я нічога не магу чыніць Сам ад Сябе. Як чую, так і суджу; і суд Мой справядлівы; бо Я ня шукаю волі Свае, але волі тога, хто паслаў Мяне.
Я нічога не магу рабіць Сам ад Сябе. Як чую, так і суджу, і суд Мой праведны, бо Я не шукаю Маёй волі, але волі Айца, Які паслаў Мяне.
«Калі Я сьветчу Сам празь Сябе, сьветчаньне Мае ня ё праўдзівае.
Калі Я сьведчу Сам пра Сябе, сьведчаньне Маё ня ёсьць праўдзівае.
Ё іншы, што сьветча празь Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае тое сьветчаньне, каторым Ён сьветча празь Мяне.
Ёсьць Другі, Які сьведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае тое сьведчаньне, якім Ён сьведчыць пра Мяне.
Вы пасылалі да Яана, і ён пасьветчыў праз праўду.
Вы пасылалі да Яна, і ён засьведчыў пра праўду.
Не ад людзіны, адылі, я прыймаю сьветчаньне, але кажу гэта, каб вы спасьліся.
Але Я не ад чалавека прыймаю сьведчаньне, але кажу гэта, каб вы былі збаўленыя.
Ён быў лянпаю, што гарэла а сьвяціла, і вы хацелі якісь час пацешыцца ў сьвятліні ягонай.
Ён быў сьвечкай, якая гарэла і сьвяціла, а вы хацелі часіну радавацца пры сьвятле ягоным.
«Я ж маю сьветчаньне большае за Яанава, бо справы, што даў Імне Ацец скончыць, самыя тыя справы, каторыя Я спраўляю, сьветчаць празь Мяне, што Ацец паслаў Мяне.
Я ж ма́ю сьведчаньне, большае за Янава, бо справы, якія Айцец даў Мне скончыць, самыя гэтыя справы, якія Я раблю, сьведчаць пра Мяне, бо Айцец паслаў Мяне,
І Ацец, што паслаў Мяне, Сам сьветчыў празь Мяне. Вы ані голасу Ягонага ніколі ня чулі, ані віду Ягонага ня бачылі,
і Айцец, Які паслаў Мяне, Сам засьведчыў пра Мяне. Але вы ані голасу Яго ніколі ня чулі, ані аблічча Яго ня бачылі,
І ня маеце прабываючага ў сабе слова Ягонага, бо каго паслаў Ён, таму ня верыце.
і ня маеце слова Ягонага, якое ў вас было б, бо ня верыце Таму, Каго Ён паслаў.
«Дасьлядуйце Пісьмы, бо думаеце, што ў іх маеце жыцьцё вечнае; а яны сьветчаць празь Мяне.
Дасьледуйце Пісаньні, бо вы думаеце праз іх мець жыцьцё вечнае, і яны сьведчаць пра Мяне.
Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне, каб мець жыцьцё.
Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне, каб мець жыцьцё.
Ня прыймаю славы ад людзёў,
Славы ад людзей не прыймаю,
Але пазнаў вас, што вы любові Божае ня маеце ў сабе.
але ведаю вас, што любові да Бога ня маеце ў сабе.
Я прышоў у?імя Айца Свайго, і вы ня прыймаеце Мяне; калі б іншы прышоў у імя свае, таго прыймеце.
Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прыймаеце Мяне, а калі другі прыйдзе ў сваё імя, таго прыймеце.
Як можаце вы верыць, калі адзін ад аднаго прыймаеце славу, і ня шукаеце славы, каторая ад адзінага Бога?
Як вы можаце верыць, калі прыймаеце славу адзін ад аднаго, а славы, якая ад адзінага Бога, не шукаеце.
Ня думайце, што Я буду вінаваць вас перад Айцом: ё хто абвінуе вас — Масей, на Каторага спадзяіцеся.
Ня думайце, што Я буду вінаваціць вас перад Айцом; ёсьць на вас абвінавальнік Майсей, на якога вы спадзеяцёся.
Бо калі б вы верылі Масею, паверылі б Імне, бо ён пісаў празь Мяне.
Бо, калі б вы верылі Майсею, то верылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне.
Але калі ня верыце Пісьмам, як паверыце Маім словам?»
Калі ж ягоным пісаньням ня верыце, як Маім словам паверыце?»