1 да Карынфянаў 6 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Ці важыцца хто з вас, правуючыся з другім, прававацца ў несправядлівых, а не ў сьвятых?
 
Як адважваецца хто з вас, маючы справу з другім, судзі́цца перад няправеднымі, а не перад сьвятымі?

Ці ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзіць сьвет? А калі сьвет вамі будзе суджаны, ці вы нягожыя найменшага суджэньня?
 
Ці вы ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзі́ць сьвет? А калі вамі будзе суджаны сьвет, няўжо вы ня вартыя судзі́ць рэчы малыя?

Ці вы ня ведаеце, што мы будзем судзіць ангілаў? Пагатове справы гэтага жыцьця.
 
Ці вы ня ведаеце, што мы будзем судзі́ць анёлаў, ня толькі [справы] жыцьцёвыя?

А вы, як мелі справы гэтага жыцьця, пасадзілі судзіць пагрэбаваных у царкве.
 
А вы, калі маеце судзі́цца адносна [справаў] жыцьцёвых, стаўля́еце [судзьдзямі] тых, хто пагарджаны ў царкве.

На сорам вам кажу: нягож няма памеж вас ні воднага разумнага, што мог бы рассудзіць памеж братоў сваіх?
 
На сорам вам кажу: няўжо няма між вамі ніводнага мудрага, які можа рассудзіць між братамі сваімі?

Але брат із братам правуецца, ды перад нявернікамі.
 
Але брат з бра́там су́дзіцца, і гэта перад бязьвернымі.

У такім прылучаю ўжо запраўды заганаю наагул у вас ё, што вы правуецеся мяжсобку. Чаму валей ня церпіце крыўды? чаму валей не застаіцеся ашуканымі?
 
Дык тое ўжо вялікі ўпадак для вас, што вы маеце суды між сабою. Чаму вам ня лепш быць пакрыўджанымі? Чаму вам ня лепш мець шкоду?

Але вы крыўдзіце а шкодзіце, ды гэта братоў.
 
Але вы самі крыўдзіце і абдзіраеце, і гэта братоў!

Ці вы ня ведаеце, што несправядлівым не спадзець гаспадарства Божае? Не давайцеся зводзіць: ані бязулям, ані балвахвалам, ані чужаложнікам, ані вельма скунежаным, ані мужаложнікам,
 
Або вы ня ведаеце, што няправедныя Валадарства Божага ня возьмуць у спадчыну? Не падманвайце сябе: ані распусьнікі, ані ідалапаклоньнікі, ані чужаложнікі, ані збачэнцы, ані мужаложнікі,

Ані злодзеям, ані гальлівым, ані п’яніцам, ані абмоўцам, ані дзяруном не спадзець гаспадарства Божае.
 
ані злодзеі, ані хціўцы, ані п’яніцы, ані абмоўнікі, ані рабаўнікі ня возьмуць у спадчыну Валадарства Божага.

І гэткімі былі некатрыя з вас; але абмыты, але ўсьвячаны, але аправены імям Спадара нашага Ісуса Хрыста і Духам Бога нашага.
 
І гэткімі былі некаторыя, але вы абмытыя, але вы асьвячоныя, але вы апраўданыя ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і ў Духу Бога нашага.

Усе імне дазволена, але ня ўсе карысна; усе імне дазволена, але ня буду я пад уладаю чаго-колечы.
 
Усё мне можна, але ня ўсё карысна; усё мне можна, але нішто ня будзе валодаць мною.

Ежа да жывата, і жывот да ежы; але Бог зьнішча адно й другое. Цела не да бязулства, але да Спадара, і Спадар да цела.
 
Ежа для жывата, і жывот для ежы; але Бог зьнішчыць і тое, і другое. Цела ж не для распусты, але для Госпада, і Госпад — для цела.

Бог ускрысіў Спадара, ускрысіць і нас магутнасьцю Сваёй.
 
А Бог і Госпада ўваскрасіў, і нас уваскрасіць сілаю Сваёю.

Ці вы ня ведаеце, што целы вашы — гэта чаланы Хрыстовы? Дык ці адыйму чаланы ў Хрыста, каб зрабіць іх чаланамі бязулі? Няхай ня станецца так!
 
Хіба вы ня ведаеце, што целы вашыя ёсьць члены Хрыстовыя? Дык ці ж, узяўшы члены Хрыста, зраблю іх членамі распусьніцы? Няхай ня станецца!

Альбо ня ведаеце, што тый, каторы лучыцца зь бязуляю, ёсьць адно цела зь ёю, бо кажацца: «Двое будуць адно цела».
 
Або вы ня ведаеце, што той, хто злучаецца з распусьніцаю, ёсьць адно цела [з ёю]? Бо сказана: “Будуць двое адным целам”.

Але тый, што адзіночыцца із Спадаром, ёсьць адзін Дух.
 
А хто злучаецца з Госпадам, ёсьць адзін дух [з Ім].

Уцякайце ад бязулства: кажны грэх, які робе людзіна, ё вонках цела; а бязуля грэша супроці собскага цела свайго.
 
Уцякайце ад распусты. Усякі грэх, які робіць чалавек, ёсьць звонку цела, а распусьнік грашыць супраць уласнага цела.

Ці ня ведаеце, што целы вашы ё дом жывучага ў вас Сьвятога Духа, Каторага вы маеце ад Бога, і вы не свае?
 
Або вы ня ведаеце, што цела вашае ёсьць бажніца Духа Сьвятога, Які ў вас, Якога вы маеце ад Бога, і што вы не свае?

Бо вы купленыя цаною. Затым услаўляйце Бога ў целах сваіх.
 
Бо вы купленыя дарагою цаною. Таму слаўце Бога ў целе вашым і ў духу вашым, якія ёсьць Божыя.