1 да Карынфянаў 9 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Ці ня вольны я? Ці не апостал я? Ці ня бачыў я Ісуса Хрыста, Спадара нашага? Ці не мая праца вы ў Спадару?
Ці я не апостал? Ці я ня вольны? Ці я ня бачыў Ісуса Хрыста, Госпада нашага? Ці вы — не мая справа ў Госпадзе?
Калі іншым я не апостал, дык запраўды вам; бо пячаць майго апосталства вы ў Спадару.
Калі для другіх я не апостал, але не для вас; бо пячатка майго апостальства — гэта вы ў Госпадзе.
Во мая абарона ад судлівячых мяне.
Вось такая мая абарона перад тымі, якія судзяць мяне.
Ці мы ня маем права есьці й піць?
Ці мы ня маем улады есьці і піць?
Ці ня маем права мець спадарожніцаю сястру жану, як і іншыя апосталы а браты ў Спадару а Кіфа?
Ці ня маем улады хадзіць з сястрою жонкаю, як і пазасталыя апосталы, і браты Госпадавы, і Кіфа?
Або адзін я а Варнава ня маем права не рабіць?
Ці адзін я і Барнаба ня маем улады не працаваць?
І які жаўнер ваюе на свой кошт? Хто, засадзіўшы вінішча, ня есьць пладоў ізь яго? Хто, пасучы чараду, ня есьць малака ад чарады?
Хто калі служыць у войску на свой кошт? Хто садзіць вінаград і ня есьць пладоў яго? Ці хто пасе статак і ня есьць малака ад статку?
Ці я кажу гэта палюдзку? Ці й Закон гэтага ня кажа?
Ці толькі па-чалавечаму я гэтае гавару? Ці ня кажа гэтае самае і Закон?
Бо ў Законе Масеявым напісана: «Не завяжаш пыску валу малоцячаму». Ці праз валы рупіцца Бог?
Бо ў Законе Майсея напісана: «Не завязвай пысы валу́, які малоціць». Ці пра валоў клапоціцца Бог?
Ці ня супоўна дзеля нас кажацца? Бо нам гэта напісана; бо хто арэць, мае араць із надзеяю, хто малоце, із спадзеваю мець дзель.
Ці дзеля нас наогул гаворыць? Бо дзеля нас напісана, што той, хто арэ, павінен араць з надзеяй, і той, хто малоціць, [малаціць] з надзеяй атрымаць тое, на што спадзяецца.
Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, ці вялікае гэта, калі пажнем у вас цялеснае?
Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, ці вялікая рэч, калі пажнем у вас цялеснае?
Калі іншыя маюць у вас права мець дзель, ці не пагатове мы? Мы, адылі, не карыстаем із гэтага права, але ўсе церпім, каб не зрабіць ніякага заміну дабравесьці Хрыстовай.
Калі другія атрымліваюць уладу над вамі, ці ня больш мы? Але мы не скарысталі з гэтае ўлады, але ўсё вытрымліваем, каб не ўчыні́ць якое перашкоды Эва́нгельлю Хрыстоваму.
Ці вы ня ведаеце, што працуючыя каля сьвятых рэчаў жывяцца ізь сьвятыні? што слугуючыя ля аброчніка маюць дзель із аброчніка?
Ці вы ня ведаеце, што тыя, якія пры сьвятым працуюць, ядуць са сьвятыні? Што тыя, якія паслугуюць пры ахвярніку, бяруць частку ад ахвярніка?
Гэтак і Спадар загадаў, каб абяшчаючыя дабравесьць жылі з дабравесьці,
Гэтак і Госпад загадаў тым, якія абвяшчаюць Эва́нгельле, жыць ад Эва́нгельля.
Але я не карыстаў зь нічога гэтага. І напісаў гэта ня дзеля таго, каб так было імне; бо імне валей памерці, чымся каб хто змарнаваў пахвалу маю.
Але я нічым з гэтага не скарыстаўся; напісаў жа гэтае не дзеля таго, каб гэтак было для мяне, бо для мяне лепш памерці, чым каб хто прынізіў пахвалу́ маю.
Бо, калі я абяшчаю дабравесьць, дык няма імне чым хваліцца, бо гэта мой абавязак, і бяда імне, калі б я не абяшчаў дабравесьці!
Бо, калі я абвяшчаю Эва́нгельле, няма мне чым хвалі́цца, бо абавязак ляжыць на мне, і гора мне, калі я не абвяшчаю Эва́нгельля.
Бо калі я раблю гэта самахоць, дык буду мець заплату, але калі не самахоць, дык спаўняю павераны імне ўрад.
Бо калі я раблю гэтае сваёй ахвотай, ма́ю нагароду, а калі супраць волі, [выконваю] даверанае гаспадараваньне.
За што ж імне заплата? За тое, што, абяшчаючы дабравесьць, абяшчаю дарма, не карыстаючы з належнага імне права ў дабравесьці.
Дык якая мая нагарода? Што, дабравесьцячы, бяз платы выклада́ю Эва́нгельле Хрыстовае, не карыстаючыся маёю ўладаю ў Эва́нгельлі.
Бо, будучы вольны ад усіх, я ўчыніў сябе нявольнікам усіх, каб найбалей прыдбаць.
Бо, будучы вольным ад усіх, я паняволіў сябе ўсім, каб многіх здабыць.
І быў да Жыдоў як Жыд, каб магчы прыдбаць Жыдоў; да тых, што пад Законам, як пад Законам, ня будучы сам пад Законам, каб магчы прыдбаць тых, што пад Законам;
І я стаўся для Юдэяў, як Юдэй, каб здабыць Юдэяў; для тых, якія пад Законам, — як той, што пад Законам, каб здабыць тых, якія пад Законам;
Да тых без Закону, як без Закону, ня будучы без закону Божага, але пад законам Хрыстовым, каб прыдбаць тых, што без Закону;
для тых, якія без Закону, — як без Закону, ня будучы без Закону перад Богам, але пад законам Хрыста, каб здабыць тых, якія без Закону;
Да млявых стаў млявым, каб прыдбаць млявых. Да ўсіх я стаў усім, каб спасьці прынамся некатрых.
я стаўся для тых, якія слабыя, як слабы, каб здабыць тых, якія слабыя. Для ўсіх я стаўся ўсім, каб хоць некага збавіць.
А ўсе гэта раблю дзеля дабравесьці, каб учасьнікам яе быць.
А гэта я раблю дзеля Эва́нгельля, каб стацца ўдзельнікам яго.
Ціж ня ведаеце, што выпераднікі на выперадках бягуць усі, але адзін адзержуе надгароду? Дык бяжыце, каб адзяржаць.
Ці вы ня ведаеце, што тыя, якія бягуць на стадыёне, бягуць усе, але адзін атрымлівае ўзнагароду? Дык бяжыце, каб атрымаць.
Кажны ж дужэль заховуе самавалоданьне: тыя запраўды, каб адзяржаць вянок псавальны, а мы — непсавальны.
А кожны, хто змагаецца, устрымліваецца ад усяго: тыя, каб атрымаць вянок зьнішчальны, а мы — незьнішчальны.
Затым я бягу ня так, як на няпэўнае, б’юся ня так, быццам б’ю паветра;
Дык я бягу, не як на няпэўнае, змагаюся, не як паветра б’ючы,
Але слышу цела свае і няволю яго, каб, абяшчаючы іншым, самому ня быць адхіненым.
але я выму́чваю і няволю цела маё, каб, абвяшчаючы другім, самому ня стацца нягодным.