Да Габрэяў 13 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Братняя любосьць няхай трывае.
Любоў братняя няхай застаецца.
Гасьціннасьці не забывайцеся, бо перазь яе некатрыя, ня ведаючы, ангілаў гасьцінна прыймалі.
Пра гасьціннасьць не забывайцеся, бо праз яе некаторыя, ня ведаючы, гасьцявалі анёлаў.
Памятуйце празь вязьняў, бы спутаныя зь імі, і тых, што церпяць, бо вы таксама ў целе.
Памятайце пра вязьняў, нібы ўвязьненыя разам [з імі], і пра тых, што ў нягодах, як тыя, якія самі ў целе.
Жанімства пасьцівае ў вусім і ложак незабрудзянены; бязуляў жа а чужаложнікаў будзе судзіць Бог.
Сужонства [няхай будзе] шанаванае ў-ва ўсіх і сужыцьцё беззаганнае; а распусьнікаў і чужаложнікаў будзе судзі́ць Бог.
Няхай жыцьцё вашае будзе бязь любосьці грошы, здаваляйцеся тым, што ё. Бо сказаў: «Не пакіну цябе і ня кіну цябе»;
Ня будзьце срэбралюбныя, задавальняючыся тым, што маеце. Бо Ён сказаў: «Не адпушчу цябе і не пакіну цябе»,
Так што мы адважна кажам: «Спадар імне памачнік, і не баюся; што зробе імне людзіна?»
так што, маючы пэўнасьць, мы кажам: «Госпад мне ўспамога, і не спалохаюся, што зробіць мне чалавек?».
Памятуйце кіраўнікоў сваіх, каторыя казалі вам Слова Божае; разглядаючы вынік паступку іхнага, пераймайце веру іхную.
Памятайце начальнікаў вашых, якія казалі вам слова Божае; і, аглядаючы вынік жыцьця іх, пераймайце веру [іхнюю].
Ісус Хрыстос учорах і сядні тый самы, і на векі.
Ісус Хрыстос учора і сёньня Той Самы, і на вякі.
Навукамі рознымі й чужымі ня дайцеся быць зьведзенымі; бо добра ласкаю сіліць сэрцы, а ня ежамі, з каторых не адзяржалі карысьці тыя, што імі займаліся.
Вучэньнямі рознымі і чужымі не захапляйцеся; бо добра ласкай мацаваць сэрца, а ня ежай, ад якой ня мелі карысьці тыя, што ходзяць [за ёю].
Мы маем аброчнік, з каторага тыя ня маюць права жывіцца, што служаць вітальні.
Мы маем ахвярнік, з якога ня маюць права есьці тыя, якія служаць у намёце.
Бо каторае жывёлы кроў уносе найвышшы сьвятар за грэх да Сьвятога Сьвятых, тае мяса спаляюць вонках табару, —
Бо як целы тых жывёлаў, кроў якіх за грахі прыносіцца першасьвятаром у сьвятыню, спальваюцца па-за табарам;
Затым і Ісус, каб пасьвяціць людзёў крывёю Сваёй, пацярпеў вонках брамы.
дзеля гэтага і Ісус, каб асьвяціць праз кроў Сваю народ, пакутаваў за брамамі.
Дык выйдзіма да яго за табар, носячы паганьбеньне Ягонае;
Дык выйдзем да Яго па-за табар, пераносячы зьнявагі Ягоныя,
Бо мы ня маем тут штачаснага места, але шукаем прыйдучага.
бо мы ня маем тут трывалага гораду, але шукаем будучага.
Дык будзем перазь Яго бязупынку абракаць Богу аброк хвалы, значыцца плод вуснаў, імя Ягонае вызнаючых.
Дык будзем праз Яго прыносіць Богу няспынна ахвяры хвалы, гэта ёсьць плод вуснаў, якія вызнаюць імя Ягонае.
Дабрадзейства а ўдзельлівасьці не забывайцеся, бо такія аброкі любы Богу.
Пра дабрадзейнасьць і супольнасьць не забывайцеся, бо гэткія ахвяры падабаюцца Богу.
Слухайце кіраўнікоў сваіх і будзьце пакорныя, бо яны дбаюць праз душы вашыя, як тыя, што маюць здаць лічбу; каб яны рабілі гэта з радасьцяй, а ня ўздыхаючы, бо вам гэта некарысна.
Слухайцеся начальнікаў вашых і будзьце пакорнымі, бо яны чуваюць над душамі вашымі, як абавязаныя здаць справаздачу [за іх], каб яны рабілі гэта з радасьцю, а не ўздыхаючы, бо гэта для вас некарысна.
Маліцеся за нас, бо мы пераканаўшыся, што маем добрае сумленьне, у вусім зычачы паступаць добра.
Маліцеся за нас; бо мы перакананыя, што маем добрае сумленьне, у-ва ўсім хочучы жыць справядліва.
Асабліва ж прашу рабіць гэта, каб я баржджэй вернены быў вам.
Асабліва ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй быў вам вернуты.
Бог жа супакою, Каторы ўскрысіў зь мертвых Спадара нашага Ісуса Хрыста, вялікага пастыра авец, крывёю змовы вечнае,
А Бог супакою, Які падняў з мёртвых у крыві вечнага запавету вялікага Пастыра авечак, Госпада нашага Ісуса,
Хай удасканале вас у кажнай добрай справе да чыненьня волі Ягонае, дзеючы ў вас любае Яму перазь Ісуса Хрыста, Катораму слава на векі вякоў. Амін.
няхай удасканаліць вас у-ва ўсякай справе добрай, дзеля выкананьня волі Ягонай, робячы ў вас тое, што даспадобы Яму, праз Ісуса Хрыста, Якому слава на вякі вякоў. Амэн.
Прашу ж вас, браты, сьцярпіце гэтае слова захочаньня; я ж ня шмат і напісаў вам.
Прашу ж вас, браты, прыйміце слова пацяшэньня, бо я ж крыху напісаў вам.
Ведайце, што брат наш Цімох вывальнены; і я разам ізь ім (калі ён уборзьдзе прыйдзе) абачу вас.
Ведайце, што брат наш Цімафей вызвалены; з ім разам, калі хутка прыйдзе, угледжу я вас.
Здаровайце ўсіх кіраўнікоў сваіх і ўсіх сьвятых. Здароваюць вас італьскія.
Прывітайце ўсіх начальнікаў вашых і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас тыя, што з Італіі.
Ласка з усімі вамі. Амін.
Ласка з усімі вамі. Амэн.