Да Габрэяў 10 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Закон жа, маючы сьцень будучага дабра, а ня сам абраз рэчаў, ніколі ня можа тымі самымі аброкамі, кажны год кажначасна абраканымі, удасканаліць прыступаючых.
 
Бо Закон, які ма́е цень будучага дабра, а ня сам вобраз рэчаў, тымі ахвярамі, якія нязьменна прыносяцца штогод, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць [з імі].

Накш перасталі б абракаць, бо абракаючыя аброк, быўшы аднойчы ачышчаны, ня мелі б ужо ніякага сьведам’я грахоў.
 
Бо іначай перасталі б прыносіць іх, бо ўжо ня мелі б сьвядомасьці грахоў тыя, што служаць, аднойчы ачышчаныя.

Але гэтымі прыпамінаньне грахоў дзеецца кажнага году;
 
Але праз гэтыя [ахвяры] штогод узгадваецца пра грахі,

Бо нельга, каб кроў быкоў а казлоў касавала грахі.
 
бо немагчыма, каб кроў валоў і казлоў забірала грахі.

Затым Уходзячы на сьвет, кажа: «Аброкаў а дароў Ты не хацеў, але цела прыгатаваў Імне.
 
Дзеля гэтага [Хрыстос], уваходзячы ў сьвет, кажа: «Ахвяры і да́ру Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў для Мяне.

Усепаленьні а аброкі за грэх ня любы Табе.
 
Цэласпале́ньні і [ахвяры] за грэх Ты не ўпадабаў.

Тады Я сказаў: "Гля, іду ўчыніць волю Тваю, Божа", як напісана празь Мяне на пачатку кнігі».
 
Тады Я сказаў: “Вось, іду (на пачатку кнігі напісана пра Мяне) учыні́ць, Божа, волю Тваю”».

Сказаўшы ўперад: «Ты не хацеў ані ўпадабаў аброкаў ані дароў, ані ўсепаленьняў, ані аброкаў за грэх», (каторыя абракаюць подле Закону),
 
Сказаўшы перш, што «ахвяры, і да́ру, і цэласпале́ньняў, і [ахвяры] за грэх Ты не захацеў і не ўпадабаў», а яны прыносяцца паводле Закону,

Тады сказаў: «Гля, іду ўчыніць волю Тваю». Касуе першае, каб устанавіць другое.
 
пасьля сказаў: «Вось, іду ўчыні́ць, Божа, волю Тваю». Касу́е першае, каб паставіць другое.

Подле гэтае волі пасьвячаны мы аброкам цела Ісуса Хрыста аднойчы назаўсёды.
 
Гэтай воляй мы асьвячоныя праз аднакротнае прынясеньне цела Ісуса Хрыста.

І кажны сьвятар што дня стаіць, правячы а абракаючы часта тыя самыя аброкі, каторыя ніколі ня могуць змазаць грахоў.
 
І ўсякі сьвятар штодня стаіць, спраўляючы служэньне і шматкроць прыносячы тыя самыя ахвяры, якія ніколі ня могуць зьняць грахоў.

Ён жа, аброкшы адзін аброк за грахі, на векі сеў паправе Бога,
 
А Ён, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога,

Адлі чакаючы, пакуль варагі Ягоныя будуць пакладзены казулькаю пад ногі Ягоныя.
 
чакаючы яшчэ, пакуль ворагі Ягоныя будуць пакладзены як падножжа ног Ягоных.

Бо Ён адным аброкам на векі ўчыніў дасканальнымі пасьвячаных.
 
Бо Ён адным да́рам назаўсёды зрабіў дасканалымі тых, якіх асьвяціў.

Праз гэта сьветча нам і Дух Сьвяты; бо просьле гэтага сказана:
 
Сьведчыць жа нам і Дух Сьвяты, бо пасьля прадказана:

«Во змова, каторую Я ўстанаўлю ім просьле тых дзён, кажа Спадар: дам законы Свае ў сэрцы іхныя і напішу іх у думках іхных,
 
«Вось запавет, які Я заключу з імі пасьля дзён тых, — кажа Госпад, — даючы законы Мае́ ў сэрцы іхнія, напішу іх і ў думках іхніх,

І наперад грахоў іхных і бяспраўяў іхных ня ўспомню».
 
і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх больш не ўзгадаю».

А йдзе дараваньне, там ня надабе аброку за грэх.
 
А дзе адпушчэньне грахоў, ужо непатрэбны дар за іх.

Дык, браты, маючы адвагу ўходзіць да Сьвятога Сьвятых пераз кроў Ісусаву,
 
Дык, браты, маючы адвагу ўваходзіць у сьвятыню праз кроў Ісуса Хрыста,

Новай і жывой дарогаю, каторую нам пасьвяціў пераз запону, значыцца, цела Свае,
 
шляхам новым і жывым, які Ён усталяваў для нас праз заслону, гэта ёсьць цела Сваё,

І маючы вялікага Сьвятара над домам Божым,
 
і маючы вялікага Сьвятара над домам Божым,

Бліжмася з праўдзівым сэрцам, із супоўнай пэўнасьцяй веры, пакрапленьням ачысьціўшы сэрца ад нягоднага сумленьня і абмыўшы цела вадою чыстаю,
 
будзем падыходзіць са шчырым сэрцам, у поўні веры, пакрапіўшы сэрцы, [каб ачысьціць] ад сумленьня злога, і абмыўшы цела чыстай вадою.

Моцна дзяржымася бяз хістаньня вызнаньня надзеі, бо верны Тый, што абяцаў.
 
Будзем трымацца няўхільна вызнаньня надзеі, бо верны Той, Які абяцаў,

Будзьма ўважлівыя адзін да аднаго, захочуючы да міласьці а добрых учынкаў,
 
і будзем зважаць адзін на аднаго, заахвочваючы да любові і добрых учынкаў,

Не пакідаючы збораў сваіх, як ёсьць у некатрых звычай; але захочуючы, і тым болей, чым болей бачыце, што тый дзень бліжыцца.
 
не пакідаючы зграмаджэньня свайго, як ёсьць у некаторых звычай, але заклікаючы [ў яго], і тым больш, калі бачыце, што набліжаецца дзень той.

Бо калі б мы самахоць грашылі па адзяржаньню супоўнага знацьця праўды, не заставалася б ужо аброку за грахі,
 
Бо калі мы самахоць грашым, атрымаўшы пазнаньне праўды, ужо не застаецца ахвяра за грахі,

Але нейкае страшнае спадзяваньне суду й гарачыня агню, што мае пажэрці праціўнікаў.
 
але нейкае жахлівае чаканьне суду і жару агню, які ма́е пажэрці супраціўнікаў.

Калі хто ўлегцы замеў закон Масеяў, на сьветчаньне дзьвюх альбо трох сьветак памірае безь міласэрдзя, —
 
Хто адкінуў Закон Майсея пры двух ці трох сьведках, бяз літасьці памірае.

Дык якой горшай кары, думаеце, варты будзе тый, што патаптаў Сына Божага, і Кроў змовы, каторай пасьвячаны, мае за звычайную, і Духа ласкі зьневажае?
 
Наколькі, думаеце, цяжэйшае кары дастойны той, хто Сына Божага патаптаў, і кроў запавету, якою ён асьвячоны, за звычайную палічыў, і Духа ласкі зьняважыў?

Бо мы знаем Таго, хто сказаў: «Імне помста, Я адплачу, кажа Спадар». І ўзноў: «Спадар будзе судзіць люд Свой».
 
Бо мы ведаем Таго, Які сказаў: «“Мне помста, Я аддам”, — кажа Госпад». І ізноў: «Госпад будзе судзі́ць народ Свой».

Страшна ўпасьці ў рукі Бога жывога!
 
Жахліва трапіць у ру́кі Бога Жывога!

Успомніце пярэднія дні, калі, будучы асьвечаныя, вытрывалі вялікую бітву цярпеньняў,
 
Узгадайце ж ранейшыя дні вашыя, калі вы, прасьветленыя, вытрывалі вялікае змаганьне пакутаў,

З аднаго боку, як былі выстаўлены на ўпікі а атугу, а, з другога, як сталі сябрамі тых, што дазнавалі таго ж;
 
ці то самі выстаўля́ныя на зьнявагі і зьдзекі, ці то стаўшыся супольнікамі тых, якія пераносяць такое.

Бо вы спагадалі вязьням і прынялі з радасьцяй грабеж меньня свайго, ведаючы, што маеце сабе лепшую маемасьць і трываючую.
 
Бо вы і маім путам спачувалі, і рабунак маёмасьці вашае з радасьцю прыймалі, ведаючы, што маеце для сябе ў небе маёмасьць лепшую, якая застанецца.

Дык не адхінайце даверу свайго, каторы мае вялікую адплату.
 
Дык не пакідайце адвагі вашае, якая ма́е вялікую нагароду.

Бо трывалкосьці надабе вам, каб, учыніўны волю Божую, адзяржаць абятніцу;
 
Бо вам патрэбная цярплівасьць, каб, учыніўшы волю Божую, атрымаць абяцаньне.

«Бо яшчэ трошачкі, трошачкі, і Тый, што мае прыйсьці, прыйдзе і не адвалачэць.
 
Бо яшчэ крыху, зусім крыху, і надыйдзе Той, Які надыходзіць, і не замарудзіць.

Справядлівы ж вераю жыць будзе; а калі адступе, не ўпадабае таго душа Мая».
 
«А праведны з веры жыць будзе»; і: «Калі хто будзе хістацца, не ўпадабае яго душа Мая».

Мы ж не адступаючыя на загіну, але ў веры да спасеньня душы.
 
Мы ж ня хісткія на загубу, але [стаім] у веры на здабыцьцё душы́.