2 да Цімафея 3 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999
А ведай, што ў вапошнія дні настануць часы цяжкія.
Гэта ведай, што ў апошнія дні настануць небясьпечныя часы.
Бо людзі будуць самалюбы, грашалюбы, хвалькі, пышкі, блявузґаньнікі, непаслухменыя бацьком, няўдзячныя, несьвятыя,
Людзі будуць самалюбныя, хцівыя, ганарыстыя, саманадзейныя, зламоўныя, непаслухмяныя бацькам, няўдзячныя, нягодныя,
Бяз прыродных нахінаў, няўмольныя, абмоўцы, няўзьдзержлівыя, неміласьціўныя, ня любячыя дабра,
бессардэчныя, няўстрыманыя, злачынцы, неапанаваныя, жорсткія, непрыхільныя,
Зраднікі, нядбайлыя, надзьмутыя, любячыя балей прыемнасьці, чымся любячыя Бога,
здраднікі, нахабныя, пыхлівыя, раскошу любячыя больш, чым Бога,
Што маюць хормы набожнасьці, але адракліся сілы яе. Адварачайся ад іх.
маючыя выгляд пабожнасьці, моцы ж Яго выракшыся. Такіх высьцерагайся,
Бо з гэтых тыя, што лісьлівасьцяй улазяць да дамоў і зводзяць недасьціпныя жанкі, ацяжараныя, грахамі, воджаныя рознымі жадлівасьцямі,
бо між імі ёсьць такія, што бадзяюцца па дамах, зводзяць жанчын, абцяжараных рознымі грахамі, кіраваных рознымі пажаданьнямі,
Што заўсёды вучацца і ніколі ня могуць дайсьці да супоўнага пазнаньня праўды.
што заўсёды вучацца, але ніколі не даходзяць да разуменьня праўды.
Вось жа, як Янн а Ямра працівіліся Масею, так і гэтыя працівяцца праўдзе, людзі папсаванага розуму, распусныя ўзглядам веры.
Як Яньні і Ямбар працівіліся Майсею, так і яны працівяцца праўдзе, людзі папсаваага розуму, нявыпрабаваныя ў веры.
Але яны далёка не пасунуцца наперад, бо дурнота іхная выявіцца ўсім, як гэта сталася і з гэнымі.
Але яны далёка ня зойдуць. Бязглуздасьць бо іх выявіцца ўсім так, як і тых стала вядомай.
Але ты дакладна пайшоў за імною навукаю, паступкам, заданьням, вераю, цярплівосьцяй, міласьцяй, трывалкосьцяй,
А ты пайшоў сьледам маёй навукі, настаўленьня, намераў, веры, вялікадушнасьці, любові, цярплівасьці,
Перасьледаваньнямі, цярпеньнямі, што стрэліся імне ўв Антыёсе, Іконі, Лістрах, таковыя перасьледаваньні я ператрываў, і з каторых усіх Спадар выбавіў мяне.
перасьледаваньняў, пакут, якія сталіся са мною ў Антыёхіі, Іконіі і Лістры. Гэтыя перасьледаваньні я перанёс; з усіх іх вырваў мяне Госпад.
І запраўды ўсі, што зычаць набожна жыць у Хрысту Ісусу, будуць перасьледаваны.
Ды ўсе, каторыя захочуць жыць пабожна ў Хрысьце Езусе, перасьледаваны будуць.
А нягоднікі а ашуканцы будуць мець дасьпех у ліху, ашукуючыя й ашукаваныя.
Ліхія ж людзі і ашуканцы тым больш будуць гразнуць у зьле, псуючыся самі і другіх спакушаючы.
А ты трывай у тым, чаго навучыўся, і ў чым ты пэўны, ведаючы, у каго ты навучыўся,
Ты ж трывай у тым, чаго навучыўся і што даручана табе, ведаеш бо, ад каго навучыўся,
І што з маленства ты знаеш Сьвятыя Пісьмы, каторыя могуць цябе ўчыніць мудрым да спасеньня вераю ў Хрыста Ісуса.
бо з дзіцячых гадоў пазнаў ты Пісьмо Сьвятое, якое можа цябе навучыць на збаўленьне праз веру ў Хрыста Езуса.
Кажнае Пісьмо натханае Богам і карыснае да вучэньня, да вінаваньня, да паправы, да навучаньня ў справядлівасьці,
Усё Пісаньне натхнёна Богам і карыснае для навучаньня, дакору, выпраўляньня і ўзгадаваньня ў справядлівасьці,
Каб людзіна Божая была дасканальная, супоўна прыгатаваўшыся да кажнага добрага ўчынку.
каб дасканальным быў чалавек Божы, навучаны ўсякаму добраму дзеяньню.