Лявіт 12 разьдзел

Лявіт
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 
Далей казаў Госпад Майсею:

«Кажы сыном Ізраелявым: калі жонка зачнець а народзе мужчынскае плоці, дык яна нячыстая будзе сем дзён; подле дзён, у каторыя яна адлучаецца з прычыны хваробы свае, яна будзе нячыстая.
 
«Кажы сынам Ізраэля і вучы іх: Калі жанчына пачне і народзіць сына, сем дзён застанецца нячыстай; як у дні месячніцы яна будзе нячыстай.

Восьмага ж дня будзе абрэзана ў яго канцавая скурка плоці ягонае.
 
І ў восьмы дзень будзе абрэзаны (хлопец),

І трыццаць тры дні яна мае сядзець у крыві яе ачышчэньня; ні да чога сьвятога ня мае датыкацца, і да сьвятыні ня мае прыходзіць, пакудь ня споўняцца дні ачышчэньня яе.
 
а яна трыццаць тры дні будзе ачышчацца ад крыві сваёй, ня будзе дакранацца нічога сьвятога, ня будзе хадзіць у сьвятыню, пакуль ня скончацца дні яе ачышчэньня.

А калі яна народзе жаноцкае плоці, то яна будзе нячыстая два тыдні, як у часе адлучэньня свайго, і шасьцьдзясят шэсьць дзён мае сядзець на крыві ачышчэньня свайго.
 
Калі народзіць дачку, нячыстай будзе яна два тыдні як у дні месячніцы, і шэсьцьдзесят дзён будзе ачышчацца ад крыві сваёй.

І як мінуць дні ачышчэньня яе па сыну альбо па дачцэ, яна мае прынесьці аднагодняга баранчыка на аброк усепаленьня і галубянё альбо турка на аброк за грэх да ўходу будану збору, да сьвятара.
 
Калі скончацца дні ачышчэньня ейнага дзеля нараджэньня сына або дачкі, прынясе яна да сьвятара да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы аднагадовага барана ў ахвяру цэлапаленьня і маладога галубка або турка ў ахвяру за грэх.

Ён абрачэць гэта перад СПАДАРОМ і дастане ласкіўчыненьне, і яна будзе чыстая ад вытаку крыві свае. Гэта права праз тую, што нарадзіла мужчынскае або жаноцкае плоці.
 
Ён складзе іх у ахвяру перад Госпадам і ачысьціць яе, і так ачысьціцца яна ад цячэньня крыві сваёй. Гэта закон адносна той, каторая нарадзіла сына або дачку.

А калі яна ня будзе магчы прынесьці баранчыка, дык няхай возьме два туркі альбо двое галубянят, аднаго на ўсепаленьне, а другога на аброк за грэх; і сьвятар адзяржыць ласкіўчыненьне ёй, і яна будзе чыстая».
 
Калі б яна не змагла ахвяраваць барана, то хай ахвяруе двух туркоў або два маладыя галубкі, аднаго ў ахвяру цэлапаленьня, а другога ў ахвяру за грэх. Гэтак ачысьціць яе сьвятар і яна будзе ачышчаная».