Лявіт 21 разьдзел

Лявіт
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І сказаў СПАДАР Масею: «Гукай сьвятаром Ааранёнкам і скажы ім: ніякай мертвай асобай хай ня плюгавяцца ў людзе сваім.
 
Далей казаў Госпад Майсею: «Гавары сьвятарам, сынам Аарона, і кажы ім: Хай не занечышчаецца сьвятар, дакранаючыся памёршага з народу свайго.

Толькі да сваяка блізкога сабе, да маці свае й да айца свайго, да сына свайго й дачкі свае, да брата свайго
 
Хіба толькі да блізкіх сваякоў, да бацькі і маткі, сына і дачкі, а таксама брата свайго

Й да сястры свае, дзяўчыны блізкой да сябе, што ня была замужам, зь ёю можа плюгавіцца.
 
і сястры сваёй, дзяўчыны, што жыве пры ім незамужняя, можна яму дакранацца і не занячысьціць сябе.

Ён ня сплюгавіцца, як старшы ў людзе сваім, каб будзеніць сябе.
 
І хай не занячысьціць сябе сьвятар з прычыны сваякоў жонкі сваёй, бо было б гэта зьнявагаю.

Яны ня маюць рабіць плешы на галаве сваёй, канец барады свае хай ня голяць і на целе сваім хай не націнаюць націнаў.
 
Не павінны яны стрыгчы галавы і скраяў барады, і на целе сваім ня будуць рабіць нарэзаў.

Сьвятымі хай будуць Богу свайму, і ня маюць будзеніць імені Бога свайго; бо агняныя аброкі СПАДАРУ, хлеб Бога свайго яны даруюць; затым будуць сьвятыя.
 
Сьвятымі будуць яны перад Богам сваім і ня будуць паганіць імя Ягонае, бо яны складаюць ахвяры цэлапаленьня Госпаду і ахвяры зь яды, таму мусяць яны быць сьвятымі.

Жонкі бязулі й збудзененае яны ня возьмуць, і жонкі, разьведзенае мужам сваім, бо ён сьвяты Богу свайму.
 
Ня возьмуць яны за жонку распусьніцы або зьняслаўленай; ня возьмуць жанчыны, выгнанай мужам, бо сьвятар пасьвечаны Богу.

Сьвяці яго, бо ён абракае хлеб Богу твайму; хай будзе ён у цябе сьвяты, бо сьвяты Я СПАДАР, пасьвячаючы вас.
 
Будзеш уважаць яго за сьвятара, бо ён складае хлеб Богу твайму. Дык хай будзе ён сьвяты для цябе, бо сьвяты Я, Госпад, Каторы асьвячае вас.

І дачка сьвятарова, калі збудзене сябе бязулствам, то яна будзене айца свайго: цяплом маюць спаліць яе.
 
Калі дачка сьвятара паганіць сябе распустаю і няславіць імя бацькі свайго, будзе яна спалена ў агні.

І найвышшы сьвятар із братоў сваіх, на каторага галаву ўзьліты алей памазаньня і каторы пасьвячаны адзявацца ў тую адзежу, ня мае адкрываць галавы свае й разьдзіраць адзежы свае;
 
Найвышэйшы сьвятар паміж братоў сваіх, каторага галава была памазана алеем, каторага рукі пасьвечаныя ў сьвятарства ды каторы адзеты ў сьвятыя шаты, ня будзе распускаць валасоў сваіх і разьдзіраць шатаў,

І да ніякага памерлага ня мае ён прыступаць; айцом а маці сваёй хай ня плюгавіцца.
 
і ня будзе ён набліжацца да ніводнага памёршага, ня можа занячысьціцца нават з прычыны бацькі свайго і маткі.

І ад сьвятыні ён ня мае адходзіць і будзеніць сьвятыню Бога свайго, бо адлучэньне алеям памазаньня Бога яго на ім. Я СПАДАР.
 
Ня будзе ён выходзіць са сьвятыні і не апаганіць сьвятога месца Госпадавага, бо ён памазаны алеем памазаньня для Бога свайго. Я — Госпад.

І ён жонку ў дзявоцтве ейным хай бярэць,
 
За жонку возьме ён толькі дзяўчыну.

Удаву, альбо разьведзеную, альбо збудзененую, альбо бязулю, гэтыя ня мае ён браць, але адно дзяўчыну зь люду свайго мае ён браці за жонку.
 
Ня возьме за жонку ані ўдавы, ані разьведзенай, ані зьняслаўленай, ані распусьніцы, ніводнай з такіх ня возьме, але возьме дзяўчыну спасярод сваякоў сваіх.

І хай ня будзене насеньня свайго ў люду сваім, бо Я СПАДАР, Каторы пасьвячае яго».
 
І не зьняславіць ён насеньня свайго сярод сваякоў сваіх, бо Я — Госпад, Каторы асьвячаю яго».

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 
Далей казаў Госпад Майсею:

«Гукай Аарону, кажучы: кажны з насеньня твайго ў родах сваіх, калі будзе ў яго ган, хай ня бліжыцца абракаць хлеб Бога свайго;
 
«Скажы Аарону: Ніхто з патомства твайго ў-ва ўсе пакаленьні іх, у каторага на целе будзе загана, не павінен прыступаць, каб складаць ахвяру Бога свайго.

Бо кажны, на кім ган, ня мае бліжыцца: ані нявісны, ані кульгавы, альбо маючы сплюшчаны нос, альбо якую-колечы часьць лішне даўгую,
 
Ніхто, у каго на целе недахоп, не павінен прыступаць, ані сьляпы, ані кульгавы, ані маючы скалечаны твар,

Ані такі, у каторага зломлена нага альбо зломлена рука,
 
ані хто мае зламаную нагу або зламаную руку,

Ані гарбаты, ані карамжаты, альбо ў каторага бяльмо на воку, ані каросьлівы, ані шалудлівы, ані з расьцягненымі шулятамі.
 
ані гарбаты, ані кволы, ані той, хто мае бяльмо на воку, ані каросьлівы, ані паршывы, ані той, хто мае пашкоджаныя яечкі.

Кажная людзіна, у каторай ё ган, і яна з насеньня Аарона сьвятара, ня мае бліжыцца, каб дараваць агняныя аброкі СПАДАРУ: ган на ім, хай ня бліжыцца, каб дараваць хлеб Бога Свайго.
 
Ніводзін чалавек з патомства Аарона сьвятара, у каторага на целе загана, не павінен прыступаць, каб складаць ахвяру агнявую Госпаду, Богу свайму; ён мае загану, не павінен ён прыступаць, каб складаць ахвяру Бога свайго

Хлеб Бога свайго ізь сьвятога сьвятых а ізь сьвятыняў ён можа есьці;
 
Але можа ён есьці хлеб Бога свайго як з (дароў) сьвятых, так і з найсьвяцейшых.

Але да запінахі ня мае ён прыходзіць, і да аброчніка ня мае ён бліжыцца, бо ган на ім; ня мае ён будзеніць сьвятыні Мае, бо Я СПАДАР, Каторы пасьвячае іх».
 
Толькі ня будзе ён падыходзіць да заслоны і ня будзе падыходзіць да ахвярніка, бо мае загану. Ня будзе ён паганіць сьвятыню Маю, бо Я — Госпад, Каторы асьвячаю іх».

І гукаў Масей Аарону а сыном ягоным а ўсім сыном Ізраелявым гэтыя словы.
 
Майсей сказаў гэта Аарону, сынам яго і ўсім сынам Ізраэля.