Лявіт 21 разьдзел

Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Гавары сьвятарам, сынам Аарона, і кажы ім: “Няхай не занечышчаецца сьвятар, дакранаючыся памёршага з народу свайго.
 
Далей казаў Госпад Майсею: «Гавары сьвятарам, сынам Аарона, і кажы ім: Хай не занечышчаецца сьвятар, дакранаючыся памёршага з народу свайго.

Толькі да блізкіх сваякоў, да бацькі свайго і маці сваёй, сына свайго і дачкі сваёй, і брата свайго,
 
Хіба толькі да блізкіх сваякоў, да бацькі і маткі, сына і дачкі, а таксама брата свайго

і сястры сваёй, дзяўчыны, што жыве пры ім незамужняя, можна яму [дакранацца і] занячысьціць сябе.
 
і сястры сваёй, дзяўчыны, што жыве пры ім незамужняя, можна яму дакранацца і не занячысьціць сябе.

І няхай не занячысьціць сябе сьвятар з прычыны сваякоў жонкі сваёй, бо было б гэта зьнявагаю.
 
І хай не занячысьціць сябе сьвятар з прычыны сваякоў жонкі сваёй, бо было б гэта зьнявагаю.

Ня будуць яны стрыгчы галавы сваёй і ня будуць галіць краёў барады, і на целе сваім ня будуць рабіць нарэзаў.
 
Не павінны яны стрыгчы галавы і скраяў барады, і на целе сваім ня будуць рабіць нарэзаў.

Сьвятымі будуць яны перад Богам сваім і ня будуць паганіць імя Бога свайго, бо яны складаюць ахвяры агнявыя ГОСПАДУ, хлеб Богу свайму, таму мусяць яны быць сьвятымі.
 
Сьвятымі будуць яны перад Богам сваім і ня будуць паганіць імя Ягонае, бо яны складаюць ахвяры цэлапаленьня Госпаду і ахвяры зь яды, таму мусяць яны быць сьвятымі.

Ня возьмуць яны за жонку распусьніцы або зьняслаўленай; ня возьмуць жанчыны, выгнанай мужам, бо яны пасьвячоныя для Бога свайго.
 
Ня возьмуць яны за жонку распусьніцы або зьняслаўленай; ня возьмуць жанчыны, выгнанай мужам, бо сьвятар пасьвечаны Богу.

Будзеш уважаць яго за асьвячонага, бо ён складае хлеб Богу твайму. Няхай будзе ён сьвяты для цябе, бо сьвяты Я, ГОСПАД, Які асьвячае вас.
 
Будзеш уважаць яго за сьвятара, бо ён складае хлеб Богу твайму. Дык хай будзе ён сьвяты для цябе, бо сьвяты Я, Госпад, Каторы асьвячае вас.

Калі дачка сьвятара паганіць сябе распустаю і няславіць імя бацькі свайго, будзе яна спалена ў агні.
 
Калі дачка сьвятара паганіць сябе распустаю і няславіць імя бацькі свайго, будзе яна спалена ў агні.

Сьвятар вялікі паміж братоў сваіх, галава якога была памазана алеем, і рукі якога напоўненыя [на сьвятарства], і які апрануты ў шаты сьвятыя, ня будзе распускаць валасоў сваіх і разьдзіраць шатаў сваіх,
 
Найвышэйшы сьвятар паміж братоў сваіх, каторага галава была памазана алеем, каторага рукі пасьвечаныя ў сьвятарства ды каторы адзеты ў сьвятыя шаты, ня будзе распускаць валасоў сваіх і разьдзіраць шатаў,

і ня будзе ён набліжацца да ніводнага памёршага, ня можа ён занячысьціцца [нават] з прычыны бацькі свайго і маці.
 
і ня будзе ён набліжацца да ніводнага памёршага, ня можа занячысьціцца нават з прычыны бацькі свайго і маткі.

Ня будзе ён выходзіць са сьвятыні і не апаганіць сьвятыню Бога свайго, бо ён памазаны алеем памазаньня для Бога свайго. Я — ГОСПАД.
 
Ня будзе ён выходзіць са сьвятыні і не апаганіць сьвятога месца Госпадавага, бо ён памазаны алеем памазаньня для Бога свайго. Я — Госпад.

За жонку возьме ён толькі дзяўчыну.
 
За жонку возьме ён толькі дзяўчыну.

Ня возьме за жонку ані ўдавы, ані разьведзенай, ані зьняслаўленай, ані распусьніцы, але возьме за жонку дзяўчыну спасярод народу свайго.
 
Ня возьме за жонку ані ўдавы, ані разьведзенай, ані зьняслаўленай, ані распусьніцы, ніводнай з такіх ня возьме, але возьме дзяўчыну спасярод сваякоў сваіх.

І не зьняславіць ён насеньня свайго сярод народу свайго, бо Я — ГОСПАД, Які асьвячаю яго”».
 
І не зьняславіць ён насеньня свайго сярод сваякоў сваіх, бо Я — Госпад, Каторы асьвячаю яго».

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 
Далей казаў Госпад Майсею:

«Прамоў да Аарона, кажучы: “Ніхто з насеньня твайго ў пакаленьнях іхніх, у якога на целе будзе загана, не павінен набліжацца, каб складаць ахвяру для Бога свайго.
 
«Скажы Аарону: Ніхто з патомства твайго ў-ва ўсе пакаленьні іх, у каторага на целе будзе загана, не павінен прыступаць, каб складаць ахвяру Бога свайго.

Ніхто, у каго на целе загана, не павінен набліжацца, ані сьляпы, ані кульгавы, ані той, хто мае скалечаны твар, ані някшталтны,
 
Ніхто, у каго на целе недахоп, не павінен прыступаць, ані сьляпы, ані кульгавы, ані маючы скалечаны твар,

ані той, хто мае зламаную нагу або зламаную руку,
 
ані хто мае зламаную нагу або зламаную руку,

ані гарбаты, ані кволы, ані той, хто мае бяльмо на воку, ані каросьлівы, ані паршывы, ані той, хто мае пашкоджаныя яечкі.
 
ані гарбаты, ані кволы, ані той, хто мае бяльмо на воку, ані каросьлівы, ані паршывы, ані той, хто мае пашкоджаныя яечкі.

Ніводзін чалавек з нашчадкаў Аарона сьвятара, у якога на целе загана, не павінен набліжацца, каб складаць ахвяру агнявую ГОСПАДУ; ён мае загану, не павінен ён набліжацца, каб складаць ахвяру хлеба для Бога свайго.
 
Ніводзін чалавек з патомства Аарона сьвятара, у каторага на целе загана, не павінен прыступаць, каб складаць ахвяру агнявую Госпаду, Богу свайму; ён мае загану, не павінен ён прыступаць, каб складаць ахвяру Бога свайго

Але можа ён есьці хлеб Бога свайго як з [дароў] сьвятых, так і са сьвятога сьвятых.
 
Але можа ён есьці хлеб Бога свайго як з (дароў) сьвятых, так і з найсьвяцейшых.

Толькі ня будзе ён уваходзіць за заслону і ня будзе падыходзіць да ахвярніка, бо мае загану. Ня будзе ён паганіць сьвятыню Маю, бо Я — ГОСПАД, Які асьвячаю іх”».
 
Толькі ня будзе ён падыходзіць да заслоны і ня будзе падыходзіць да ахвярніка, бо мае загану. Ня будзе ён паганіць сьвятыню Маю, бо Я — Госпад, Каторы асьвячаю іх».

І Майсей прамовіў гэта да Аарона, да сыноў ягоных і да ўсіх сыноў Ізраіля.
 
Майсей сказаў гэта Аарону, сынам яго і ўсім сынам Ізраэля.