Лявіт 23 разьдзел
Лявіт
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002
І гукаў СПАДАР Масею кажучы:
Вось што казаў Госпад Майсею:
«Гукай сыном Ізраелявым, і скажы ім: прызначаныя поры СПАДАРОВЫ, каторыя будзеце зваць сьвятымі зборамі; во поры Мае:
«Гавары сынам Ізраэля і кажы ім: Гэтыя вось дні сьвятыя ў Госпада, у каторыя вы будзеце склікаць сабраньні сьвятыя; гэтыя вось сьвяты Мае.
Шэсьць дзён рабі работу, а сёмага дня сыбота сыботаў, сьвяты збор; ніякага рамяства не рабіце; гэта сыбота СПАДАРОВА ў вусіх сялібах вашых.
Шэсьць дзён будзеце працаваць, а сёмы дзень — субота супачынку, сход сьвяты, ня будзеце зусім працаваць, бо гэта субота — Госпадава ў-ва ўсіх месцах пражываньня вашага.
Гэта поры СПАДАРОВЫ, сьвятыя зборы, каторыя вы будзеце згукаць у пару іх:
Вось сьвяты Госпадавы, сьвятыя сабраньні, каторыя павінны вы сьвяткаваць у свой час.
Першага месяца, чатырнанцатага дня месяца адвячоркам Пасха СПАДАРОВА.
У першы месяц, чатырнаццатага дня месяца, вечарам выпадае Пасха Госпадава.
І пятнанцатага дня таго ж месяца сьвята праснакоў СПАДАРУ. Сем дзён ежча праснакі.
А пятнаццатага дня таго самага месяца выпадае ўрачыстасьць Праснакоў на хвалу Госпада. Сем дзён будзеце есьці толькі праснакі.
На першы дзень хай будзе ў вас сьвяты збор; ніякае рамеснае работы не рабіце.
У першы дзень будзе ў вас сабраньне сьвятое; ня будзеце выконваць ніякай працы ў той дзень,
І абракайце сем дзён агняны аброк СПАДАРУ; сёмага дня сьвяты збор; ніякае рамеснае работы не рабіце».
але сем дзён будзеце складаць Госпаду ахвяры агнявыя. У сёмы ж дзень будзе сабраньне сьвятое, ніякай работы ў той дзень ня будзеце рабіць».
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
Пасьля сказаў Госпад Майсею:
«Гукай сыном Ізраелявым і кажы ім: як прыйдзеце да зямлі, каторую Я даю вам, і будзеце жаць на ёй жніво, то першы сноп жніва вашага прынясі сьвятару.
«Гавары сынам Ізраэля і кажы ім: Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую Я дам вам, і будзеце жаць збожжа, то прынясіце сьвятару першы сноп жніва вашага.
І ён будзе туды-сюды нахінаць сноп перад СПАДАРОМ, каб быў любы за вас; назаўтрае па сыбоце нахінаць яго будзе сьвятар.
Ён патрасе сноп перад Госпадам, каб Ён быў вам спрыяльным; у другі дзень пасьля суботы прынясе ён яго.
І прыгатуйце ў дзень нахінаньня сноп і баранчыка годняга на ўсепаленьне СПАДАРУ.
Таксама ў той дзень, у якім прынясяце сноп, складзіцё ахвяру цэлапаленьня Госпаду з гадавога ягнёнка без заганы,
І аброк яго хлебны дзьве дзясятыя часьці ценькае мукі, рашчыненае на аліве, на агняны аброк СПАДАРУ, на прыемны пах, і ўзьліваньні яго чэцьверць гіна віна.
і ахвяру зь яды з двух дзесятых эфы мукі, запраўленай алеем, як ахвяру агнявую на мілы пах Госпаду, а таксама ахвяру вадкую, чвэрць гіна віна.
А хлеба, ані пражаных зярнят, ані зярнят сырых ня ежча аж да тога дня, каторага прынясіце аброк Богу свайму: гэта вечная ўстава ў родах вашых, у вусіх сялібах вашых.
Аж да гэтага дня ня будзеце есьці ані хлеба, ані сушанага зерня, ані сырога зерня, пакуль не складзеце ахвяру Богу вашаму. Гэта пастанова вечная ўсім пакаленьням вашым у-ва ўсіх месцах прабываньня вашага.
І адлічыце сабе ад заўтрашняга дня просьле сыботы, ад тога дня, каторага прынесьлі сноп нахінаньня, сем сыботаў (поўныя маюць быць),
Адлічыце сабе ад другога дня пасьля суботы, ад дня, у каторы прынясецё снапы для патрасаньня, сем поўных тыдняў,
Да заўтрашняга дня просьле сёмае сыботы далічыце пяцьдзясят дзён, і даруйце новы хлебны аброк СПАДАРУ.
аж да дня па сёмай субоце адлічыце пяцьдзесят дзён, і тады складзіце новую ахвяру Госпаду.
Ад сялібаў сваіх прынясіце хлеб нахінаньня зь дзьвюх дзясятых часьцяў ценькае мукі, ды маюць быць сьпечаныя кіслыя, першы плод СПАДАРУ.
Прынясіце з вашых месцаў пражываньня па два хлябы для патрасаньня, кожны з двух дзесятых эфы мукі квашанай, каторыя сьпячыце як пяршыны Госпаду.
І абрачыце разам із хлебам сем баранчыкаў, аднагодніх, і з буйнога статку аднаго бычка й два бараны; няхай будзе гэта на ўсепаленьне СПАДАРУ, і хлебны аброк і ўзьліваньне да іх на агняны аброк, на прыемны пах СПАДАРУ.
Апрача хлеба складзіцё ў ахвяру сем бараноў без заганы, аднагадовых, аднаго маладога бычка і два бараны. Яны будуць ахвяраю цэлапаленьня Госпаду разам з ахвяраю зь яды і з вадкай ахвяраю. Будзе гэта ахвяра агнявая на мілы пах Госпаду.
Прыгатуйце з казянят аднаго на аброк за грэх і два аднагоднія баранчыкі на аброк супакойны.
Ахвяруйце таксама аднаго казла як ахвяру за грэх і два баранчыкі аднагадовыя як ахвяру прымірэньня.
І хай туды-сюды нахінае іх сьвятар над хлебам першага плоду нахінаньня перад СПАДАРОМ над двума баранчыкамі: сьвятымі яны будуць СПАДАРУ; сьвятару.
Сьвятар патрасе іх перад Госпадам разам з хлябамі пяршынаў і разам з двума баранчыкамі; будзе гэта сьвятыняй Госпада на ўжытак сьвятара.
І згукайце на самы гэты дзень, сьвяты збор будзе вам, і ніякае рамеснае работы не рабіце: гэта ўстава вечная ў вусіх сялібах вашых у родах вашых.
Таго самага дня склічце сабраньне, гэта будзе для вас сабраньне сьвятое. Ніякай работы ня будзеце рабіць у той дзень. Гэта вечная пастанова на ўсякім месцы пражываньня вашага, на ўсе пакаленьні вашыя.
І як будзеце жаць жніво зямлі вашае, не канчай канцы поля свайго, як жнеш, і засталага ад жніва свайго ня зьбірай: беднаму а асяленцу пакінь гэта. Я СПАДАР, Бог ваш».
Калі будзеце жаць на зямлі вашай, ня будзеце дажынаць да мяжы поля і ня будзеце зьбіраць да рэшты каласоў. Пакіньце іх убогім і прыбыльцам. Я — Госпад, Бог ваш».
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
Далей казаў Госпад Майсею:
«Гукай сыном Ізраелявым, кажучы: сёмага месяца, на першы дзень месяца хай будзе ў вас сыбота, сьвята трубаў, сьвяты збор.
«Скажы сынам Ізраэля: У першы дзень сёмага месяца будзеце адпачываць, і будзе ў вас сабраньне сьвятое пры гуку трубаў.
Ніякае рамеснае работы не рабіце, і абрачыце агняны аброк СПАДАРУ».
Ня будзеце рабіць аніякай работы ў той дзень, але будзеце складаць Госпаду ахвяру агнявую».
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
Далей казаў Госпад Майсею:
«Але дзясятага дня сёмага месяца гэтага, дзень ласкіўчыненьня гэта, хай будзе ў вас сьвяты збор; і марыце душы вашыя, абракайце агняны аброк СПАДАРУ.
«Вось жа дзесятага дня гэтага самага сёмага месяца будзе дзень Ачышчэньня, і будзе ў вас сьвятое сабраньне. У той дзень будзеце пасьціць і будзеце складаць Госпаду ахвяры агнявыя.
Ніякага рамяства не рабіце гэтага самага дня, бо гэта дзень ласкіўчыненьня, каб залашчыць за вас від СПАДАРА, Бога вашага;
Ня будзеце рабіць у той дзень ніякай работы, бо гэта дзень Ачышчэньня, дзеля ачышчэньня вашага перад Госпадам, Богам вашым.
Бо ўсялякая душа, каторая ня будзе марыць сябе гэтага самага дня, будзе выгублена зь люду свайго.
Усякая душа, каторая ня будзе пасьціць ў той дзень, будзе вынішчана спасярод народу свайго.
І ўсялякую душу, што будзе рабіць якое рамяство гэтага самага дня, Я выгублю тую душу з пасярод люду ейнага.
І кожнага, хто б працаваў у той дзень, Я вынішчу спаміж народу ягонага.
Ніякага рамяства не рабіце; гэта ўстава вечная ў родах вашых, у вусіх сялібах вашых.
Дык нічога ня будзеце рабіць у той дзень. Гэта вечная пастанова на ўсе пакаленьні вашыя на ўсіх месцах пражываньня вашага.
Гэта вам сыбота сыботаў, і марыце душы вашы, зь дзявятага дня месяца ўвечары; ад вечара да вечара сьвяткуйце сыботы свае».
Гэта ўрачысты адпачынак ваш. Вы будзеце пасьціць зь вечара дзевятага дня месяца; зь вечара да вечара дзесятага дня месяца будзеце сьвяткаваць суботу вашую».
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
Зноў сказаў Госпад Майсею:
«Гукай сыном Ізраелявым, кажучы: зь пятнанцатага дня гэтага сёмага месяца сьвята будак, сем дзён СПАДАРУ.
«Скажы сынам Ізраэля: У пятнаццаты дзень гэтага сёмага месяца прыпадае сьвята Палатак, сем дзён Госпадавых.
Першага дня сьвяты збор, ніякае рамеснае работы не рабіце.
У першы дзень — сьвятое сабраньне; у той дзень не рабіце ніякай работы.
Сем дзён абракайце агняны аброк СПАДАРУ; восьмага дня сьвяты збор хай будзе ў вас; і абрачыце агняны аброк СПАДАРУ; гэта дзень узьдзержлівасьці, і не рабіце ніякае рамеснае работы.
Усе сем дзён складайце ахвяры Госпаду. Восьмага дня будзе ў вас сьвятое сабраньне, і складзеце ахвяру Госпаду. Гэта ўрачыстае сабраньне, не рабіце ніякай работы.
Гэта поры СПАДАРОВЫ, каторыя вы маеце агалашаць, як сьвятыя зборы, каб абракаць агняны аброк СПАДАРУ, усепаленьне, аброк хлебны, аброк зарэзаньня, узьліваньне, кажны ў свой дзень,
Гэтыя вось сьвяты Госпадавы, у каторых будзеце склікаць сьвятыя сабраньні, у якіх будзеце складаць ахвяры Госпаду: цэлапаленьні, ахвяры зь яды, крывавыя ахвяры ды вадкія ахвяры — кожную ў свой дзень,
Апрача сыботаў СПАДАРОВЫХ, і апрача дароў вашых, і апрача ўсіх аброкаў вашых, і апрача ўсіх самахотных вашых, што вы даіце СПАДАРУ.
апрача суботаў Госпадавых і апрача дароў вашых, ды апрача ўсяго, што будзеце ахвяроўваць па шлюбаваньні або дабравольна Госпаду.
Але пятнанцатага дня сёмага месяца, як вы зьбіраеце ўвод зямлі, сьвяткуйце сьвята СПАДАРОВА сем дзён: першага дня сыбота і восьмага дня сыбота.
Дык вось, у пятнаццаты дзень сёмага месяца, калі сабярыцё ўсе плады зямлі, будзеце сьвяткаваць урачыстасьць Госпада сем дзён; у першы дзень і восьмы будзе адпачынак.
І вазьміце сабе першага дня садавіну харошых дзерваў, пагоны пальмавыя і галінкі дзерваў густых і вербаў рэчных, і весяліцеся перад СПАДАРОМ, Богам вашым, сем дзён.
У першы дзень возьмеце сабе найпрыгажэйшыя плады дрэваў, лісты пальмавыя і галіны дрэваў густых і вербаў рачных, і будзеце весяліцца перад Госпадам, Богам вашым, сем дзён.
сьвяціце гэтае сьвята СПАДАРОВА сем дзён у годзе: гэта ўстава вечная ў родах вашых. Сёмага месяца сьвяціце яго.
Будзеце сьвяткаваць гэтае сьвята штогод сем дзён. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых. У сёмы месяц будзеце сьвяткаваць гэтае сьвята.
У будках маеце жыць сем дзён; кажны тубылец Ізраелец жыві ў будках,
Сем дзён будзеце жыць у намётах. Кожны, хто з роду Ізраэля, будзе жыць у намёце,
Каб ведалі роды вашыя, што ў будках асяліў Я сыноў Ізраелявых, як вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае. Я СПАДАР, Бог ваш».
каб памяталі нашчадкі вашыя, што загадаў Я сынам Ізраэля жыць у шалашах, калі вывеў іх зь зямлі Эгіпецкай. Я — Госпад, Бог ваш!»
І гукаў Масей сыном Ізраелявым праз поры СПАДАРОВЫ.
Так вось расказаў Майсей сынам Ізраэля пра ўрачыстасьці Госпадавы.