Лявіт 25 разьдзел
Лявіт
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002
І гукаў СПАДАР Масею на гары Сынаю, кажучы:
Вось што сказаў Госпад Майсею на гары Сынай:
«Гукай сыном Ізраелявым і скажы ім: як прыдзеце да зямлі, каторую Я даю вам, тады зямля мае супачыць у сыботу СПАДАРОВУ.
«Аб'яві сынам Ізраэля і скажы ім: Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, каторую Я дам вам, тады і зямля таксама павінна сьвяткаваць суботу Госпада.
Шэсьць год засявай поле свае, і шэсьць год абразай вінішчы свае, і зьбірай уроды іх;
Шэсьць гадоў будзеш засяваць поле сваё і шэсьць гадоў будзеш абразаць вінаграднік свой і зьбіраць зь іх плады,
А год сёмы няхай будзе сыбота сыботаў зямлі, сыбота СПАДАРУ: поля свайго не засявай і вінішча свайго не абразай.
але ў сёмы год хай будзе супачынак для зямлі, субота для Госпада. Ня будзеш засяваць поля свайго і падразаць вінаградніка свайго.
Што само вырасьце ўроду твайго, ня жні, і ягадаў зь вінішча свайго ня зьбірай; гэта будзе год сыботы зямлі.
Што само вырасьце на полі, ня будзеш жаць таго, і ня будзеш зьбіраць вінаграду неабрэзанага. Бо гэта будзе год адпачынку для зямлі.
І будзе сыбота зямлі вам на емя, табе а слузе твайму а служэбцы а найміту твайму а жыхару твайму, што асяліўся ў цябе;
Што само вырасьце на зямлі, будзе вам служыць за яду, табе, слузе твайму, служанцы тваёй, парабку твайму і пасяленцу твайму, каторы жыве ў цябе,
І статку твайму й зьверанятам, каторыя на зямлі тваёй, няхай будуць усі ўроды зямлі на корм.
і жывёле тваёй, і зьвярам, якія жывуць на зямлі тваёй, увесь ураджай будзе служыць вам за яду.
І налічы сабе сем сыботніх год, сем разоў па сем год, і будуць у цябе ў сямёх сыботніх гадох сорак дзевяць год.
Палічы таксама сабе сем гадоў суботніх, значыць, сем разоў па сем гадоў так, што час сямі гадоў суботніх будзе налічваць сорак дзевяць гадоў.
І хай пройдзе трубны гук сёмага месяца, дзясятага дня месяца, у дзень ласкіўчыненьня правядзіце трубу па ўсіх землях вашых.
У дзесяты дзень сёмага месяца затрубіш у трубу, у дзень Ачышчэньня, затрубіш у трубу па ўсёй зямлі.
І пасьвяціце пяцьдзясяты год, і агаласіце свабоду на зямлі ўсім жыхарам яе; хай будуць гэта ў вас угодкі; і зьвернецца кажны да дзяржаньня свайго, і кажны да радзімы свае зьвернецца.
І будзеце сьвяткаваць пяцідзесяты год, і аб'явіце свабоду на зямлі ўсім жыхарам ейным. Гэта будзе для вас юбілей. Кожны з вас вернецца да сваёй уласнасьці, і кожны вернецца ў сваю сям'ю.
Угодкамі хай будзе пяцьдзясяты год у вас: ня сейце й ня жніце, што само вырасьце на зямлі, ані зьбірайце ягадаў з пасьвячаных вінішчаў;
Увесь гэты пяцідзесяты год будзе для вас годам юбілейным; ня будзеце сеяць, ня будзеце жаць таго, што вырасьце, і ня будзеце зьбіраць неабрэзанага вінаграду,
Бо гэта ўгодкі; сьвятымі хай будуць яны вам; з поля ежча ўрод яго.
бо гэта будзе для вас юбілей, гэта будзе для вас сьвяты час. Будзеце есьці тое, што вырасьце на полі.
У гэтыя пяцьдзясятыя ўгодкі зьвернецца кажны да дзяржавы свае.
У гэты год юбілейны кожны з вас вернецца да сваёй уласнасьці.
Калі будзеце прадаваць што субрату свайму, альбо будзеце купляць што ў субрата свайго, ня крыўдзьце адзін аднаго.
Калі што будзеш прадаваць бліжняму або купляць ад яго, ня крыўдзіце адзін аднаго.
Подле ліку год па ўгодках ты маеш купляць у субрата свайго, і подле ліку год прыбытку ён мае прадаваць табе.
Паводле ліку гадоў пасьля юбілею ты павінен купляць у бліжняга свайго, і паводле ліку гадоў ураджаю ён павінен прадаваць табе.
Подле шмат год, павяліч цану; а подле мала год, зьменш цану: бо ведамы лік прыбытку ён прадаець табе.
Чым больш гадоў застаецца да юбілею, тым большую цану заплаціш; а чым менш гадоў застаецца, тым меншую цану заплаціш, бо колькасьць пладоў ён прадае табе.
Не ашукуйце субрата свайго, але бойся Бога свайго; бо Я СПАДАР, Бог ваш.
Ня крыўдзіце адзін аднаго, але бойцеся Бога свайго, бо Я — Госпад, Бог ваш!
Уставы Мае а суды Мае дзяржыце і чыніце іх, і будзеце жыць супакойна на зямлі.
Спаўняйце прыказаньні Мае і законы, беражыце і выконвайце іх, каб маглі жыць на зямлі безь ніякага страху.
І дасьць зямля плод свой, і будзеце есьці да сыці, і будзеце жыць бясьпечна на ёй.
І будзе зямля даваць плод свой, і вы будзеце сытымі, і спакойна будзеце жыць на ёй.
А калі скажаце: "Што ж нам есьці сёмага году, вось, мы ня сеялі ані зьбіралі прыбытку свайго?"
А калі запытаеце: «Што мы будзем есьці ў сёмым годзе, калі ня будзем сеяць ані зьбіраць пладоў?»
І Я раскажу дабраславенства Свае на вас шостага году, ён дасьць прыбытку на тры гады.
Я спашлю на вас дабраславенства ў шостым годзе так, што хопіць вам ураджаю на тры гады.
І будзеце сеяць восьмага году, але есьці будзеце ўрод стары да дзявятага году; пакуль ня прыйдзе яго прыбытак, вы будзеце есьці старое.
У восьмым годзе будзеце сеяць і будзеце есьці з даўнейшых пладоў аж да дзевятага году, аж да новага ўраджаю будзеце есьці даўнія плады.
І зямлю не прадаваць назаўсёды, бо зямля Мая; вы прыходныя а асяленцы ў Мяне.
Зямлю не належыцца прадаваць назаўсёды, бо яна Мая, а вы — прыхадні і пасяленцы ў Мяне.
Па ўсёй зямлі дзяржаньня свайго давайце выкуп зямлі.
Таму ўся зямля, якая ў вашым валаданьні, будзе прадавацца вамі пад умовай выкупу.
Калі брат твой зьбяднее й прадасьць ізь дзяржавы свае, то прыйдзе сваяк блізкі да яго й выкупе праданае братам ягоным.
Калі зьбяднее брат твой і прадасьць частку сваёй маёмасьці, дык хай прыйдзе блізкі яго сваяк і выкупіць маёмасьць, прададзеную братам.
Калі ж у людзіны няма радні, і дастане рука ейная, і знойдзе даволі на выкуп;
Калі ж хто ня мае адкупіцеля, але сам будзе мець належныя сродкі на выкуп,
Дык хай ён разьліча гады продажы свае, і зьверне засталае таму, каму ён прадаў, і ўступе ізноў у дзяржаву сваю.
дык падлічыць ён гады ад часу продажу і зьверне рэшту таму, каму прадаў зямлю, і вернецца да сваёй маёмасьці.
Калі ж ня знойдзе рука ягоная даволі, каб зьвярнуць яму, то праданае ім застанецца ў руках таго, хто купіў яго, да ўгодкавага году, а ў вугодкавым годзе адыйдзе яно, і ён зьвернецца да дзяржавы свае.
Калі аднак не здабудзе належных сродкаў на выкуп, то маёмасьць застанецца ў валаданьні купіўшага аж да юбілейнага году. А ў юбілейны год зямля пяройдзе ў валаданьне ранейшага ўладальніка.
Калі хто прадасьць гасподні дом у месьце ізь сьцяною, то выкупіць яго можна да канца году ад продажы яго; цэлы год выкупіць яго можна.
Калі хто прадасьць дом жылы ў горадзе, акружаным мурам, то будзе мець права выкупу аж да канца году продажу; закон выкупу будзе трываць год.
Калі ж ня будзе ён выкуплены, пакуль споўніцца яму супоўны год, то застанецца дом, каторы ў месьце ізь сьцяною, назаўсёды таму, хто купіў яго, у роды яго, у пяцьдзясятыя ўгодкі не адыйдзе.
Калі дом ня выкупяць на працягу году, дык у такім выпадку дом у горадзе застанецца назаўсёды ўласнасьцю купіўшага і яго патомкаў. Ня выйдзе зь іх рук у юбілейны год.
А дамы сёлаў, ідзе няма сьцяны наўкола, за поле зямлі ўважаюцца; выкупляць іх можна, і ў вугодкі яны адходзяць.
Дамы на вёсках, каторыя не абведзеныя мурам, будуць лічыцца на роўні зь зямлёю; дык будуць яны падлягаць выкупу, а ў юбілейным годзе выйдуць з валаданьня купіўшага.
Узглядам местаў Левітаў, дамоў у местах дзяржаньня іхнага, дык выкуп вечны будзе Левітам.
Што да гарадоў левітаў, дык яны заўсёды могуць выкупіць дамы свае.
А хто купе ў Левітаў, дык выйдзе куплены дом і места дзяржаньня яго ў пяцьдзясятыя ўгодкі, бо дамы ў местах левіцкіх складаюць іхную дзяржаву сярод сыноў Ізраелявых.
Калі хто купіць ад левітаў дом у горадзе, то маёмасьць гэта выйдзе зь яго рук у годзе юбілейным, бо дамы левітаў лічацца іх маёмасьцю сярод сыноў Ізраэля.
І поля пасты местаў іхных прадаваць ня можна, бо гэта вечная дзяржава іхная.
Таксама і палёў вакол іхніх гарадоў нельга прадаваць, дзеля таго што гэта іх вечная маёмасьць.
І калі брат твой зьбяднее, і паніжылася рука ягоная ў цябе, ты паддзяржы яго, ці гэта чужаземец, ці жыхар, каб ён жыў із табою.
Калі брат твой зьбяднее і аслабее рука яго, дык падтрымай яго, каб мог жыць з табою хаця б як прыбылец або пасяленец.
Не бяры ад яго працэнтаў ані прыбытку, і бойся Бога свайго, каб жыў брат твой із табою.
Не бяры ад яго адсоткаў ані ліхвы. Бойся Бога твайго, каб брат твой мог жыць у цябе.
Срэбла свайго не аддавай яму на працэнты, і на прыбыткі не пазычай еміны свае.
Не давай яму грошы на адсоткі і не вымагай ад яго ліхвы за яду.
Я СПАДАР, Бог ваш, каторы вывеў вас ізь зямлі Ягіпецкае, каб даць вам зямлю Канаанскую, каб быць вашым Богам.
Я — Госпад, Бог ваш, Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаан ды каб быць вашым Богам!
І як зьбяднее брат твой у цябе і праданы будзе табе, то ня сіль яго рабіць работы нявольніцкія.
Калі брат твой з убогасьці змушаны будзе прадацца табе, не прыціскай яго работаю нявольнічай,
Ён мае быць у цябе як найміт, як асяленец; да пяцьдзясятага ўгодкавага году няхай робе табе;
але будзеш зь ім абыходзіцца як з парабкам і пасяленцам. Будзе ён табе служыць толькі да году юбілейнага,
А тады хай адыйдзе ён ад цябе, сам а дзеці ягоныя зь ім, і зьвернецца да радзімы свае, і да дзяржаньня айцоў сваіх зьвернецца;
а тады разам са сваімі дзяцьмі вернецца ад цябе да сваёй радні, у валаданьне бацькоў сваіх.
Бо яны слугі Мае, каторых Я вывеў ізь зямлі Ягіпецкае; ня маюць прадаваць іх, як прадаюць нявольнікаў.
Бо яны — Мае нявольнікі, Я іх вывеў зь зямлі Эгіпецкай; не павінны яны быць прадаваныя як нявольнікі.
Не пануй над імі стродка, і май страх перад Богам сваім.
Ня будзеш уціскаць іх сурова, але будзеш баяцца Бога.
А слуга твой а служэбка твая, каторыя будуць у цябе, ад народаў, што наўкола вас, ад іх можаш купляць нявольніка а нявольніцу.
Калі б патрэбен быў табе нявольнік або нявольніца, купляй іх у акружаючых цябе народаў.
І таксама зь дзяцей жыхараў, каторыя асяліліся ў вас, зь іх купляйце, з радзімаў іхных, каторыя ў вас, каторыя радзіліся ў зямлі вашай і будуць вам собскасьцю.
Таксама купляйце дзяцей прыхадняў, пасяліўшыхся ў вас, і зь сем'яў іхніх, каторыя жывуць у вас, і каторыя нарадзіліся на вашай зямлі. Яны будуць вашай уласнасьцю,
І можаце перадаваць іх на спадак і сыном вашым па сабе як меньне, дзяржаньне на векі. Імі можаце рабіць. А над братамі сваімі, сынамі Ізраельскімі, адзін над адным не пануйце стродка.
і як спадчыну перадавайце іх сынам вашым, і мейце іх назаўсёды як нявольнікаў. Але братоў сваіх, сыноў Ізраэля, ня крыўдзіце.
І калі чужаземец альбо асяленец, каторы з табою, будзе мець дастатак, а брат твой зьбяднее ля яго і прадасца чужаземцу, што жывець у цябе, альбо каму з патомкаў чужаземцавых;
Калі чужынец або пасяленец твой разбагацее, а брат твой зьбяднее і запрадасца чужынцу, што пасяліўся ў вас, або каму другому зь яго сям'і,
То просьле продажы можна выкупіць яго; адзін із братоў ягоных выкупіць яго,
дык пасьля продажу можа ён быць выкуплены. Хай тады хто з братоў ягоных выкупіць яго:
Альбо сын дзядзькі ягонага мае выкупіць яго, альбо хто-колечы з блізкое радні ягонае, з радзімы ягонае, мае выкупіць яго; альбо, калі будзе мець дастатак, ён сам выкупіцца.
ці дзяцька, ці сын ягоны, ці сваяк, ці хто блізкі. А нават сам сябе можа выкупіць, калі будзе ў стане.
І ён мае разьлічыцца з тым, хто яго купіў, ад тога году, як ён прадаў сябе, да пяцьдзясятага году ўгодкавага, і будзе срэбла, за каторае ён прадаў сябе, подле ліку год; як дні найміта ён мае быць у яго.
І ён павінен разьлічыцца з купіўшым яго, пачынаючы з таго году, калі ён прадаў сябе, да году юбілейнага, і грошы, за якія ён прадаў сябе, належыцца аддаць яму па лічбе гадоў; як найміт ён павінен быць у яго.
І калі яшчэ шмат год, то подле іх зьверне выкуп за сябе із срэбла, за каторае ён куплены.
Але калі да юбілейнага году застаецца многа гадоў, то адпаведна да лічбы іх павялічыць ён цану выкупу.
І калі мала застанецца год да ўгодкавага году, то ён мае палічыць, подле год зьверне выкуп свой.
А калі застаецца нямнога гадоў да юбілейнага году, палічыць іх і, адпаведна ліку тых гадоў, заплаціць свой выкуп.
Як найміт, з году ў год ён будзе ў яго; ён ня мае панаваць над ім стродка ў ваччу тваім.
Ён будзе ў яго як найміт, з году на год. Хай не ўціскае яго строга ў сябе.
І калі ён ня выкупіцца такім парадкам, то ўгодкавага году адыйдзе сам а дзеці ягоныя зь ім;
Калі ж такім чынам выкупіцца ня зможа, то ў годзе юбілейным асвабодзіцца разам зь дзецьмі сваімі.
Бо сынове Ізраелявы слугі Імне яны, Мае слугі, каторых Я вывеў ізь зямлі Ягіпецкае. Я СПАДАР, Бог ваш.
Бо сыны Ізраэля — гэта Мае нявольнікі, каторых вывеў Я зь зямлі Эгіпецкай. Я — Госпад, Бог ваш!