4 царстваў 17 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка
Двананцатага году Агаза, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Гося Ілянок у Самары над Ізраелям, і гаспадарстваваў дзесяць год.
І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, але ня так, як каралі Ізраельскія, што былі перад ім.
Супроці яго выступіў Шалманесэр, кароль Асырскі, і стаў Гося слугою яму і даваў яму дань.
І знайшоў кароль Асырскі ў Госі ізраду, бо ён пасылаў паслоў да Со, караля Ягіпецкага, і не пасылаў дані каралю Асырскаму кажны год; і ўзяў яго кароль Асырскі пад старожу, і паслаў яго ў вязьніцу.
І ўзышоў кароль Асырскі на ўсю зямлю, і ўзышоў аж да Самары, і аблягаў яе тры гады.
Дзявятага году Госі заваяваў кароль Асырскі Самару, і перасяліў Ізраялян да Асыры, і асяліў іх у Галазе а ў Гавору, ля ракі Ґозан, а ў местах Мідзкіх.
І было: як грашылі сынове Ізраелявы перад СПАДАРОМ, Богам сваім, Каторы ўзьвёў іх ізь зямлі Ягіпецкае, з пад рукі Фараона, караля Ягіпецкага, і пачалі баяцца багоў іншых,
І хадзілі ў вуставах паган, каторых прагнаў СПАДАР ад віду сыноў Ізраелявых, і ў вуставах каралёў Ізраельскіх, каторыя яны ўстанавілі,
І рабілі сынове Ізраелявы патай справы нялюбыя СПАДАРУ, Богу свайму, і збудавалі сабе ўзвышшы ў вусіх местах сваіх, ад старожнае вежы аж да абароннага места.
І наставілі сабе асобкаў а гаёў на кажным высокім узгорку і пад кажным зялёным дзервам,
І пачалі там кадзіць на ўсіх узвышшах падобна да паган, каторых СПАДАР выгнаў ад іх, і рабілі благія ўчынкі, каб наругацца СПАДАРУ,
І служылі балваном, праз каторыя казаў ім СПАДАР: «Не рабіце гэтага»;
Тады СПАДАР сьветчыў на Ізраеля а Юду ўсімі прарокамі Сваімі, усімі відзеньнікамі, кажучы: «Зьвярніцеся з благіх дарогаў сваіх, і дзяржыце расказаньні Мае, уставы Мае, подле ўсяе навукі, каторую Я расказаў бацьком вашым і каторую Я паслаў вам слугамі Сваімі, прарокамі».
І яны ня слухалі, і закалянілі завыек свой, як завыек айцоў іхных, каторыя ня верылі ў СПАДАРА, Бога свайго;
І ўлегцы замелі ўставы Ягоныя, і змову Ягоную, каторую Ён учыніў із бацькамі іхнымі, і сьветчаньні Ягоныя, якімі Ён сьветчыў супроці іх, і пайшлі за пусьцінёй, і сталі пусьцінёй, і за акалічнымі паганамі, праз каторыя СПАДАР расказаў ім не рабіць так, як яны;
І пакінулі ўсі расказаньні СПАДАРА, Бога свайго, і зрабілі сабе літыя абразы двух цялят-бычкоў, і ўладзілі гай, і кланяліся ўсяму войску нябёснаму, і служылі Ваалу;
І праводзілі сыноў сваіх а дачкі свае перазь цяпло, і варажылі варожбамі, і чаравалі, і аддаліся таму, каб рабіць благое ў ваччу СПАДАРА, каб гневаць Яго.
І запалаў СПАДАР гневам на Ізраеля, і адхінуў іх ад віду Свайго. Не засталося нікога, апрача адзінага плямені Юдзінага.
Дый Юда не дзяржаў расказаньняў СПАДАРА, Бога свайго, і хадзіў у звычаёх Ізраеля, як чынілі яны.
І ўлегцы замеў СПАДАР усе насеньне Ізраеля, і зьнемарасьціў іх, і аддаў іх ў рукі глабаньнікаў, аж пакуль не адхінуў іх ад віду Свайго;
Бо адарваўся Ізраель ад дому Давідавага і ўстанавілі за караля Еровоама Невацёнка, і адпіхнуў Еровоам Ізраялян ад СПАДАРА, і ўцягнуў іх у вялікі грэх.
І хадзілі сынове Ізраелявы ў вусіх грахох Еровоама якія ён рабіў, не адхіналіся ад гэтага,
Аж пакуль СПАДАР не адвярнуў Ізраеля ад віду Свайго, як казаў усімі слугамі Сваімі, прарокамі. І пераселены Ізраель ізь зямлі свае да Асыры, ідзе ён і дагэтуль.
І прывёў кароль Асырскі людзёў з Бабілёну а з Куты а з Аўны а з Гамафу а із Сэфарваіму, і асяліў у местах Самарскіх замест сыноў Ізраелявых. І яны апанавалі Самару, і жылі ў местах яе.
І было на пачатку жыцьця іхнага там, што яны не баяліся СПАДАРА; і паслаў СПАДАР на іх лявы, і бывала, што яны забівалі з памеж іх.
І наказалі каралю Асырскаму, кажучы: «Народы, каторыя ты перасяліў і асяліў у местах Самарскіх, ня знаюць звычаю Бога тае зямлі, і паслаў на іх лявы, і вось, яны забіваюць іх, бо яны ня знаюць звычаю Бога тае зямлі».
І расказаў кароль Асырскі, кажучы: «Пашліце туды аднаго ізь сьвятароў, каторых вы высялялі стуль; хай пойдуць і жывуць там, і ён навуча іх звычаю Бога тае зямлі».
І прышоў адзін ізь сьвятароў, каторых высялілі із Самары, і жыў у Бэт-Элю, і вучыў іх, як сьціць СПАДАРА.
Кажны народ, адылі, зрабіў свае багі, і пастанавіў у дамох узвышшаў, якія ўладзілі Самаране, — кажны народ у сваіх местах, ідзе жывуць яны.
Бабіляняне зрабілі Суккот-Беноф, Кутцы зрабілі Нерґала, Гамафяне зрабілі Ашыму,
Аўвяне зрабілі Ніўгаза а Тартака, а Сэфарваімцы палілі сыноў сваіх на цяпле Адрамелеху а Анамелеху, багом Сэфарваімскім.
І яны баяліся СПАДАРА, і зрабілі сабе з найніжшых ізь іх сьвятароў узвышшаў, і яны служылі ў іх у дамох узвышшаў.
СПАДАРА то яны сьцілі, а сваім багом служылі, подле звычаю народаў, скуль яны былі пераселены.
Дагэтуль яны робяць подле бытых звычаёў: яны не баяцца СПАДАРА, і ня робяць подле сваіх уставаў ані подле сваіх правілаў, ані подле права а расказаньняў, каторыя СПАДАР расказаў сыном Якава, катораму Ен даў імя Ізраель.
Учыніў СПАДАР ізь імі змову, і расказаў ім: «Ня бойцеся багоў іншых, і ня кланяйцеся ім, і ня служыце ім, і не абракайце аброкаў ім;
Але СПАДАРА, Каторы ўзьвёў вас ізь зямлі Ягіпецкае сілаю вялікаю і цаўём выцягненым, — Яго бойцеся, і Яму кланяйцеся, і Яму абракайце;
І звычаі, і ўрады, і права, і расказаньні, каторыя Ён напісаў вам, маеце дзяржаць, каб паўніць усі дні, і ня бойцеся багоў іншых;
І змовы, каторую Я ўчыніў із вамі, не забывайцеся, і ня бойцеся багоў іншых;
Адно СПАДАРА, Бога вашага, бойцеся, і Ён выбаве вас ад рукі ўсіх варагоў вашых».
І яны не паслухалі, але подле звычаю свайго ранейшага чынілі.
Народы гэтыя сьцілі СПАДАРА, але служылі сваім выразаным балваном. Дый дзеці іхныя і дзеці дзяцей іхных робяць дагэтуль так, як рабілі бацькі іхныя.