Лікі 34 разьдзел

Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка

 
 

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 

«Раскажы сыном Ізраелявым і скажы ім: як увыйдзеце ў зямлю Канаанскую, дык во зямля, каторая дастанецца вам на спадак, зямля Канаанская подле граніцаў яе:
 

І будзе ў вас паўднявая старана ад пустыні Цын, ля Едому, і будзе ў вас паўднявая граніца ад берагу Салонага мора на ўсход,
 

І заверне вам з паўдня граніца да ўзгор’я Акравіму, і пярэйдзе аж да Цын, і будзе канец яе ад паўдня аж да Кадэш-Барні, і выйдзе да Гацар-Аддару, і пярэйдзе аж да Ацмону.
 

І ськіруецца граніца ад Ацмону да ракі Ягіпецкае, і будзе канец яе супроці мора.
 

І граніцаю заходняй будзе ў вас вялікае мора. І граніца гэта будзе вам граніцаю заходняй.
 

І гэта будзе вам граніца паўночная: ад вялікага мора азначча да гары Гор;
 

Ад гары Гор азначча да Гамафу, і будуць канцы граніцы ля Цэдад;
 

І выйдзе граніца да Цыфрону, і будуць канцы яе ля Гацар-Енану. Гэта будзе ў вас граніца паўночная.
 

І азначча сабе граніцу ўсходнюю ад Гацар-Енану на Шэфам;
 

І зыйдзе граніца ад Шэфаму аж да Рыбля, з усходняга боку Аіна, потым зыйдзе граніца й даткнецца да боку мора Кінэрэф із усходняе стараны.
 

І зыйдзе граніца аж да Ёрдану, і будзе канец яе ля Салонага мора. Гэта будзе вам зямля па граніцах яе наўкола.
 

І расказаў Масей сыном Ізраелявым, кажучы: «Во зямля, каторую вы адзяржыце на спадак жэрабям, каторую расказаў СПАДАР даць дзевяцём плямёнам і палавіцы плямені;
 

Бо плямя сыноў Рувінавых па дамох айцоў сваіх, і плямя сыноў Ґадовых па дамох айцоў сваіх, і палавіца плямені Манасавага ўзялі спадкі свае.
 

Два плямені а палавіца плямені ўзялі спадкі свае за Ёрданом супроці Ерыхону на ўсход, на ўсход сонца».
 

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 

«Во ймёны мужоў, каторыя будуць даваць на спадак вам зямлю: Елеазар сьвятар а Ігошуа Нунянок;
 

І па адным князю ад плямені вазьміце на дзяльню зямлі.
 

І во ймёны гэтых мужоў: з плямені Юдзінага Калеў Ефунёнак;
 

І з плямені сыноў Сымонавых Самуйла Амігудзёнак;
 

І з плямені Веняміновага Елідад Кіслонёнак;
 

І з плямені сыноў Дановых князь Бук Ёґлянок;
 

І із сыноў Язэпавых: з плямені сыноў Манасавых князь Ганель Ефодзёнак;
 

І з плямені сыноў Яхрэмавых князь Кемуель Шыфтанёнак;
 

Із плямені сыноў Завулонавых князь Еліцафан Парнашонак;
 

І з плямені сыноў Іссасхаровых князь Палтыель Азанёнак;
 

І з плямені сыноў Ашэровых князь Агігуд Шэламёнак;
 

І з плямені сыноў Неффалімовых князь Педагэль Амігудзёнак».
 

Гэта тыя, каторым расказаў СПАДАР падзяліць сыном Ізраелявым у зямлі Канаанскай.