Лікі 13 разьдзел

Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка

 
 

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 

«Пашлі сабе людзёў, і хай яны выглядзяць зямлю Канаанскую, каторую Я даю сыном Ізраелявым; па адным чалавеку, па адным чалавеку з плямені айцоў іхных пашліце, кажнага князя зь іх».
 

І паслаў іх Масей з пустыні Паран, за расказаньням СПАДАРОВЫМ, і ўсі яны мужы, галавы сыноў Ізраелявых яны.
 

І во ймёны іхныя: з плямені Рувінавага Шамуа Заккуронак,
 

З плямені Сымонавага Шафат Горанок,
 

З плямені Юдзінага Калеў Ефунёнак,
 

З плямені Іссасхаровага Іґал Язэпенак,
 

З плямені Яхрэмавага Гоша Нунянок,
 

З плямені Веняміновага Фалт Рафуёнак,
 

З плямені Завулонавага Ґаддыель Содзянок,
 

З плямені Язэпавага, з плямені Манасавага Ґадды Сусянок,
 

З плямені Дановага Амель Ґемалёнак,
 

З плямені Ашэравага Сэфур Міхайлёнак,
 

З плямені Неффалімовага Нагаб Воўсянок,
 

З плямені Ґадовага Ґеуель Машанок.
 

Гэта ймёны мужоў, каторых паслаў Масей выглядзець зямлю. І назваў Масей Гошу Нунянка Ігошуам.
 

І паслаў іх Масей выглядзець зямлю Канаанскую, і сказаў ім: «Увыйдзіце ў гэты бок, на паўдня, і ўзыйдзіце на гару;
 

І абачча зямлю, якава яна, і люд, што жывець на ёй, дужы ён ці слабы, мала іх ці шмат?
 

І якая зямля, на каторай ён жывець, добрая яна ці благая? І якія месты, у каторых ён жывець, у буданох ён жывець ці ў вабаронных местах?
 

І якая зямля, уродлівая яна ці пустая? Ці ё на ёй дзервы, ці няма? І мацуйцеся, і вазьміце з пладоў зямлі». І было ж гэта ў часе сьпеньня віна.
 

Яны ўзышлі, і выглядзелі зямлю ад пустыні Цын аж да Рэгова, ідзе ўходзяць у Гамаф.
 

І пайшлі на паўдня, і дайшлі да Гэўрону, і там Агіман, Шэсай а Фалмай, дзеці Енаковы. А Гэўрон збудаваны быў сем год раней за Цоан Ягіпецкі.
 

І прышлі аж да даліны Ешкол, і зрэзалі там галузу і адну гранку вінных ягадаў, і несьлі яе на жэрдцы ў двух, і таксама з гранатовых яблыкаў а зь фіґаў.
 

Месца гэтае названа даліною Ешкол з прычыны вінное гранкі, каторую зрэзалі адтуль сынове Ізраелявы.
 

І зьвярнуліся ад выгляданьня зямлі пры канцу сараку дзён.
 

І пайшлі, і прышлі да Масея а да Аарона а да ўсяе грамады сыноў Ізраелявых на пустыню Паран у Кадэшу, і прынесьлі слова ім а ўсёй грамадзе, і паказалі ім плады зямлі.
 

І павядалі яму й казалі: «Прышлі мы да зямлі, да каторае ты паслаў нас; і таксама цячэць малаком а мёдам яна, і во плады яе;
 

Але што дужы люд, каторы жывець на зямлі; і месты абаронныя вельмі вялікія; і дзяцей Енаковых мы бачылі там.
 

Амалік жывець на зямлі паўднявой, а Гэціч а Евусэй а Аморэй жывець на гары, а Канаанін жывець ля мора а ля Ёрдану».
 

Але Калеў супакоеваў люд перад Масеям і сказаў: «Узыйсьці ўзыйдзем і мы яе на спадак возьмем, бо здолець, здолеем яе».
 

А людзі, што ўзыходзілі зь ім, казалі: «Ня можам узыходзіць супроці люду гэнага, бо ён дужшы за нас».
 

І вынесьлі ліхое лічбызданьне да сыноў Ізраелявых празь зямлю, каторую яны выглядалі, кажучы: «Зямля, што мы праходзілі па ёй выглядзець яе, яна зямля, што есьць жывучых на ёй, і ўвесь люд, каторы мы бачылі сярод яе, людзі меры.
 

І там бачылі мы й дзеці Енаковы, з роду волатавага; і мы былі ў вачох нашых, як шаранча; і гэткімі ж былі мы і ў вачох іхных».