Лікі 3 разьдзел

Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Во радавод Аарона а Масея ў дню, калі гутарыў СПАДАР із Масеям на гары Сынаю;
 

І во ймёны сыноў Ааронавых: пяршак Надаў а Авігу, Елеазар а Іфамар.
 

Гэта ймёны сыноў Ааронавых, сьвятароў, памазаных, каторых ён пасьвяціў сьвятарстваваць.
 

І памерлі Надаў а Авігу перад відам СПАДАРОВЫМ, як яны прынесьлі цяпло чужое перад відам СПАДАРОВЫМ на пустыні Сынайскай, а дзяцей у іх ня было; і сьвятарствавалі Елеазар а Іфамар перад Ааронам, айцом сваім.
 

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 

«Дабліж плямя Левава й пастанаві яго перад Ааронам сьвятаром, каб яны служылі яму.
 

І няхай яны рупяцца праз старожу ягоную й старожу ўсяе грамады перад буданом збору, каб служыць службу вітальні;
 

І няхай рупяцца праз усе судзьдзе будану збору і паручэньне сыноў Ізраелявых, каб служыць службу вітальні.
 

І аддасі Левітаў Аарону а сыном ягоным; хай будуць яны сусім чыста адданы яму ад сыноў Ізраелявых.
 

Аарону ж а сыном ягоным паручы, і будуць спраўляць яны сьвятарства свае; а чужы, што бліжыцца, хай памрэць».
 

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 

«І Я вось, Я ўзяў Левітаў з пасярод сыноў Ізраелявых замест кажнага першака, што рашчыняе дзетніцу із сыноў Ізраелявых. І будуць Левіты Мае,
 

Бо кажны пяршак Мой; таго дня, калі Я быў паразіўшы кажнага першака ў зямлі Ягіпецкай. Я пасьвяціў Сабе кажнага першака ў Ізраелю ад чалавека аж да статку; яны маюць быць Мае. Я СПАДАР».
 

І гукаў СПАДАР Масею на пустыні Сынайскай, кажучы:
 

«Палічы сыноў Левавых па дамох айцоў іхных, па радзімах іхных, кажнага мужчыну ад аднаго месяца і вышэй палічы».
 

І палічыў іх Масей подле слова СПАДАРОВАГА, як расказана.
 

І былі гэтыя сынове Левавы подле іх імёнаў: Ґірсон, Когаф а Мерары.
 

І во ймёны сыноў Ґірсонавых па радзімах іхных: Ліўні а Шымей.
 

І сыны Когафовы па радзімах іхных: Амрам а Іцґар, Гэўрон а Узель.
 

І сыны Мераравы па радзімах іхных: Маглі а Мушы. Гэта яны радзімы Левавы подле дамоў айцоў сваіх.
 

Ад Ґірсона род Ліўняў а род Шымеяў: гэта роды Ґірсонавы.
 

Іх лік подле лічэньня кажнага мужчыны, ад аднаго месяца й вышэй, лік іх сем тысячаў пяцьсот.
 

Радзімы Ґірсонавы будуць разьлягацца адзаду вітальні ў кірунку да мора.
 

І князь дому айца Ґірсонічаў Елясаф Лаелёнак.
 

І дагляду Ґірсонічаў у будане збору паручаецца вітальня а будан а прыкрыцьце яго а запона ўходу будану збору,
 

А заслоны панадворку а запона ўходу панадворку, каторая ля вітальні, і што ля аброчніка наўкола, і паварозкі да ўсялякае службы яго.
 

І ў Когафа радзіма Амрамоў а радзіма Іцґароў а радзіма Гэўронаў а радзіма Ўзеляў: гэта радзімы Когафовы.
 

Подле ліку ўсіх мужчынаў, ад аднаго месяца й вышэй, восьмі тысячаў шасьцьсот, каторыя дзяржалі паручэньне сьвятыні.
 

Радзімы Когафічаў будуць разьлягацца з боку вітальні, на паўдня.
 

І князь дому айца радзімаў Когафовых Еліцафан Узелёнак.
 

І старожа іхная — скрыня а стол а сьветач а аброчнікі а сьвятое судзьдзе, каторага ўжываюць да службы, а запона а ўсе служэньне яе.
 

І князь князёў лявіцкіх Елеазар, сын Аарона сьвятара; пад ягоным наглядам дзяржачыя паручэньне сьвятыні.
 

Мерары: радзіма Магляў а радзіма Мушаў: гэта яны радзімы Мераравы.
 

Палічаных подле ліку кажнага мужчыны, ад аднаго месяца й вышэй, шэсьць тысячаў дзьвесьце.
 

І князь дому айца радзімы Мерарычаў Цурэль Авігаелёнак, яны будуць разьлягацца з боку вітальні на поўнач.
 

І прызначаньню паручэньня Мерарычаў былі дошкі вітальні а завалы яе а стаўпы яе а падложкі яе а ўсі судзіны яе, уся служба яе,
 

І стаўпы панадворку наўкола, і падложкі іх, і кольле іх, і паварозкі іх.
 

А тыя, што разьлягаюцца перад вітальняю, на ўсход, перад буданом збору на ўсход сонца, ё Масей а Аарон а сыны ягоныя, яны дзяржалі паручэньне сьвятыні за сыноў Ізраелявых; чужы хто прыступе, памрэць.
 

Усіх палічаных Левітаў, каторых палічыў Масей а Аарон подле слова СПАДАРОВАГА, па радзімах іхных, кажнага мужчыну, ад аднага месца й вышэй, дваццаць дзьве тысячы.
 

І сказаў СПАДАР Масею: «Палічы кажнага першака мужчыну із сыноў Ізраелявых, ад аднаго месяца й вышэй, і зьлічы іх наймя.
 

І вазьмі Левітаў Імне, — Я СПАДАР, — замест кажнага першака із сыноў Ізраелявых, а статак Левітаў замест кажнага першароднага статку сыноў Ізраелявых».
 

І палічыў Масей, як расказаў яму СПАДАР, кажнага першака із сыноў Ізраелявых.
 

І было ўсіх першакоў мужчынскіх, подле ліку ймёнаў, ад аднаго месяца й вышэй, дваццаць дзьве тысячы дзьвесьце семдзясят трох.
 

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 

«Вазьмі Левітаў замест кажнага першака з дому Ізраеля, і статак Левітаў замест статку іхнага; і будуць Левіты Маімі. Я СПАДАР.
 

А на выкуп дзьвесьце семдзясят трох ізь першакоў Ізраелявых, каторыя лішнія супроці Левітаў,
 

Дык возьмеш па пяць сыкляў ад галавы, подле сьвятога сыклю вазьмі, дваццаць ґер у сыклю,
 

І аддай срэбла гэтае Аарону а сыном ягоным на выкуп за лішніх супроці ліку іх».
 

І ўзяў Масей срэбла выкупу за лішніх супроці выкупленых Левітамі.
 

Ад першакоў Ізраелявых узяў срэбла тысяча трыста і шасьцьдзясят пяць сыкляў, подле сыклю сьвятыні.
 

І аддаў Масей срэбла выкупу Аарону а сыном ягоным подле слова СПАДАРОВАГА, як расказаў СПАДАР Масею.