Лікі 3 разьдзел
Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Во радавод Аарона а Масея ў дню, калі гутарыў СПАДАР із Масеям на гары Сынаю;
Гэта пакаленні Аарона і Майсея ў дзень, калі прамаўляў Госпад да Майсея на гары Сінай.
І во ймёны сыноў Ааронавых: пяршак Надаў а Авігу, Елеазар а Іфамар.
І гэта імёны сыноў Аарона: першародны яго Надаб, потым Абігу, і Элеязэр, і Ітамар:
Гэта ймёны сыноў Ааронавых, сьвятароў, памазаных, каторых ён пасьвяціў сьвятарстваваць.
гэта імёны сыноў Аарона, святароў, каб спаўняць святарскую службу.
І памерлі Надаў а Авігу перад відам СПАДАРОВЫМ, як яны прынесьлі цяпло чужое перад відам СПАДАРОВЫМ на пустыні Сынайскай, а дзяцей у іх ня было; і сьвятарствавалі Елеазар а Іфамар перад Ааронам, айцом сваім.
Але Надаб і Абігу памерлі перад абліччам Госпада ў пустыні Сінай, прынеслі чужы агонь, і памерлі яны бяздзетныя; і выконвалі святарскую службу перад бацькам сваім, Ааронам, Элеязэр і Ітамар.
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
І прамовіў Госпад да Майсея, кажучы:
«Дабліж плямя Левава й пастанаві яго перад Ааронам сьвятаром, каб яны служылі яму.
«Прывядзі пакаленне Леві і пастаў яго перад Ааронам святаром, каб яны паслугавалі яму
І няхай яны рупяцца праз старожу ягоную й старожу ўсяе грамады перад буданом збору, каб служыць службу вітальні;
і рупіліся аб усім, што тычыцца яго і ўсёй грамады ля палаткі сустрэчы, каб выконваць службу пры скініі,
І няхай рупяцца праз усе судзьдзе будану збору і паручэньне сыноў Ізраелявых, каб служыць службу вітальні.
і каб захоўвалі прыналежнасці палаткі сустрэчы, спаўняючы абавязкі сыноў Ізраэля, выконваючы службу пры скініі.
І аддасі Левітаў Аарону а сыном ягоным; хай будуць яны сусім чыста адданы яму ад сыноў Ізраелявых.
І аддай левітаў як дарунак Аарону і сынам яго, каму яны будуць дадзены ад сыноў Ізраэля;
Аарону ж а сыном ягоным паручы, і будуць спраўляць яны сьвятарства свае; а чужы, што бліжыцца, хай памрэць».
а Аарона і сыноў яго пастаў наглядчыкамі над службаю святарскай. Калі хто чужы прыступіць да службы, той хай будзе пакараны смерцю».
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
І казаў Госпад Майсею, кажучы:
«І Я вось, Я ўзяў Левітаў з пасярод сыноў Ізраелявых замест кажнага першака, што рашчыняе дзетніцу із сыноў Ізраелявых. І будуць Левіты Мае,
«Вось, Я вылучыў левітаў з сыноў ізраэльскіх замест усіх першародных, якія адкрываюць улонне маці сярод сыноў Ізраэля, таму левіты будуць Маімі.
Бо кажны пяршак Мой; таго дня, калі Я быў паразіўшы кажнага першака ў зямлі Ягіпецкай. Я пасьвяціў Сабе кажнага першака ў Ізраелю ад чалавека аж да статку; яны маюць быць Мае. Я СПАДАР».
Бо Мой кожны першародны з часу, калі ў зямлі Егіпецкай ударыў Я ўсіх пешародных, пасвяціў Я Сабе ўсё, што нараджаецца першародным у Ізраэлі, ад чалавека аж да жывёлы, яны Мае! Я — Госпад!»
І гукаў СПАДАР Масею на пустыні Сынайскай, кажучы:
І казаў Госпад Майсею ў пустыні Сінай, кажучы:
«Палічы сыноў Левавых па дамох айцоў іхных, па радзімах іхных, кажнага мужчыну ад аднаго месяца і вышэй палічы».
«Палічы сыноў Леві па сем’ях бацькоў іх і плямёнах, усіх мужчынскага роду ад аднаго месяца і вышэй».
І палічыў іх Масей подле слова СПАДАРОВАГА, як расказана.
Палічыў іх Майсей, як загадаў Госпад, і былі названы сыны Леві па імёнах іх;
І былі гэтыя сынове Левавы подле іх імёнаў: Ґірсон, Когаф а Мерары.
а вось імёны сыноў Леві: Гэрсон, Кагат і Мэрары.
І во ймёны сыноў Ґірсонавых па радзімах іхных: Ліўні а Шымей.
А вось імёны сыноў Гэрсона па родах іх: Лобні і Сямэй;
І сыны Когафовы па радзімах іхных: Амрам а Іцґар, Гэўрон а Узель.
сыны Кагата па родах іх: Амрам і Ісаар, Геброн і Азіэль;
І сыны Мераравы па радзімах іхных: Маглі а Мушы. Гэта яны радзімы Левавы подле дамоў айцоў сваіх.
сыны Мэрары па родах іх: Махалі і Мусі. Вось жа гэтыя роды Леві па сем’ях бацькоў іх.
Ад Ґірсона род Ліўняў а род Шымеяў: гэта роды Ґірсонавы.
Ад Гэрсона паходзяць сям’я Лобні і сям’я Сямэя,
Іх лік подле лічэньня кажнага мужчыны, ад аднаго месяца й вышэй, лік іх сем тысячаў пяцьсот.
усіх людзей мужчынскага полу, якіх ад аднаго месяца і вышэй было налічана сем тысяч пяцьсот.
Радзімы Ґірсонавы будуць разьлягацца адзаду вітальні ў кірунку да мора.
Яны размяшчаюцца лагерам за скініяй на захадзе
І князь дому айца Ґірсонічаў Елясаф Лаелёнак.
пад кіраўніцтвам Эліясафа, сына Лаэля;
І дагляду Ґірсонічаў у будане збору паручаецца вітальня а будан а прыкрыцьце яго а запона ўходу будану збору,
яны ахоўваюць у палатцы сустрэчы саму скінію, палатку, яе пакрыццё, а таксама пакрывала, што нацягваецца пры ўваходзе ў палатку сустрэчы
А заслоны панадворку а запона ўходу панадворку, каторая ля вітальні, і што ля аброчніка наўкола, і паварозкі да ўсялякае службы яго.
і пакрывала панадворка, а таксама пакрывала, што нацягваецца пры ўваходзе ў панадворак, які акружае скінію і ахвярнік, і вяроўкі, патрэбныя для ўсякай службы.
І ў Когафа радзіма Амрамоў а радзіма Іцґароў а радзіма Гэўронаў а радзіма Ўзеляў: гэта радзімы Когафовы.
Кагат мае сем’і: Амрама і Ісаара, Геброна і Азіэля; гэта сем’і Кагатавы.
Подле ліку ўсіх мужчынаў, ад аднаго месяца й вышэй, восьмі тысячаў шасьцьсот, каторыя дзяржалі паручэньне сьвятыні.
Усе мужчынскага роду ад аднаго месяца і вышэй — восем тысяч шэсцьсот — апекавалі скінію.
Радзімы Когафічаў будуць разьлягацца з боку вітальні, на паўдня.
Сем’і сыноў Кагата размясціліся лагерам на паўднёвым баку скініі,
І князь дому айца радзімаў Когафовых Еліцафан Узелёнак.
і кіраўніком іх быў Элісафан, сын Азіэля.
І старожа іхная — скрыня а стол а сьветач а аброчнікі а сьвятое судзьдзе, каторага ўжываюць да службы, а запона а ўсе служэньне яе.
І рупіліся яны пра каўчэг, і стол, і падсвечнік, пра ахвярнік і прылады свяцілішча, прызначаныя на службу Божую, і пра пакрывала, і ўсе прыналежнасці ўсякага роду.
І князь князёў лявіцкіх Елеазар, сын Аарона сьвятара; пад ягоным наглядам дзяржачыя паручэньне сьвятыні.
А кіраўніком над кіраўнікамі сем’яў левітаў быў Элеязэр, сын Аарона святара, ён наглядаў за тымі, што ахоўвалі свяцілішча.
Мерары: радзіма Магляў а радзіма Мушаў: гэта яны радзімы Мераравы.
А вось ад Мэрары паходзілі сем’і Махалі і Мусі; гэта сем’і Мэраравы.
Палічаных подле ліку кажнага мужчыны, ад аднаго месяца й вышэй, шэсьць тысячаў дзьвесьце.
Усіх мужчынскага полу ад аднаго месяца і вышэй — шэсць тысяч дзвесце;
І князь дому айца радзімы Мерарычаў Цурэль Авігаелёнак, яны будуць разьлягацца з боку вітальні на поўнач.
кіраўніком сем’яў Мэрары быў Сурыэль, сын Абігаіля. Яны размясцілі лагер на паўночным баку скініі.
І прызначаньню паручэньня Мерарычаў былі дошкі вітальні а завалы яе а стаўпы яе а падложкі яе а ўсі судзіны яе, уся служба яе,
Пад аховаю іх былі: дошкі скініі, і жэрдкі, і слупы, і падножжы іх, і ўсе прыналежнасці яе, і ўсё, што мае дачыненне да ўсякага роду службы,
І стаўпы панадворку наўкола, і падложкі іх, і кольле іх, і паварозкі іх.
і слупы панадворка з усіх бакоў з падножжамі іх, і калкі з вяроўкамі.
А тыя, што разьлягаюцца перад вітальняю, на ўсход, перад буданом збору на ўсход сонца, ё Масей а Аарон а сыны ягоныя, яны дзяржалі паручэньне сьвятыні за сыноў Ізраелявых; чужы хто прыступе, памрэць.
А з пярэдняга боку скініі, перад палаткай сустрэчы, на ўсход ставілі палаткі Майсей, і Аарон, і сыны яго, якім даручана святыня ад імя сыноў Ізраэля. Калі б хто наблізіўся чужы, мае быць пакараны смерцю.
Усіх палічаных Левітаў, каторых палічыў Масей а Аарон подле слова СПАДАРОВАГА, па радзімах іхных, кажнага мужчыну, ад аднага месца й вышэй, дваццаць дзьве тысячы.
Усіх левітаў, якіх палічыў Майсей па загадзе Госпада, мужчынскага полу ад аднаго месяца і вышэй было дваццаць дзве тысячы.
І сказаў СПАДАР Масею: «Палічы кажнага першака мужчыну із сыноў Ізраелявых, ад аднаго месяца й вышэй, і зьлічы іх наймя.
І сказаў Госпад Майсею: «Палічы ўсіх першародных мужчынскага полу з сыноў Ізраэлевых у гадах ад аднаго месяца і вышэй, палічы іх агульную колькасць;
І вазьмі Левітаў Імне, — Я СПАДАР, — замест кажнага першака із сыноў Ізраелявых, а статак Левітаў замест кажнага першароднага статку сыноў Ізраелявых».
і вазьмі левітаў для Мяне як замену ўсіх першародных з сыноў Ізраэлевых, Я — Госпад; і іх жывёлу на замену ўсёй першароднай жывёле сыноў Ізраэлевых».
І палічыў Масей, як расказаў яму СПАДАР, кажнага першака із сыноў Ізраелявых.
Палічыў Майсей, як загадаў Госпад, усіх першародных з сыноў Ізраэлевых,
І было ўсіх першакоў мужчынскіх, подле ліку ймёнаў, ад аднаго месяца й вышэй, дваццаць дзьве тысячы дзьвесьце семдзясят трох.
і было ўсіх першародных мужчынскага полу па імёнах іх, ад аднаго месяца і вышэй, дваццаць дзве тысячы дзвесце семдзесят тры.
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
І зноў сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
«Вазьмі Левітаў замест кажнага першака з дому Ізраеля, і статак Левітаў замест статку іхнага; і будуць Левіты Маімі. Я СПАДАР.
«Вазьмі левітаў на месца ўсіх першародных з сыноў Ізраэлевых разам з жывёлай левітаў на замену іх жывёле; і левіты будуць Маімі. Я — Госпад.
А на выкуп дзьвесьце семдзясят трох ізь першакоў Ізраелявых, каторыя лішнія супроці Левітаў,
А як выкуп за гэтых дзвесце семдзесят трох з першародных сыноў Ізраэлевых, што перавышаюць лік левітаў,
Дык возьмеш па пяць сыкляў ад галавы, подле сьвятога сыклю вазьмі, дваццаць ґер у сыклю,
вазьмі па пяць сікляў ад галавы, па вазе сікля святыні; сікль мае дваццаць гераў.
І аддай срэбла гэтае Аарону а сыном ягоным на выкуп за лішніх супроці ліку іх».
І дай грошы Аарону і яго сынам як выкуп за тых, што засталіся».
І ўзяў Масей срэбла выкупу за лішніх супроці выкупленых Левітамі.
Дык узяў Майсей выкуп ад тых, што перавышалі лік выкупленых левітамі;
Ад першакоў Ізраелявых узяў срэбла тысяча трыста і шасьцьдзясят пяць сыкляў, подле сыклю сьвятыні.
ад першародных сыноў Ізраэлевых узяў грошай тысячу трыста шэсцьдзесят пяць па вазе сікля святыні.
І аддаў Масей срэбла выкупу Аарону а сыном ягоным подле слова СПАДАРОВАГА, як расказаў СПАДАР Масею.
І аддаў Майсей срэбра выкупу Аарону і сынам, згодна загаду, як сказаў яму Госпад.