Лікі 17 разьдзел

Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 
І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:

«Гукай сыном Ізраелявым і вазьмі ў іх па посаху з дому айца, ад усіх князёў іхных подле дому айцоў іхных двананцаць пасахоў, і кажнага імя напішы на посаху ягоным.
 
«Скажы сынам Ізраэля і вазьмі ад іх па кіі ад кожнага іх пакалення, ад усіх князёў пакаленняў, дванаццаць кіёў, і напішы імя кожнага на яго кіі.

І імя Ааронава напішы на посаху Левавым, бо адзін посах у галавы дому айцоў іхных.
 
А на кіі левітаў напішы імя Аарона, і хай будзе па адным кіі асобна на кожнае пакаленне.

І палажы іх у будане збору перад сьветчаньням, ідзе Я зьяўляюся вам.
 
І пакладзі іх у палатцы сустрэчы перад каўчэгам сведчання, дзе Я з вамі сустракаюся.

І будзе, што чалавек, каторага Я абяру, таго посах расквіціць. І Я аддалю ад Сябе нараканьні сыноў Ізраелявых, каторымі яны наракаюць на вас».
 
Каго з іх Я выберу, хай кій таго закрасуе, і спыню нараканні сыноў Ізраэля, якімі яны наракаюць на вас».

І казаў Масей сыном Ізраелявым, і далі яму ўсі князі посах ад кажнага князя, подле дому айцоў іхных, двананцаць пасахоў, і посах Ааронаў сярод пасахоў іхных.
 
І сказаў Майсей сынам Ізраэля, і далі яму ўсе князі кіі ад кожнага пакалення; і было дванаццаць кіёў, і кій Аарона паміж іх.

І палажыў Масей пасахі перад відам СПАДАРА ў будане сьветчаньня.
 
Калі іх паклаў Майсей перад Госпадам у палатцы сустрэчы,

І было назаўтрае, і ўвыйшоў Масей у будан сьветчаньня, і вось, расквіцеў посах Ааронаў ад дому Левавага, і вышаў расток, і расквіцеў квет, і насьпелі міндалы.
 
на другі дзень, вярнуўшыся, Майсей убачыў, што закрасаваў кій Аарона з пакалення Леві і што выраслі кветкі з набухлых пупышак, якія, закрасаваўшы, ператварыліся ў міндаль.

І вынес Масей усі пасахі ад віду СПАДАРОВАГА да ўсіх сыноў Ізраелявых. І абачылі яны, і ўзялі кажны посах свой.
 
Такім чынам, вынес Майсей ад аблічча Госпада ўсе кіі да ўсіх сыноў Ізраэля; і яны ўбачылі, і кожны ўзяў свой кій.

І сказаў СПАДАР Масею: «Зьвярні посах Ааронаў да перад сьветчаньня, на схоў, на знак сыном непакоры, і ўчыні канец нараканьню іх на Мяне, і яны не памруць».
 
І Госпад сказаў Майсею: «Кій Аарона аднясі назад перад каўчэгам сведчання, каб захаваўся там як знак супраць бунту сыноў Ізраэлевых, і хай спыняць яны нараканні свае на Мяне, каб не загінуць».

І зрабіў Масей; як расказаў яму СПАДАР, так ён і зрабіў.
 
І Майсей зрабіў, як загадаў Госпад.

І сказалі сынове Ізраелявы Масею, кажучы: «Вось, мы канаем, гінем, усі гінем.
 
І сказалі сыны Ізраэля Майсею: «Вось, мы прапалі, мы паміраем, усе паміраем!

Кажны, што бліжыцца, бліжыцца да вітальні СПАДАРОВАЕ, памірае: ці не давядзецца супоўна нам сканаць?»
 
Хто толькі прыступіцца да скініі Госпада, памірае. Ці ўсе мы да апошняга будзем вынішчаны?»