Лікі 2 разьдзел
Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І гукаў СПАДАР Масею а Аарону, кажучы:
І казаў Госпад Майсею і Аарону, гаворачы:
«Кажная людзіна ля сьцягу свайго і з гэрбамі дому айцоў сваіх разьлягуцца сынове Ізраелявы; насупроці будана сьветчаньня разьлягацца будуць.
«Хай сыны Ізраэля стануць лагерам: кожны пад сваім сцягам, пад знакамі бацькоў сваіх, навокал палаткі сустрэчы на адлегласці.
Тымі, што разьлягліся на ўсход, на ўсход сонца, быў сьцяг табару Юдзінага, па войсках іхных, і князь сыноў Юдзіных Наасон Амінадавёнак;
З усходу хай стаіць лагер Юды па дружынах войска яго, а кіраўніком сыноў яго хай будзе Наасон, сын Амінадаба;
І ў войску ягоным, і палічаных ягоных семдзясят чатыры тысячы шасьцьсот.
і лік яго ваяроў — семдзесят чатыры тысячы шэсцьсот.
І ля яго разьляжацца табарам плямя Іссасхарова, і князь сыноў Іссасхаровых Нафанаель Цуаронак;
Побач з ім хай стануць лагерам людзі калена Ісахарава, кіраўніком якіх мае быць Натанаэль, сын Суара;
І ў войску ягоным, і палічаных ягоных пяцьдзясят чатыры тысячы чатырыста.
і ўвесь лік ваяроў яго — пяцьдзесят чатыры тысячы чатырыста.
Адлі пакаленьне Завулонава, і князь сыноў Завулонавых Еляў Гэлонёнак;
У пакаленні Забулона кіраўніком хай будзе Эліяб, сын Гэлона; і лік ваяроў —
І ў войску ягоным, і палічаных ягоных пяцьдзясят сем тысячаў чатырыста.
пяцьдзесят сем тысяч чатырыста.
Усіх палічаных у табару Юдзіным сто асьмідзясят шэсьць тысячаў чатырыста, па войсках іхных; яны крануцца першыя.
Усіх палічаных у лагеры Юды хай будзе сто восемдзесят шэсць тысяч чатырыста, і хай па дружынах сваіх яны першыя будуць выходзіць.
Сьцяг табару Рувінавага на паўдня, па войсках іхных, і князь сыноў Рувінавых Еліцур Шэдэўронак;
З паўднёвага боку хай будзе сцяг лагера Рубэна па яго войсках, а кіраўнік — Элісур, сын Сэдэура;
І ў войску ягоным, і палічаных ягоных сорак шэсьць тысячаў пяцьсот.
і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак шэсць тысяч пяцьсот.
І ля яго разьляжацца табарам плямя Сымонава, і князь сыноў Сымонавых Шэлумель Цурышаддаёнак;
Побач з імі хай стануць лагерам людзі з пакалення Сімяона, а кіраўніком іх — хай Саламіэль, сын Сурысадая;
І ў войску ягоным, і палічаных ягоных пяцьдзясят дзевяць тысячаў трыста.
і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае пяцьдзесят дзевяць тысяч трыста.
Плямя Ґадава, і князь сыноў Ґадавых Елясаф Рэґуелёнак;
У пакаленні Гада кіраўніком хай будзе Эліясаф, сын Дэуэля;
І ў войску ягоным, і палічаных ягоных сорак пяць тысячаў шасьцьсот пяцьдзясят.
і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак пяць тысяч шэсцьсот пяцьдзесят.
Усіх палічаных у табару Рувінавым сто пяцьдзясят адна тысяча чатырыста пяцьдзясят, па войсках іхных; другімі яны маюць кратацца.
Усіх палічаных у лагеры Рубэна — сто пяцьдзесят адна тысяча чатырыста пяцьдзесят; хай яны выходзяць другімі па сваіх дружынах.
І кранецца вітальня збору, табар Левітаў будзе ў сярэдзіне табараў. Як разьлягаюцца, так і маюць кратацца, кажны на сваім месцу ля сьцягоў сваіх.
Пасля хай здымецца з месца палатка сустрэчы і лагер левітаў у сярэдзіне іншых лагераў, хай яна здымаецца так, як ставіцца; хай усе пускаюцца ў дарогу на сваіх месцах і пад сваім сцягам.
Сьцяг табару Яхрэмавага, па войсках іхных, у кірунку мора, і князь сыноў Яхрэмавых Елішама Амігудзёнак;
З заходняга боку хай будзе сцяг лагера Эфраіма па дружынах яго, кіраўніком іх хай будзе Элісама, сын Аміюда;
І ў войску ягоным, і палічаных ягоных сорак тысячаў пяцьсот.
усё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак тысяч пяцьсот.
І ля яго плямя Манасава, і князь сыноў Манасавых Ґамалель Педацуронак;
І з імі пакаленне сыноў Манасы, кіраўніком якіх хай будзе Гамаліэль, сын Падасура;
І ў войску ягоным, і палічаных ягоных трыццаць дзьве тысячы дзьвесьце.
і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае трыццаць дзве тысячы дзвесце.
І плямя Венямінова, і князь сыноў Веняміновых Авідан Ґідэонёнак;
І пакаленні сыноў Бэньяміна; кіраўніком хай будзе Абідан, сын Гедэона;
І ў войску ягоным, і палічаных ягоных трыццаць пяць тысячаў чатырыста.
і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае трыццаць пяць тысяч чатырыста.
Усіх палічаных у табару Яхрэмавым сто восьмі тысячаў сто, па войсках іхных; і трэйція яны маюць кратацца.
Усіх палічаных у лагеры Эфраіма — сто восем тысяч сто; і хай па дружынах сваіх яны выходзяць трэція.
Сьцяг табару Дановага на поўнач, па войсках іхных, і князь сыноў Дановых Агіезэр Амішаддаёнак;
З паўночнага боку адпаведна сваім дружынам хай стаіць сцяг лагера сыноў Дана, а кіраўніком іх хай будзе Ахіязэр, сын Амісадая;
І ў войску ягоным, і палічаных ягоных шасьцьдзясят дзьве тысячы сямсот.
усё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае шэсцьдзесят дзве тысячы семсот.
І ля яго разьляжацца табарам плямя Ашэрава, і князь сыноў Ашэравых Паґіель Охранёнак;
Побач з ім хай стане лагерам пакаленне Асэра, кіраўніком іх хай будзе Пэгіэль, сын Акрана;
І ў войску ягоным, і палічаных ягоных сорак адна тысяча пяцьсот.
усё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак адну тысячу пяцьсот.
І плямя Неффалімова, і князь сыноў Неффалімовых Агіра Енанёнак;
З пакалення сыноў Нэфталі кіраўніком хай будзе Ахіра, сын Энана;
І ў войску ягоным, і палічаных ягоных пяцьдзясят тры тысячы чатырыста.
усё войска ваяроў яго — пяцьдзесят тры тысячы чатырыста.
Усіх палічаных у табару Дановым сто пяцьдзясят сем тысячаў шасьцьсот; яны маюць кратацца апошнія ля сьцягоў сваіх».
Усіх палічаных у лагеры Дана хай будзе сто пяцьдзесят сем тысяч шэсцьсот, і хай яны самымі апошнімі выходзяць пад сваімі сцягамі».
Гэта палічаныя сынове Ізраелявы па дамох айцоў іхных. Усіх палічаных у табарах, па войсках іхных, шасьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзясят.
Гэта лік сыноў Ізраэля, усе яны палічаны па сем’ях бацькоў сваіх адпаведна войскам сваім — шэсцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзесят.
А Левіты не палічаныя із сынамі Ізраеля, як расказаў СПАДАР Масею.
А левіты не былі палічаны разам з сынамі Ізраэля; бо так загадаў Госпад Майсею.
І зрабілі сынове Ізраелявы ўсе, што расказаў СПАДАР Масею; гэтак разьлягліся табарамі ля сьцягоў сваіх і гэтак краталіся кажны па радзімах сваіх і кажны па дамох айцоў сваіх.
І сыны Ізраэля споўнілі ўсё, што загадаў Госпад: сталі лагерам пад сваімі сцягамі і выйшлі паводле пакаленняў і сем’яў бацькоў сваіх.