Лікі 16 разьдзел
Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І ўзяў Кора, сын Іцгара, сына Когафа Левянка, а Дафан а Авірам Елявёнкі а Он Пелефёнак, сынове Рувінавы,
І вось Корэ, сын Ісаара, сына Кагата, сына Леві, і Датан і Абірам, сыны Эліяба, таксама Гон, сын Пэлета, з сыноў Рубэна,
І паўсталі на Масея, разам ізь дзьвесьце пяцьдзясят сынамі Ізраельскімі, князьмі збору, гуканымі на ўрочыстыя зборы, людзьмі славутымі.
паўсталі супраць Майсея разам з іншымі сынамі Ізраэля, — дзвесце пяцьдзесят чалавек, кіраўнікі супольнасці, пакліканыя на сход, людзі вядомыя.
І зьберліся супроці Масея а Аарона, і сказалі ім: «Досыць вам; увесь збор, усі сьвятыя, і сярод іх СПАДАР. Чаму ж вы ўзьнімаецеся над грамадою СПАДАРОВАЙ?»
І калі выступілі яны супраць Майсея і Аарона, яны казалі: «Хопіць вам, бо ўся супольнасць, усе — святыя, і сярод іх ёсць Госпад! Чаму вы ставіце сябе вышэй за грамаду Госпадаву?»
Пачуў Масей, і паў на від свой,
Калі пачуў гэта Майсей, упаў на твар
І гукаў да Коры й да ўсяе вяткі ягонае, кажучы: «Нараніцы паведаме СПАДАР, хто Ягоны, і хто сьвяты, і дабліжа да Сябе; і каго Ён абярэць, таго дабліжа да Сябе.
і сказаў Корэ і ўсяму сходу: «Раніцай пакажа Госпад, хто да Яго належыць і хто святы, каб прытуліць да Сябе; і каго Ён выбера, таго Ён наблізіць да Сябе.
Во што зрабіце: вазьміце сабе кадзільніцы, Кора а ўся вятка ягоная,
Дык вось што зрабіце: ты, Корэ, і ўвесь твой сход вазьміце кожны кадзільніцу сваю;
І палажэце ў іх цяпло, і ўсыпце ў іх кадзіла перад СПАДАРОМ заўтра: і будзе, каго абярэць СПАДАР, тый сьвяты. Досыць вам, сынове Левавы!»
і калі заўтра будзе запалены агонь, пакладзіце іх на кадзіла перад Госпадам; і каго выбера Госпад, той святы. Досыць вам, сыны Леві!»
І сказаў Масей Коры: «Паслухайце, калі ласка, сынове Левавы:
І сказаў Майсей зноў Корэ: «Слухайце, сыны Леві:
Няго ж мала вам, што аддзяліў Бог Ізраеляў вас ад збору Ізраельскага, каб дабліжыць вас да Сябе, каб паўніць службы ля вітальні СПАДАРОВАЕ і стаяць перад грамадою, служыць ім?
ці мала вам, што Бог Ізраэля аддзяліў вас ад усёй супольнасці Ізраэля і далучыў вас да Сябе, каб вы служылі Яму ў скініі Госпада і каб стаялі перад шматлікім народам і служылі за яго?
І Ён дабліжыў цябе і ўсіх братоў тваіх, сыноў Левавых, із табою, і вы дамагаецеся яшчэ й сьвятарства.
Таму Ён дапусціў цябе да Сябе і ўсіх братоў тваіх, сыноў Леві, а вы дамагаецеся яшчэ святарства для сябе,
Дык ты а ўся вятка твая, тыя, каторыя зьберліся супроці СПАДАРА, а Аарон, што ён, што вы наракаеце на яго?»
і ўвесь твой сход паўстаў супраць Госпада? Кім жа ёсць Аарон, каб вы наракалі на яго?»
І паслаў Масей гукнуць Дафана а Авірама Елявёнкаў; але яны сказалі: «Ня ўзыйдзем.
Дык паслаў Майсей, каб паклікаць Датана і Абірама, сыноў Эліяба, але яны сказалі: «Не пойдзем!
Ціж мала таго, што ты ўзьвёў нас ізь зямлі, у каторай цячэць малако а мёд, каб загубіць нас на пустыні? і ты яшчэ хочаш панаваць над намі, на’т панаваць?
Ці мала табе, што ты вывеў нас з зямлі, што ацякала малаком і мёдам, каб загубіць нас у пустыні, і яшчэ хочаш валадарыць над намі?
Ты ж ня прывёў нас да зямлі, ідзе цячэць малако а мёд, і ня даў нам спадак поля а вінішча. Ціж вочы гэтым людзём хочаш вылупіць? Ня ўзыйдзем!»
На самай справе не ўвёў ты нас у зямлю, што ацякае малаком і мёдам, і не даў нам ва ўласнасць палёў і вінаграднікаў! Ці ты хочаш вочы гэтых людзей асляпіць? Не пойдзем!»
І вельмі стала немарасна Масею, і сказаў СПАДАРУ: «Не зьвярніся да дароў іхных; я ня ўзяў у іх ні воднага асла й ня ўчыніў ліха ні воднаму зь іх».
І Майсей разгневаўся надта і сказаў Госпаду: «Не прымай іх ахвяры. Ты ведаеш, што я ніколі не ўзяў бы нават асла ад іх і нікому з іх я не ўчыніў крыўды».
І сказаў Масей Коры: «Ты а ўся вятка твая будзьце заўтра перад відам СПАДАРА, ты а яны і Аарон.
І сказаў Майсей Корэ: «Заўтра ты і ўвесь сход твой паасобку станьце перад Госпадам, ты і Аарон асобна.
І вазьміце кажны сваю кадзільніцу, і палажэце ў іх кадзіла, і дабліжча перад від СПАДАРОЎ, кажны сваю кадзільніцу, дзьвесьце пяцьдзясят кадзільніц; і ты й Аарон, кажны сваю кадзільніцу».
І вазьміце кожны сваю кадзільніцу і пакладзіце на іх кадзіла, прыносячы Госпаду дзвесце пяцьдзесят кадзільніц; ты і Аарон трымайце кожны сваю кадзільніцу».
І ўзялі кажны сваю кадзільніцу, і палажылі ў іх цяпла, і ўсыпалі ў іх кадзіла, і сталі ля ўходу ў вітальню збору; і Масей і Аарон.
І ўзяў кожны сваю кадзільніцу, паклаўшы ў іх агонь і духмянасці, і сталі пры ўваходзе ў палатку сустрэчы. Гэта ж зрабілі Майсей і Аарон.
І зьбер супроці іх Кора ўсю грамаду да ўходу будану збору. І зьявілася слава СПАДАРОВА ўсяму збору.
Корэ сабраў насупраць іх увесь сход ля ўваходу ў палатку сустрэчы, з’явілася перад усімі слава Госпада.
І казаў СПАДАР Масею а Аарону, кажучы:
І Госпад сказаў Майсею і Аарону, гаворачы:
«Адлучыцеся ад вяткі гэтае, і Я якга выгублю іх».
«Адлучыцеся ад сходу гэтай грамады, каб Я іх знішчыў у момант».
І яны палі на віды свае й сказалі: «Божа, Божа духоў усялякага цела! Ціж не адзін чалавек ізграшыў, і на ўсю грамаду Ты гневацца будзеш?»
Яны тады ўпалі на твар і сказалі: «Божа, Божа, ад Якога залежыць жыццё ўсяго жывога, ці Сваім гневам хочаш усіх ахапіць, калі хто адзін зграшыў?»
І казаў СПАДАР Масею, кажучы:
І сказаў Госпад Майсею:
«Кажы грамадзе, кажучы: узыйдзіце з усіх бакоў ад гасподы Корынае, Дафановае а Авірамавае».
«Загадай усяму народу, каб адышлі яны ад жылля Корэ, Датана і Абірама».
І ўстаў Масей, і пайшоў да Дафана а Авірама, і за ім пайшлі старцы Ізраелявы.
І ўстаў Майсей, і пайшоў да Датана і Абірама, а старэйшыны Ізраэля пайшлі за ім,
І сказаў збору, кажучы: «Адвярніцеся ж ад людзёў ліхіх гэтых, і не датыкайцеся да нічога, што належа да іх, каб не загінуць вам у вусіх грахох іхных».
і сказаў ён натоўпу: «Адыдзіце ад жылля бязбожных людзей і не дакранайцеся ні да чаго, што ім належыць, каб не ўпасці ў іх грахі!»
І ўзышлі яны ад гасподы Корынае, Дафановае а Авірамавае наўкола, а Дафан а Авірам вышлі й стаялі ля ўходу буданоў сваіх, і жонкі іхныя, і дзеці іхныя, і дзецяняты іхныя.
І калі кругом адышліся яны ад жылля іх, Датан і Абірам, выйшаўшы, сталі перад уваходам у свае палаткі разам са сваімі жонкамі, сынамі і малымі дзецьмі.
І сказаў Масей: «З гэтага пазнаеце, што СПАДАР паслаў мяне чыніць усі справы гэтыя, бо я не сваім адумам:
І сказаў Майсей: «З гэтага пазнаеце, што Госпад паслаў мяне, каб я чыніў усё, што бачыце, і што гэта не ад свайго сэрца я прапанаваў вам:
Бо калі яны памруць, як памірае кажны чалавек, і стрэне іх такі кон, як усіх стракае людзёў, то не СПАДАР паслаў мяне.
калі яны памруць звычайнаю смерцю людзей і іх спасцігне кара, якая звычайна спасцігае астатніх, то Госпад не паслаў мяне.
А калі новае тварэньне створа СПАДАР, і зямля рашчыне вусны свае й глынець іх а ўсе, што ў іх, і яны жывыя зыйдуць да шэолю, то будзеце ведаць, што ўлегцы замелі людзі гэтыя СПАДАРА».
А калі Госпад даканае штосьці незвычайнае, што зямля разявіць пашчу сваю і праглыне іх і ўсё, што ім належыць, і жывыя трапяць яны ў пекла, то ведайце, што яны ганьбілі Госпада».
І было, як скончыў казаць гэтыя словы, раськяпілася зямля, што пад імі.
Такім чынам зараз жа, як перастаў гаварыць, расступілася зямля пад іх нагамі
І рашчыніла зямля вусны свае, і глынула іх а дамы іхныя, і кажнага чалавека, што ў Коры, і ўсю маемасьць.
і, разявіўшы пашчу сваю, праглынула іх разам з іх сем’ямі, усіх людзей Корэ з усёй іх маёмасцю;
І зышлі яны з усім, што належала да іх, жывыя да шэолю, і пакрыла іх зямля, і загінулі яны з памеж грамады.
і жывыя трапілі яны ў пекла, зямлёю накрытыя, і былі вынішчаны з грамады.
І ўсі Ізраелцы, што былі наўкола іх, уцяклі на крык іхны, бо, казалі яны, «каб не праглынула нас зямля».
Усе ж ізраэльцы, што стаялі навокал, паўцякалі, кажучы на лямант тых, хто гінуў: «Каб часам і нас зямля не праглынула».
І вышла цяпло ад СПАДАРА, і пажэрла тых дзьвесьце пяцьдзясят мужоў, каторыя абраклі кадзіла.
Затым агонь, выйшаўшы ад Госпада, спаліў дзвесце пяцьдзесят чалавек, якія неслі кадзіла.
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
І гаварыў Госпад Майсею, кажучы:
«Скажы Елеазару, сыну Аарона, сьвятара, і хай ён падыйме кадзільніцы з пажарышча, а цяпло раскіньце далей, бо ўсьвяціліся
«Загадай Элеязэру, сыну Аарона святара, каб сабраў кадзільніцы, што ляжалі на папялішчы, і каб ён параскідаў агонь сям-там, бо яны асвяціліся
Кадзільніцы грэшнікаў гэтых супроці душаў сваіх. Хай зробяць ізь іх выбітыя бляхі — пацягненьне да аброчніка, бо яны прынесьлі іх перад від СПАДАРА, і яны ўсьвяціліся; і будуць яны знакам сыном Ізраелявым».
ў смерці грэшнікаў; хай з іх зробіць пласцінкі і прымацуе іх да ахвярніка, таму што іх прынеслі Госпаду, і яны асвяціліся, каб быць сынам Ізраэля перасцярогай».
І ўзяў Елеазар, сьвятар, мядзяныя кадзільніцы, каторыя прынесьлі спаленыя, і раскавалі іх на бляхі — пацягненьне да аброчніка,
Такім чынам, прынёс святар Элеязэр медныя кадзільніцы, з якімі прыйшлі тыя, каго спаліў пажар, і перарабіў іх на пласціны, што прымацоўваюцца да ахвярніка,
Памятка сыном Ізраелявым, каб не дабліжыўся чалавек чужы, каторы не з насеньня Ааронавага, кадзіць кадзіла перад від СПАДАРОЎ, і каб ня быў, як Кора а вятка ягоная, як гукаў яму СПАДАР Масеям.
каб потым ведалі сыны Ізраэля, каб памяталі, каб ніхто чужы, хто не належыць да нашчадкаў Аарона, не прыходзіў, каб несці кадзіла перад Госпадам, каб не сталася з ім тое, што з Корэ і супольнікамі яго, як казаў Госпад Майсею.
І наракала ўся грамада сыноў Ізраелявых назаўтрае на Масея а Аарона, кажучы: «Вы ўчынілі сьмерць люду СПАДАРОВАМУ».
А назаўтра ўся грамада сыноў Ізраэля наракала на Майсея і Аарона, кажучы: «Вы загубілі народ Госпадаў».
І было, як зьберлася грамада супроці Масея а супроці Аарона, і зьвярнуліся да будану збору, і вось, булак пакрыў яго, і зьявілася слава СПАДАРОВА;
І калі сабралася супольнасць супраць Майсея і Аарона, яны накіраваліся да палаткі сустрэчы; у той час воблака ахутала палатку і з’явілася слава Госпада.
І прышоў Масей а Аарон да будану збору.
Майсей і Аарон прыйшлі да палаткі сустрэчы.
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
І сказаў Госпад Майсею:
«Падыйміцеся з памеж гэтае грамады, і Я якга загублю іх». Але яны палі на віды свае.
«Адыдзіце ад гэтай грамады, бо вынішчу іх зараз жа». І яны ўпалі на твары свае.
І сказаў Масей Аарону: «Вазьмі кадзільніцу, і палажы ў яе цяпла з аброчніка, і ўсып кадзіла, і йдзі барзьдзей да збору, і зрабі ласкіўчыненьне ім; бо вышаў гнеў ад СПАДАРА, пачаўся мор.
Сказаў Майсей Аарону: «Вазьмі кадзільніцу і, узяўшы агню з ахвярніка, ускладзі кадзіла зверху, паспяшаючы жвава да народа, каб ачысціць яго, бо ўзгарэўся ўжо гнеў Госпада і кара лютуе».
І ўзяў Аарон, як сказаў Масей, і пабег у сярэдзіну грамады, і вось, пачаўся тый мор у людзе. І ён палажыў кадзіла, і ўчыніў ласкіўчыненьне люду.
Калі гэта зрабіў Аарон і прыбег да грамады, якую ўжо вынішчала кара, ён прынёс кадзіла і ачысціў народ;
І стаў ён памеж мертвых і жывых, і мор запыніўся.
ён стаў паміж мёртвымі і жывымі, і пляга спынілася.
І было памерлых ад мору чатырнанцаць тысячаў і сямсот чалавекаў, апрача памерлых у справе Корынай.
І памерла ад пагібелі, — чатырнаццаць тысяч семсот чалавек, апрача тых, хто загінуў у жыллі Корэ.
І зьвярнуўся Аарон да Масея, да ўходу будану збору, і мор запыніўся.
І вярнуўся Аарон да Майсея да ўваходу ў палатку сустрэчы, пасля чаго спынілася пляга.