Лікі 16 разьдзел
Лікі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І ўзяліся Карах, сын Іцгара, сына Кегата, сына Левія, і Датан і Абірам, сыны Эліява, і Он, сын Пэлета, з сыноў Рубэна,
І вось Корэ, сын Ісаара, сына Кагата, сына Леві, і Датан і Абірам, сыны Эліяба, таксама Гон, сын Пэлета, з сыноў Рубэна,
і паўсталі перад абліччам Майсея, і [з імі] мужы з сыноў Ізраіля, дзьвесьце пяцьдзясят [чалавек], начальнікі грамады, прадстаўнікі народу, людзі слаўныя.
паўсталі супраць Майсея разам з іншымі сынамі Ізраэля, — дзвесце пяцьдзесят чалавек, кіраўнікі супольнасці, пакліканыя на сход, людзі вядомыя.
І выступілі яны супраць Майсея і супраць Аарона, і сказалі ім: «Досыць вам, бо ўся грамада, усе — сьвятыя, і пасярод іх ёсьць ГОСПАД. Дык чаму вы ставіце сябе вышэй царквы ГОСПАДА?»
І калі выступілі яны супраць Майсея і Аарона, яны казалі: «Хопіць вам, бо ўся супольнасць, усе — святыя, і сярод іх ёсць Госпад! Чаму вы ставіце сябе вышэй за грамаду Госпадаву?»
І пачуў [гэта] Майсей, і ўпаў на аблічча сваё.
Калі пачуў гэта Майсей, упаў на твар
І прамовіў да Караха і да ўсёй грамады, кажучы: «Заўтра пакажа ГОСПАД, хто да Яго [належыць], і хто сьвяты, і каго наблізіць да Сябе; і каго Ён выбраў, таго Ён наблізіць да Сябе.
і сказаў Корэ і ўсяму сходу: «Раніцай пакажа Госпад, хто да Яго належыць і хто святы, каб прытуліць да Сябе; і каго Ён выбера, таго Ён наблізіць да Сябе.
Вось што зрабіце. Няхай Карах і ўся грамада ягоная возьмуць кадзільніцы свае,
Дык вось што зрабіце: ты, Корэ, і ўвесь твой сход вазьміце кожны кадзільніцу сваю;
і няхай у іх укладуць агонь, і заўтра пакладуць у іх кадзіла перад абліччам ГОСПАДА, і каго выбярэ ГОСПАД, той сьвяты. Досыць вам, сыны Левія».
і калі заўтра будзе запалены агонь, пакладзіце іх на кадзіла перад Госпадам; і каго выбера Госпад, той святы. Досыць вам, сыны Леві!»
І сказаў Майсей Караху: «Слухайце, сыны Левія!
І сказаў Майсей зноў Корэ: «Слухайце, сыны Леві:
Ці мала вам, што Бог Ізраіля аддзяліў вас ад грамады Ізраіля, і выбраў вас Сабе, каб вы служылі Яму ў Сялібе ГОСПАДА, і каб стаялі перад абліччам грамады, паслугуючы [Госпаду]?
ці мала вам, што Бог Ізраэля аддзяліў вас ад усёй супольнасці Ізраэля і далучыў вас да Сябе, каб вы служылі Яму ў скініі Госпада і каб стаялі перад шматлікім народам і служылі за яго?
І Ён даў наблізіцца да Сябе табе і ўсім братам тваім, сынам Левія. А вы дамагаецеся яшчэ сьвятарства?
Таму Ён дапусціў цябе да Сябе і ўсіх братоў тваіх, сыноў Леві, а вы дамагаецеся яшчэ святарства для сябе,
Навошта ты і ўся грамада твая злучыліся супраць ГОСПАДА? Хто такі Аарон, што вы наракаеце супраць яго?»
і ўвесь твой сход паўстаў супраць Госпада? Кім жа ёсць Аарон, каб вы наракалі на яго?»
І паслаў Майсей паклікаць Датана і Абірама, сыноў Эліява, але яны сказалі: «Ня пойдзем!
Дык паслаў Майсей, каб паклікаць Датана і Абірама, сыноў Эліяба, але яны сказалі: «Не пойдзем!
Ці мала табе, што ты вывеў нас з зямлі, якая ацякае малаком і мёдам, каб выгубіць нас у пустыні, і яшчэ хочаш панаваць над намі?
Ці мала табе, што ты вывеў нас з зямлі, што ацякала малаком і мёдам, каб загубіць нас у пустыні, і яшчэ хочаш валадарыць над намі?
Але ж ты ня ўвёў нас у зямлю, якая ацякае малаком і мёдам, і ня даў нам на ўласнасьць палёў і вінаграднікаў! Хочаш вочы людзей засьляпіць? Ня пойдзем!»
На самай справе не ўвёў ты нас у зямлю, што ацякае малаком і мёдам, і не даў нам ва ўласнасць палёў і вінаграднікаў! Ці ты хочаш вочы гэтых людзей асляпіць? Не пойдзем!»
І надта разгневаўся Майсей, і сказаў ГОСПАДУ: «Не прыймай ахвяры іхняй! У ніводнага з іх я ня ўзяў нават асла, і нікога з іх я не пакрыўдзіў».
І Майсей разгневаўся надта і сказаў Госпаду: «Не прымай іх ахвяры. Ты ведаеш, што я ніколі не ўзяў бы нават асла ад іх і нікому з іх я не ўчыніў крыўды».
І сказаў Майсей Караху: «Заўтра ты і ўся грамада твая няхай стане перад абліччам ГОСПАДА, ты з імі, і Аарон асобна.
І сказаў Майсей Корэ: «Заўтра ты і ўвесь сход твой паасобку станьце перад Госпадам, ты і Аарон асобна.
І няхай возьме кожны кадзільніцу сваю і пакладзе ў іх кадзіла, і прынясе перад аблічча ГОСПАДА кожны кадзільніцу сваю, дзьвесьце пяцьдзясят кадзільніцаў; і ты, і Аарон кожны кадзільніцу сваю».
І вазьміце кожны сваю кадзільніцу і пакладзіце на іх кадзіла, прыносячы Госпаду дзвесце пяцьдзесят кадзільніц; ты і Аарон трымайце кожны сваю кадзільніцу».
І кожны ўзяў кадзільніцу сваю, уклаў у яе агонь, і насыпаў кадзіла, і сталі яны каля ўваходу ў Намёт Спатканьня, [сталі] таксама Майсей і Аарон.
І ўзяў кожны сваю кадзільніцу, паклаўшы ў іх агонь і духмянасці, і сталі пры ўваходзе ў палатку сустрэчы. Гэта ж зрабілі Майсей і Аарон.
І сабраў Карах супраць іх усю грамаду каля ўваходу ў Намёт Спатканьня. І зьявілася ўсёй грамадзе слава ГОСПАДА.
Корэ сабраў насупраць іх увесь сход ля ўваходу ў палатку сустрэчы, з’явілася перад усімі слава Госпада.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:
І Госпад сказаў Майсею і Аарону, гаворачы:
«Адлучыцеся ад грамады гэтай, Я іх зьнішчу ў момант».
«Адлучыцеся ад сходу гэтай грамады, каб Я іх знішчыў у момант».
І яны ўпалі на абліччы свае, і сказалі: «Божа, Божа, Які [даеш] дух усякаму целу, ці будзеш гневацца на ўсю грамаду, калі [толькі] адзін чалавек саграшыў?»
Яны тады ўпалі на твар і сказалі: «Божа, Божа, ад Якога залежыць жыццё ўсяго жывога, ці Сваім гневам хочаш усіх ахапіць, калі хто адзін зграшыў?»
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
І сказаў Госпад Майсею:
«Прамоў да грамады, кажучы: “Адыйдзіце ад жытлаў Караха, Датана і Абірама”».
«Загадай усяму народу, каб адышлі яны ад жылля Корэ, Датана і Абірама».
І ўстаў Майсей, і пайшоў да Датана і Абірама, і старшыні Ізраіля пайшлі за ім.
І ўстаў Майсей, і пайшоў да Датана і Абірама, а старэйшыны Ізраэля пайшлі за ім,
І прамовіў ён да грамады, кажучы: «Адыйдзіце ад намётаў гэтых бязбожных людзей! І не дакранайцеся нічога, што да іх [належыць], каб вы не пагінулі праз усе грахі іхнія!»
і сказаў ён натоўпу: «Адыдзіце ад жылля бязбожных людзей і не дакранайцеся ні да чаго, што ім належыць, каб не ўпасці ў іх грахі!»
І адыйшліся [ўсе] ад сялібаў Караха, Датана і Абірама. А Датан і Абірам выйшлі і сталі перад уваходам у намёты свае разам з жонкамі сваімі, сынамі і малымі дзецьмі.
І калі кругом адышліся яны ад жылля іх, Датан і Абірам, выйшаўшы, сталі перад уваходам у свае палаткі разам са сваімі жонкамі, сынамі і малымі дзецьмі.
І сказаў Майсей: «З гэтага даведаецеся, што ГОСПАД паслаў мяне, каб чыніў усе гэтыя справы і што гэта не з майго сэрца [выйшла].
І сказаў Майсей: «З гэтага пазнаеце, што Госпад паслаў мяне, каб я чыніў усё, што бачыце, і што гэта не ад свайго сэрца я прапанаваў вам:
Калі гэтыя людзі памруць, як усе людзі паміраюць, і калі лёс іхні будзе такі, які і ў кожнага чалавека, ГОСПАД не паслаў мяне.
калі яны памруць звычайнаю смерцю людзей і іх спасцігне кара, якая звычайна спасцігае астатніх, то Госпад не паслаў мяне.
А калі ГОСПАД створыць незвычайнае, і зямля разявіць пашчу сваю, і праглыне іх і ўсё, што да іх [належыць], і жывыя трапяць яны ў адхлань, ведайце, што яны зьневажалі ГОСПАДА».
А калі Госпад даканае штосьці незвычайнае, што зямля разявіць пашчу сваю і праглыне іх і ўсё, што ім належыць, і жывыя трапяць яны ў пекла, то ведайце, што яны ганьбілі Госпада».
І сталася, калі ён скончыў прамаўляць слова, расчынілася зямля пад нагамі іхнімі,
Такім чынам зараз жа, як перастаў гаварыць, расступілася зямля пад іх нагамі
і разявіла зямля пашчу сваю, і праглынула іх, і дамы іхнія, і ўсіх людзей, якія з Карахам, і ўсю маёмасьць іхнюю.
і, разявіўшы пашчу сваю, праглынула іх разам з іх сем’ямі, усіх людзей Корэ з усёй іх маёмасцю;
І так жывыя трапілі яны і ўсё, што ў іх, у адхлань, і зямля накрыла іх, і [так] былі яны вынішчаныя спаміж царквы.
і жывыя трапілі яны ў пекла, зямлёю накрытыя, і былі вынішчаны з грамады.
А ўсе Ізраільцяне, якія стаялі навокал, [пачуўшы]крык іхні, паўцякалі, кажучы: «Каб і нас зямля не праглынула».
Усе ж ізраэльцы, што стаялі навокал, паўцякалі, кажучы на лямант тых, хто гінуў: «Каб часам і нас зямля не праглынула».
І выйшаў агонь ад ГОСПАДА, і спаліў дзьвесьце пяцьдзясят чалавек, якія ахвяроўвалі кадзіла.
Затым агонь, выйшаўшы ад Госпада, спаліў дзвесце пяцьдзесят чалавек, якія неслі кадзіла.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
І гаварыў Госпад Майсею, кажучы:
«Скажы Элеазару, сыну Аарона сьвятара, каб сабраў з пажарышча кадзільніцы, а агонь з іх няхай выкіне далёка, бо яны асьвячоныя.
«Загадай Элеязэру, сыну Аарона святара, каб сабраў кадзільніцы, што ляжалі на папялішчы, і каб ён параскідаў агонь сям-там, бо яны асвяціліся
А з кадзільніцаў тых, якія саграшылі супраць душаў сваіх, няхай зробяць тонкія бляхі на пакрыцьцё ахвярніка, бо іх прынесьлі перад аблічча ГОСПАДА, і яны асьвячоныя, і будуць яны знакам для сыноў Ізраіля».
ў смерці грэшнікаў; хай з іх зробіць пласцінкі і прымацуе іх да ахвярніка, таму што іх прынеслі Госпаду, і яны асвяціліся, каб быць сынам Ізраэля перасцярогай».
І ўзяў Элеазар сьвятар кадзільніцы мядзяныя, якія прынесьлі тыя, што былі спалены, і перарабілі іх [на бляху] на пакрыцьцё ахвярніка,
Такім чынам, прынёс святар Элеязэр медныя кадзільніцы, з якімі прыйшлі тыя, каго спаліў пажар, і перарабіў іх на пласціны, што прымацоўваюцца да ахвярніка,
як напамін для сыноў Ізраіля, каб ніхто чужы, які не [належыць] да насеньня Аарона, не прыносіў кадзіла перад аблічча ГОСПАДА і ня сталася з ім тое, што з Карахам і супольнікамі ягонымі, як прамовіў да яго ГОСПАД праз Майсея.
каб потым ведалі сыны Ізраэля, каб памяталі, каб ніхто чужы, хто не належыць да нашчадкаў Аарона, не прыходзіў, каб несці кадзіла перад Госпадам, каб не сталася з ім тое, што з Корэ і супольнікамі яго, як казаў Госпад Майсею.
Назаўтра ўся грамада сыноў Ізраіля наракала на Майсея і Аарона, кажучы: «Вы забілі народ ГОСПАДАЎ».
А назаўтра ўся грамада сыноў Ізраэля наракала на Майсея і Аарона, кажучы: «Вы загубілі народ Госпадаў».
І сталася, калі сабралася грамада супраць Майсея і Аарона, яны накіраваліся да Намёту Спатканьня. І вось, воблака ахутала [Намёт], і зьявілася слава ГОСПАДА.
І калі сабралася супольнасць супраць Майсея і Аарона, яны накіраваліся да палаткі сустрэчы; у той час воблака ахутала палатку і з’явілася слава Госпада.
І прыйшлі Майсей і Аарон перад Намёт Спатканьня.
Майсей і Аарон прыйшлі да палаткі сустрэчы.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
І сказаў Госпад Майсею:
«Адыйдзіцеся ад грамады гэтай, і Я зьнішчу іх у момант». А яны ўпалі на абліччы свае.
«Адыдзіце ад гэтай грамады, бо вынішчу іх зараз жа». І яны ўпалі на твары свае.
І сказаў Майсей Аарону: «Вазьмі кадзільніцу і ўлажы ў яе агонь з ахвярніка, улажы кадзіла, і пабяжы хутка да грамады, і перамольвай за яе, бо ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА і пачалася пляга».
Сказаў Майсей Аарону: «Вазьмі кадзільніцу і, узяўшы агню з ахвярніка, ускладзі кадзіла зверху, паспяшаючы жвава да народа, каб ачысціць яго, бо ўзгарэўся ўжо гнеў Госпада і кара лютуе».
І зрабіў Аарон, як сказаў Майсей, і прыбег да царквы, і вось, ужо пачалася пляга сярод народу. І ён палажыў кадзіла, і перамольваў за народ.
Калі гэта зрабіў Аарон і прыбег да грамады, якую ўжо вынішчала кара, ён прынёс кадзіла і ачысціў народ;
І ён стаў паміж памёршымі і жывымі, і пляга спынілася.
ён стаў паміж мёртвымі і жывымі, і пляга спынілася.
А тых, што згінула ад плягі гэтай, было чатырнаццаць тысячаў семсот, апрача памёршых з прычыны Караха.
І памерла ад пагібелі, — чатырнаццаць тысяч семсот чалавек, апрача тых, хто загінуў у жыллі Корэ.
І вярнуўся Аарон да Майсея да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і спынілася пляга.
І вярнуўся Аарон да Майсея да ўваходу ў палатку сустрэчы, пасля чаго спынілася пляга.